Пра ўсё гэта думала, ходзячы па ваколіцах Куранецкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, у якім размерана працякае жыццё старэнькіх і нямоглых людзей. Так склалася, што ў старасці яны засталіся адны, без дапамогі блізкіх людзей. Адным Бог не даў дзетак, якія б дагледзелі старасць бацькоў; другія, так ужо атрымалася, сталі непатрэбнымі сваім блізкім; дзеці трэціх жывуць далёка і па аб’ектыўных прычынах не могуць забраць сваіх бацькоў. Так ці інакш, а нямоглыя людзі не засталіся адзін на адзін з адзінотай і хваробай – пра іх паклапацілася дзяржава. Вось і ў нашым раёне дваццаць гадоў таму быў створаны пансіянат медыка-сацыяльная дапамогі ў Куранцы, дзе знайшлі прытулак нямоглыя людзі.
Сённяшні кіраўнік дома-інтэрната Анатоль Бура працуе ва ўстанове роўна год. Тэрмін, канешне, невялікі, аднак і за гэты час Анатоль Уладзіміравіч паспеў зрабіць многае. Праводзячы па тэрыторыі дома-інтэрната, дагледжанай і прыгожай ад кветак, вясёлых самаробных фігурак і клумбачак, ён расказваў пра сваю гаспадарку:
– Вось тут у нас пасаджана цыбуля, – паказваў спачатку на ладны кавалачак зямлі побач з будынкам інтэрната, а затым падвёў і да вялікага ўчастка апрацаванай зямлі. – А тут – буракі, морква, пшаніца… Хацелася і бульбачку сваю пасадзіць, ды не атрымалася з насеннем. Калі ўрадзіць пшаніца, дык купім і курачак, каб і яйкі свае былі. Так што будзе харчаванне нашых старэнькіх разнастайным і карысным.
Побач з гаспадарчымі пабудовамі – нядаўна прывезеныя дровы. Як і ўсё дбайныя гаспадары, пра зіму тут думаюць вясной і летам. Яшчэ столькі ж прывезці, зазначыў Анатоль Уладзіміравіч, і можна смела сустракаць халады – ацяпленне будзе належным.
Якраз у дзень стварэння ўстановы – 24 мая – у доме-інтэрнаце сустракалі гасцей. Няхай і нешматлікіх (не ў колькасці справа, а ў пачуццях), але дарагіх. Ва ўтульнай сталовай сабраліся ўсе насельнікі інтэрната (а іх на цяперашні час тут пражывае 27), хто можа хадзіць, абслугоўваючы іх персанал. Іх павіншаваць з юбілеем прыехалі святары – Благачынны вілейскіх прыходаў айцец Сімяон Мацюх і настаяцель Куранецкага храма айцец Аляксандр Завадскі. Яны адслужылі кароткі велікодны малебен. І разнеслася па зале, адгукаючыся ў кожным сэрцы, хвалюючае: «Христос воскресе из мертвых, смертию смерть поправ…». Як да месца былі гэтыя словы на сустрэчы! Пасля малебена святары цёпла павіншавалі прысутных з юбілеем, звярнуўшыся з такімі даходлівымі, пераканаўчымі і шчырымі словамі, як могуць толькі яны, людзі, што даюць нам веру. А яшчэ дому-інтэрнату былі перададзены падарункі – ікона Мікалая Цудатворца і рэлігійная літаратура.
З падарункамі і ласункамі для святочнага стала прыехалі на сустрэчу дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Сляпцова і загадчыца аддзялення надомнага абслугоўвання Данута Раманоўская. Павіншаваўшы прысутных і ад імя выканаўчай улады, і ад райкама прафсаюзаў, і ад сябе асабіста, Людміла Сляпцова пажадала ім радавацца кожнаму новаму дню, не губляць аптымізму і быць здаровымі.
Цёпла і арыгінальна – уласнымі вершамі – павіншаваў прысутных Сямён Шуберцій, які доўгія гады працаваў ва ўстанове. Ён адзначыў, што дом-інтэрнат зараз зусім не той, якім быў раней, ён вельмі змяніўся да лепшага. Анатоль Бура шчыра падзякаваў усім за цёплыя словы і ад свайго калектыву ўручыў падарункі Сямёну Шуберцію і Чаславу Саўчыцу, які жыве ў інтэрнаце з дня яго ўтварэння.
І яшчэ пра адны падарункі нельга не сказаць – пра музычныя. Іх падрыхтавалі для прысутных куранецкія культработнікі. Як хораша спявалі і танцавалі гэтыя мілыя жанчыны ў нацыянальных касцюмах! Я бачыла, як святлелі твары людзей, як па-маладому блішчалі іх вочы і распраўляліся плечы.
Свята ў доме-інтэрнаце прайшло, як праходзіць усё ў нашым жыцці. Аднак, я ўпэўнена, у сэрцах людзей, якія тут жывуць, засталіся прыемныя ўспаміны і ўсведамленне таго, што пра іх клапоцяцца, іх памятаюць. А гэта так патрэбна кожнаму з нас.
Галоўнае, каб, як у той песні: «Ні вайны, ні бяды не было каб ніколі, толькі веры, малю, дай нам веры паболей…»
Ірына БУДЗЬКО
Фота аўтара
24 мая у Куранецкім доме-інтэрнаце сустракалі гасцей
Visited 5 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ









