У рэспубліцы прайшоў ІІ (раённы) этап алімпіяды па вучэбных прадметах. Алімпіяда адбылася, і яе вынікі падведзены. Безумоўна, Вілейская гімназія №2 не магла застацца ў баку ад такой важнай для школ падзеі хаця б таму, што наш раённы этап алімпіяды праходзіў у сценах гімназіі.У гэтым інтэлектуальным спаборніцтве актыўна паўдзельнічала і я, Лазар Ангеліна, вучаніца 10 класа. Алімпіяда мяне вельмі ўразіла, таму вырашыла падзяліцца сваімі адчуваннямі і захапленнем з чытачамі нашай паважанай раённай газеты. Прашу прабачэння за тое, што не адразу пасля мерапрыемства гэта зрабіла. Трэба ж было мне адпачыць, усё ўзважыць, абмеркаваць з кампетэнтнымі ў гэтым пытанні людзьмі.
Далёка не ўсе, напэўна, разумеюць, што такое алімпіяда па вучэбных прадметах і наколькі яна важная для вучняў і педагагічнага калектыва школы. Алімпіяда – гэта вынік працяглай, шматэтапнай, упартай, але цікавай і захапляльнай працы па атрыманні трывалых ведаў, развіцці творчага крэатыўнага мыслення, памяці, інтэлекту. Вучань на ІІ этапе алімпіяды выступае не толькі за сябе. Яшчэ ён паказвае і майстэрства сваіх настаўнікаў, з якімі за час падрыхтоўкі зліўся душой, і адстойвае гонар сваёй школы на раённым узроўні, і радуе родных поспехамі. Як і ў спартыўных спаборніцтвах, так і ў інтэлектуальных важны дэвіз “Галоўнае не перамога, а ўдзел”. Але пасля шчырай працы хочацца перамог або хаця б разумення, што ты ўступіў у сумленнай барацьбе і калі прайграў ужо, то зрабіў гэта прыгожа.
У ІІ (раённым) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах Вілейская гімназія № 2, а прадэманстравала добры вынік. 33 прозвішчы вучняў нашай гімназіі былі ў заяўках на алімпіяду, з гэтых 33 – 3 прозвішчы гучалі двойчы (Філімонава Дар’я ўдзельнічала і перамагла, узяўшы дыпломы I ступені ў алімпіядах па хіміі і біялогіі, Клемянок Яўгеній падрыхтаваўся да англійскай мовы (дыплом ІІ ступені) і геаграфіі (дыплом ІІІ ступені), Клемянок Іван перамог на алімпіядзе па матэматыцы (дыплом ІІ ступені) і астраноміі (дыплом І ступені). У выніку гімназія № 2 мае 14 дыпломаў І ступені, 6 дыпломаў ІІ ступені, 8 дыпломаў ІІІ ступені. 28 дыпломаў – гэта, упэўнена, вынік! Удзельнікі і, безумоўна, пераможцы, як адзначыў дырэктар гімназіі Барысевіч Васілій Іванавіч, інтэлектуальная эліта раёна. Прыемна быць сярод яе.
Вельмі хутка пачнецца ІІІ (абласны) этап алімпіяды па вучэбных прадметах. Самыя здольныя з пералічаных вышэй працягнуць “барацьбу розумаў”. Яшчэ столькі няздзейсненага. Поспехаў, прыемных уражанняў і новых перамог усім.
Ангеліна ЛАЗАР, вучаніца 10 “А” класа
ДУА “Вілейская гімназія №2”








