Уражальным фіналам тыдня маці стала гэта сустрэча ў раённым выканаўчым камітэце. Яна ўжо традыцыйная, аднак штогод хвалюючая і яркая, пазначаная шчырасцю пачуццяў. Іх выказваюць кіраўнікі мясцовай улады жанчынам-маці, жанчынам-працаўніцам, што з гонарам нясуць па жыцці свой наканаваны прыродай і грамадствам абавязак.
– Хочаш жыць доўга – сей хлеб… Думаеш жыць вечна – выхоўвай дзяцей, – нагадала прысутным гэту неаспрэчную ісціну намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага Савета жанчын Святлана Дзяруга. Ахоўны покрыў Маці Божай стагоддзямі нябачным абярэгам лунае над зямлёй – і нездарма ў нашай краіне дзень ушанавання маці прыпадае на хрысціянскае свята Пакроў. Стагоддзі таму расхінула Багародзіца над светам покрыва сваёй любові,і мы бясконца верым у яе непераходзячую сілу.
Самаахвярнасць, мужнасць і вытрымка – гэтымі якасцямі ў поўнай меры валодаюць зямныя жанчыны, – канстатуе старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла. І дзень жанчыны-маці дзяржава ўстанавіла недарэмна. Ён – ацэнка ўсіх яе заслуг перад грамадствам, галоўная з якіх, аднак, – нараджэнне і выхаванне дзяцей. Сумяшчаючы мацярынскі і працоўны абавязак, жанчыны дэманструюць узоры грамадзянскай адказнасці, успрымаюць, як належнае, цяжар клопатаў, што ляжыць на іх такіх кволых і такіх моцных плячах.
У відэасюжэце – віншаванні мужчын. Па абавязку службы, начальнік райсельгасхарчу Ігар Шавялёў найперш звяртаецца да жанчын-маці, якія звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай. Там, у клопаце пра хлеб надзённы, – павышаная працоўная нагрузка. Там, лічыце, пярэдні край. Вядома, самыя хвалюючыя ў відэакадрах – дзіцячыя віншаванні. Наіўныя, шчырыя словы, вочы дзіцяці, што адлюстроўваюць усе перапетыі акаляючага свету… Маленькі чалавек не можа хаваць у сабе ні радасць, ні боль, Ён шчыры ў праяве гэтых пачуццяў. І нельга падмануць дзіцячай надзеі на людскую міласэрнасць. Вось чаму ў зале на сустрэчы прысутнічалі прыёмныя маці, тыя, што ахінулі цеплынёй і любоўю не імі народжаных дзяцей. Але існуе такое паняцце, як духоўная роднасць. На ёй грунтуюцца, як правіла, самыя моцныя чалавечыя ўзаемаадносіны.
За параўнальна кароткі час вядучыя сустрэчы змаглі прадставіць усіх прысутных на ёй жанчын. Іх вылучылі, як лепшых сваіх працаўніц, працоўныя калектывы і грамадскія аб’яднанні. Напярэдадні мацярынскага свята ордэнам Маці былі ўзнагароджаны ўдзельніцы мерапрыемства Людміла Фаменка, прадавец «Еўраопта», і Таццяна Батура, загадчыца малочна-таварнай фермы «Камена». Коштам якіх намаганняў ім удаецца найлепшым чынам сумяшчаць свае працоўныя і мацярынскія абавязкі – аб гэтым можна толькі здагадвацца.
Яркім момантам мерапрыемства стала сустрэча маці – Ларысы Карніловіч, з сынам Дзянісам, ваеннаслужачым тэрміновай службы. Было непадробленае хваляванне юнака і нават слёзы, якія ён, як сапраўдны мужчына, спрабаваў схаваць ад прысутных. Ларысе Дзмітрыеўне было ўручана падзячнае пісьмо камандзіра вайсковай часці, дзе служыць яе Дзяніс. Яго зачытаў райваенком Юрый Ганчыеўскі.
Гучалі песні ў выкананні артыстаў гарадскога Палаца культуры. У добразычлівай і шчырай атмасферы ўзаемнай павагі праходзіла свята.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара














