Спакон веку хлебаробы, завяршыўшы асноўныя работы на зямлі, святкавалі дажынкі як вянец напружанай працы. Бо ад таго, які ўраджай сабраны з палёў, колькі збожжа паступіла ў сховішчы – напрамую залежала іх жыццё да новага жніва. – З гэтых слоў, у якіх утрымліваецца глыбокая пашана неаспрэчнай сутнасці хлебаробскага клопату, пачаў сваё выступленне на сцэне вілейскага Палаца культуры Сямён Шапіра, губернатар Міншчыны. – Хлеб для славян – гэта святыня, і невыпадкова на Русі яго ў якасці абярэга клалі ў калыску нованароджанага, бралі з сабой, выпраўляючыся ў дальнюю дарогу, а бацькі жаніха і нявесты сустракалі іх на парозе хлебам-соллю. Хлеб і сёння можна па праву лічыць сімвалічным абярэгам роднай Беларусі.
Кажучы пра добрае, можна не баяцца паўтарэнняў. У прэсе ўжо агучана, што вага хлебнага каравая Міншчыны – 2 мільёны 177 тысяч тон. Што сталічны рэгіён заняў другое месца ў краіне па ўраджайнасці збожжавых культур – 41,5 цэнтнера з гектара. Сёлета да традыцыйных раёнаў-стотысячнікаў па валавому намалоту далучыліся яшчэ тры. І сярод гэтых трох – наш Вілейскі. Наша прыбаўка да мінулагодняга ўзроўню – 17,4 тоны. Прыемна было прадстаўнікам Вілейшчыны на абласным фестывалі-кірмашу, якія знаходзіліся ў зале, пачуць менавіта гэтыя словы з вуснаў старшыні абласнога выканаўчага камітэта.
– Калі прафесіяналізм спецыялістаў, працоўных калектываў ідзе, як гаворыцца, у звязцы з высокай адказнасцю за даручаную справу і любоўю да сваёй працы,– вынік не прымусіць сябе чакаць, – губернатар такім чынам нібы вызначыў рэцэпт поспеху, які спрацаваў сёлета ў сельскагаспадарчай галіне Міншчыны і дазволіў светла, з размахам адзначыць спаконвечнае свята нашых дзядоў і прадзедаў.
Дзесяць сельскагаспадарчых арганізацый вобласці – у ліку лідараў па ўраджайнасці збожжавых не толькі ў сталічным рэгіёне, але і ў рэспубліцы. У выступленні Сямёна Шапіры гучалі агульнавядомыя назвы прадпрыемстваў, прадукцыя якіх стала брэндавай у краіне і замежжы. Найперш – гэта агракамбінат «Сноў» Нясвіжскага раёна з яго развітай перапрацоўчай галіной. Нават сярод разгорнутых на плошчы прэзентацыйных кампазіцый яго падвор’е выдзялялася разнастайнасцю прадстаўленых на выставе мясных вырабаў, дастаткова танным іх коштам. Апошняе зразумела: прадукцыя – са сваёй сыравіны, таму і адпаведны яе сабекошт , які непасрэдным чынам уплывае на фарміраванне спажывецкіх цэн.
Акцыянернае таварыства «Нарачанскія зоры» не аднойчы ўпаміналася на абласных дажынках. Нават святочнае мерапрыемства ў Палацы культуры пачалося са знамянальнай дзеі – уручэння святочнага каравая Міншчыны старшыні аблвыканкама. Гэта ганаровая місія выпала дырэктару «Нарачанскіх зораў» Генадзію Кучко і кіраўніку УП «Азярыцкі-Агра» Ніне Жалязновай. Місія, якую кожны хлебароб можа палічыць сваім зорным часам.
Сцэнарый урачыстасці быў пабудаваны такім чынам, што кожнаму, хто на ёй ушаноўваўся, вядучыя адрасоўвалі некалькі цёплых прывітальных слоў. Тых, што характарызуюць чалавека як працаўніка і як грамадзяніна, вызначаюць яго вартасці і аўтарытэт.
– Асабістым рэкордам ва ўборачнай кампаніі ён лічыць ураджайнасць збожжавых 73,9 цэнтнера з гектара пры бале ўрадлівасці 31,4, за дасягненні на жніўнай ніве неаднаразова з’яўляўся пераможцам рэспубліканскіх фестываляў-кірмашоў «Дажынкі». – Гэта пра Віктара Драчылоўскага, галоўнага агранома таварыства «Нарачанскія зоры». Заслужана Віктарам Уладзіміравічам гэта ўшанаванне на абласных дажынках.
Вядома на Міншчыне імя старшага камбайнера Мінскага раённага ўнітарнага прадпрыемства «Агракамбінат «Ждановічы» Віктара Стэльмаха. Яго сёлетні рэкорд намалоту – 7442 тоны: сем разоў – тысячнік.
Узнагароджанне вядзецца па некалькіх намінацыях. Яшчэ ў адной – за дасягненне высокіх паказчыкаў па нарыхтоўцы травяных кармоў – пераможцам прызнаны таксама нашы «Нарачанскія зоры». Таварыства стала лідарам у бягучым годзе, нарыхтаваўшы ў агульнай складанасці 10673 тоны кормаадзінак.
Урачыстасць у Палацы культуры завяршылася канцэртнай праграмай, падрыхтаванай самадзейнымі і прафесійнымі калектывамі Міншчыны. Настрой стваралі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, цыганскае шоу «Алюр», народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і іншыя выканаўцы. Паралельна на плошчы і прымыкаючых да яе вуліцах, у парку плыло-разлівалася свята. І кожны, хто прыйшоў проста паназіраць, станавіўся яго ўдзельнікам. Нехта паспытаў смак хмельнай медавухі, засоленага па асабліваму хатняму рэцэпту сала, пальцам піханай каўбасы. Хтосьці не пашкадаваў грошай на шматлікія атракцыёны. Адным словам, кожны знайшоў сабе фішку сярод гаманкіх падвор’яў і пацех абласнога кірмашу. Калі каму не выпала яго наведаць, той многае страціў. Бо, магчыма, такога шанцу больш наогул не прыйдзецца мець у жыцці. А статычны фотаздымак не перадасць і сотай долі таго ўзнёснага настрою, які вызначыў духоўны змест кірмашу.
Яго мастацкую частку на высокім узроўні забяспечылі вілейскі Палац культуры, раённы Дом рамёстваў, краязнаўчы музей.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА




















Шикарное событие для нашего города
Праздник удался! И погода не подкачала.