Хаценчыцкая агульнаадукацыйная школа размешчана ў самай што ні ёсць вясковай глыбінцы. І, безумоўна, нясе на сабе ўсе яе прыкметы. Невялікі вучнёўскі кантынгент: усяго 65 чалавек. Ды і тыя, у абсалютнай большасці – з акаляючых вёсак. Дастаўляюцца сюды двумя школьнымі аўтобусамі.
Тут не прысутнічае дух шыкоўнасці, уласцівы навучальным установам буйных мегаполісаў. Але ёсць своеасаблівы каларыт духоўнасці, які адлюстраваны ў сціплых насценных пано, з густам аформленых кабінетах, пазбаўленых, аднак, празмернасцей, дворыку, дзе ў акантоўку бярозавых крон удала ўпісаліся элементы садовага дызайну. Ніхто над ім асабліва не мудрагеліў. Сюжэты вясковага побыту сталі арганічнай часткай і школьных будняў. Бо і тое, і другое стварае той жыццёвы фон, на якім і праходзіць фарміраванне асобы школьніка. Сёння – школьніка… У будучым – паўнапраўнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Бо ў навучальнай установе, як зазначыў у сваім віншаванні кіраўнік дзяржавы, чалавек не проста атрымоўвае адукацыю, а расце як асоба, загартоўвае характар, набывае верных сяброў…
Урачыстую лінейку ў Хаценчыцкай школе наведаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Васільевіч Сініла. У спартыўнай зале, якая на час мерапрыемства пераўтварылася ў актавую, сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі. Іх прывітала дырэктар школы Таццяна Іванаўна Лаппо. Прывітала тымі традыцыйнымі словамі, якія штогод гучаць па-новаму, бо першае верасня – не проста дата. Гэта сімвал пачатку, у якога заўсёды ёсць працяг і які ніколі не мае фіналу. Ніякія рамкі не абмяжоўваюць працэс пазнання свету. І штораз аб ім чалавек нясе сваё індывідуальнае ўяўленне.
– Мы ўсе выйшлі са школы, – гэтыя словы кіраўніка раённай выканаўчай улады, звернутыя да прысутных, адразу настройваюць залу на еднасць. Сёння тут – прадстаўнікі розных пакаленняў. Але ў кожнага з іх быў свой першы клас, першая настаўніца, апошні школьны званок – хвалюючае рэха дзяцінства.
Пройдуць гады, мабыць, – дзесяцігоддзі. І новым сэнсам ўжо не для падлеткаў, а сталых, узбагачаных жыццёвым вопытам людзей, напоўняцца словы класных кіраўнікоў Святланы Усеваладаўны Шостак, Святланы Вячаславаўны Старадуб, Любові Іванаўны Краўчонак. Ды і яны, напэўна, ужо пабеленыя сівізной, успомняць, якія па-дзіцячаму наіўныя вершы прысвячалі ім іх выхаванцы на першавераснеўскай школьнай лінейцы.
Манітор вадкакрышталічны да камп’ютэра – гэта падарунак старшыні райвыканкама школе. А кветкі – усім, каго вельмі паважаюць, да каго шчыра цягнуцца дзіцячыя сэрцы.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара







