Школа-школа, я сумую… – радок з папулярнай песні неяк сам сабой прыйшоў на памяць, узгадаўшы пачуцці тых, хто спяшаўся сёння зноўку пераступіць гэты парог. Сум па школе – непераходзячы і вечны. Так мы горнемся сэрцамі да родных мясцін, да бацькоўскага дома і тых апошніх прытулкаў вечнасці, дзе толькі вецер уладарыць над памяццю… Ніці мінулага і сучаснага цесна сплецены ў людской свядомасці. Як сведчанне гэтаму – традыцыйная лютаўская сустрэча школьных сяброў. У Вязынскай школе сёлета яна была датасавана да яе 150-годдзя. Менавіта столькі часу школа акумулявала вакол сябе духоўны патэнцыял рэгіёна. Яна яго стварала, падтрымлівала і сёння ўтрымлівае, ствараючы перспектыву будучага Вязыншчыны. Рэгіён слынны, багаты гістарычным вопытам, маляўнічымі краявідамі, што вабяць і працягваюць сюды насельнікаў акаляючых мегаполісаў.
Школа паўтара стагоддзя назад мела зусім іншае аблічча. Яно відазмянялася ў адпаведнасці з часам. Тая рэтраспектыва, якую прапанавалі ўвазе прысутных арганізатары юбілейнага вечара, нейкім чынам стварыла эфект вяртання. Таго віртуальнага, які перажываецца кожным прысутным на генным узроўні, паколькі жывой памяці не суджана прасачыцца скрозь глыбіні стагоддзяў. Аднак галоўныя яе вехі беражэ гісторыя школы.
З архіўных дакументаў вядома, што у 1864 г. было адчынена Вязынскае народнае вучылішча. Яно размяшчалася ў грамадскім доме бясплатна. На яго ўтрыманне з дзяржаўнай казны ішло 200 рублёў у год. У 1890 г. у ім навучалася 60 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак, у 1905 г. – 91 хлопчык. З пачатку XX ст. Вязынскае народнае вучылішча называлася пятае земскае вучылішча Вязынскай воласці.
Пры гэтым працягвалі існаваць царкоўна-прыходскія школы, якія ўступілі ў новую фазу развіцця. У 1901 г. такая школа адчынілася ў Вязыні. Навучалі ў ёй пяці прадметам: закону Божаму, рускаму і славянскаму чытанню, пісьму, чатыром арыфметычным дзеянням і царкоўным спевам.
Па дадзеных 1896 г., у мястэчку Вязынь знаходзяцца 2 яўрэйскія рэлігійныя школы (хедары), народнае вучылішча. Такім чынам, у пачатку ХХ ст. у мястэчку існавалі 4 сярэднія навучальныя ўстановы, шырока распаўсюджана было хатняе навучанне.
І да вайны, і пасля школа размяшчалася ў розных памяшканнях. Каля двухсот настаўнікаў у розныя часы сеялі зярняты вечных пазнанняў у сэрцах сваіх выхаванцаў.
Пасля вызвалення роднай зямлі, першае, на чым зрабіла акцэнт тагачасная ўлада, – адукацыя. І арганізавалі яе былыя франтавікі, трымаючы ў адной руцэ ўказку, у другой – аўтамат.
– Я быў усяго тры месяцы дырэктарам, – жартуе Іван Карповіч, удзельнік партызанскага руху на Вязыншчыне ў гады Вялікай Айчыннай. – А без зброі ў тыя часы было нельга. У лясах тулялася многа недабітых фрыцаў. Маглі і ў школу неспадзяваны візіт нанесці. – На святочным гарнітуры Івана Іосіфавіча – баявыя ўзнагароды. І неяк не верыцца, што ветэрану ўжо за дзевяноста. Такая ясная памяць, такая шчырая еднасць з жыццём, за якое ён некалі змагаўся.
У розныя пасляваенныя часы школьным калектывам кіравалі Аляксандр Сыцько, Станіслаў Кішкурна, Тамара Гурэвіч, Мікалай Кароткі, Іван Чарніцкі, Браніслава Паслед, Раіса Філістовіч, Вольга Суднік, Раіна Крывашэй. З 2005 года дырэктарам працуе Людміла Рэўкоўская. Сцэнарый святкавання пабудаваны такім чынам, што знітоўваючым яго пачаткам, мосцікам, перакінутым з мінулага ў сучаснае, з’яўляецца памяць. Свечкі ў руках сённяшніх вучняў іграюць дрыготкім полымем, каб недзе там, у вечнасці, скалыхнуліся ў самым светлым успаміне душы настаўнікаў, якія і ў непадуладнай нашаму паняццю прасторы дбаюць аб лёсе сваіх вучняў. Вечар аб’яднаў пакаленні, прымусіў задумацца аб агульначалавечых каштоўнасцях, якія часам ігнаруе сучасны свет. Гэты роздум прагучаў у выступленнях дырэктара Людмілы Рэўкоўскай, старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталіі Радзевіч, у прывітальных словах начальніка аддзела адукацыі, спорта і турызму райвыканкама Аляксандра Пуцэйкі, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святланы Валынец, у выступленні валанцёрскай групы аграгарадка Вязынь, якой кіруе былы дырэктар школы Раіса Філістовіч. Група вядома ў ваколіцах Вязыні і на Вілейшчыне сваёй дабрачыннай дзейнасцю, грамадскай актыўнасцю. А цяпер, пасля нядаўняй перадачы на канале «СТВ» беларускага тэлебачання, яе вядомасць ужо выйшла за межы рэгіёна.
На сцэне – цяперашні настаўніцкі калектыў школы. Амаль палавіну яго склалі тыя, хто вярнуўся на малую радзіму, закончыўшы педагагічныя навучальныя ўстановы. Кожнае выступленне, кожны ўспамін – як сціплая палявая кветка ў вянок памяці. Ён спакваля пляцецца на вечары, каб заняць сваё пачэснае месца на пастаменце па ўвекавечанні слыннай гісторыі школы.
Запісаць успаміны ўсіх настаўнікаў-ветэранаў – трэба прысвяціць ім цэлы газетны выпуск. Той з іх, хто сёння змог, выкарыстаў магчымасць вяртання ў маладосць, сустрэчы са сваімі выхаванцамі, тых духоўных стасункаў, якіх штодня прагнуць сэрцы старых настаўнікаў. Пайшоўшы на адпачынак, яны не губляюць адчування школы, яны штодня ў думках вяртаюцца да тых пачаткаў, што сталі вызначальнымі ў іх чалавечых лёсах.
Разам са школай ушаноўваюцца яе юбілейныя выпускі. На сцэну з кветкамі і добрымі пажаданнямі выходзяць людзі розных узростаў. І на колькі хвілін віртуальная машына часу ўключае свой няспынны рухавік, выносячы на берагі незабыўнага юнацтва, паміж якімі – плынная рака жыцця.
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара