Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В «Логосе» прошли зимние игры

Я ўпэўнена, што зiма – гэта вельмi вясёлая i цудоўная пара. Як хораша зiмой, асаблiва калi iдзе снег! Здаецца, усё неба быццам ззяе. А яшчэ зiма – гэта любiмая пара для нас, дзяцей. Мы можам катацца на санках, каньках, лыжах, а таксама будаваць са снегу крэпасцi i закiдваць адзiн аднаго сняжкамi.
Не так даўно ў гiмназii «Логас» адбылося вельмi цiкавае мерапрыемства – «Зiмовыя забавы». Нашы настаўнiкi па фiзкультуры прыдумалi чатыры незвычайныя спартыўныя гарадкi i прапанавалi нам прайсцiся па iх. Першым быў санны. Дзяўчынкам там вельмi спадабалася, бо яны адчувалi сябе сапраўднымi прынцэсамi, а вось хлопчыкам прыйшлося туга, таму што яны павiнны былi цягнуць санкi як мага хутчэй, каб атрымаць медаль. Другiм быў лыжны гарадок, i нам прыйшлося вельмi пастарацца, каб выйсцi ў фiнал. У гэтым горадзе мы ездзiлi на адной лыжы па аднаму, затым у пары, потым хлопцы нас цягнулi, а мы трымалiся за вяроўку. Чаравака Маша нiколькi не ўступала хлопцам, а часам была нават хутчэйшай за іх.
Гульнёвы гарадок быў, напэўна, самым вясёлым з усiх гарадкоў. Мы цягнулi адзiн аднаго на лапатах. Было вельмi цяжка ўтрымацца на незвычайных “санках”, i часта мы валялiся ў снег, смеючыся і спяшаючыся зноў заняць сваё месца. Потым скакалi на вялiкiх мячах. Скакаць па снезе зусiм не тое, што ў зале. Вельмi слiзка, нават часам балюча, асаблiва калi прызямляешся не туды, куды хочацца. Але мы не здавалiся i скакалi далей.
Але асабліва нас уразіў стралковы гарадок. Мы стралялi першы раз у жыцці з сапраўднай вiнтоўкi. Толькi дзве дзяўчынкi трапілі ў цэль, хлопчыкi былi больш меткiмi, i яны атрымлi медалi. Толя Козел выбiў 10 ачкоў з 15 i заняў першае месца. Але самымi меткiмi былi нашы класныя кiраўнiкi на чале з намеснікам дырэктара Нехвядовіч Л.А., яна з пяці спроб трапіла ў цэль усе пяць разоў.
Мы правялi гэты час вельмi цiкава i весела. Колькi смеху, радасцi i задавальнення ў адзiн дзень! Сапраўды, зiма – гэта цуд, якi дае нам не толькi магчымасць атрымаць безлiч забаў, але і набыць новых сяброў, паправiць здароўе.
Святлана КIРЫЙ, вучанiца 5 “Б” класа
гiмназii №1 «Логас»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries