Чвэрць веку, што Аліна Язневіч пражыла ў Латвіі, пакінула на ёй свой адбітак – і знешнасць у яе засталася «гарадской», і пры размове адразу адчуваеш, што чалавек доўга жыў не на радзіме.
– Была і кватэра, і праца, – расказвае Аліна Яўгеньеўна. – А пасля, калі не стала Саюза, пачалася вядомая неразбярыха.
Тады многія з тых, хто быў прыезджым, адчулі сябе на чужбіне ніякавата: узніклі пэўныя праблемы з працай, жыллём, мовай. І людзі пачалі варочацца дамоў, на бацькаўшчыну, адкуль у свой час паехалі працаваць і жыць на чужбіну.
Вярнулася разам са сваімі блізкімі ў родныя Язні і Аліна Язневіч. Тут на вуліцы Зялёнай іх чакаў і гасцінна прыняў бацькоўскі дом. Прыехалі і адразу сталі сельскімі жыхарамі. Вядома ж, напачатку было нязвыкла, нялёгка. Але ж, галоўнае, – спакойна, бо побач – з дзяцінства знаёмыя і амаль родныя людзі. Паступова Язневічы абжываліся, знаходзілі сабе справу па душы. Аксана, дачка Аліны Яўгеньеўны, з вялікім жаданнем пачала рабіць сваю любімую справу – вучыць дзетак танцаваць. Зараз у Аксаны Вальдэмараўны ўжо вельмі многа вучняў, якія яе любяць, памятаюць і рады хутчэйшай сустрэчы з педагогам. Калі гэта адбудзецца, пакуль невядома, бо цяпер у маладой жанчыны вельмі важны і прыемны клопат, якому яна аддае сябе поўнасцю, – выхаванне маленькай дачушкі Марыіты. Вось падрасце яна, тады можна будзе падумаць і аб працы.
Сонечным летнім днём, калі я наведалася да Язневічаў, Аліну Яўгеньеўну застала за прыемным заняткам – у агародчыку пры доме яна палола кветкі.
– Мы іх вельмі любім, – падзялілася, паказваючы на рознакаляровую прыгажосць. – І цюльпаны, і півоні, і ружы. А як жа інакш, прыгажосць – гэта вельмі важна для чалавека, гэта дае станоўчыя эмоцыі, стварае настрой. Нездарма ж сказана, што яна, прыгажосць, выратуе свет…
Такое вось яно, маленькае шчасце сям’і Язневічаў– на бацькоўскай зямлі, сярод блізкіх людзей і прыгажосці.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара
На бацькоўскай зямлі, сярод прыгажосці
Visited 11 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ









