Раённая арганізацыя дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў існуе з 1994 года. А ў 1997 годзе мы атрымалі статус юрыдычнай асобы. Выраслі дзеці, і арганізацыя сама стала больш самастойнай, больш «дарослай». І вось мы на парозе свайго 15-годдзя. За гэтыя гады было многае. Была радасць за сем’і, дзе дзецям станавілася лепш са здароўем, і смутак, дапамога тым, да каго прыйшла бяда… Нашы дзеці многа што пабачылі, многа дзе пабывалі. Кожны год ездзім у Мінск на розныя мерапрыемствы, экскурсіі, у цырк. Традыцыйна ўдзельнічаем у турыстычных злётах, розных ранішніках.
Былі ўдзельнікамі, і неаднойчы, спартыўных мерапрыемстваў і ў Смаргоні, нас запрашала дабрачынная арганізацыя дзяцей і маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дзеці таксама адпачывалі ў лагеры арганізацыі «Карытас». Нас запрашаюць на розныя мерапрыемствы і ў наш Палац культуры. Мы сябе адчуваем роўнымі сярод роўных, і не бяда, што хтосьці сядзіць у калясцы, а каму патрэбна рука дапамогі.
На працягу ўсяго існавання арганізацыі побач з намі былі добрыя, чулыя людзі. А гэта старшыня раённага аддзялення Дзіцячага фонду Гіро М.М., які першы прыйшоў нам на дапамогу. Як і ўсе гады, ён сёлета ізноў запрасіў нас да сябе,у школу,дзе разам са сваімі калегамі і вучнямі зрабілі нам цудоўны дзень нараджэння. У школьных калідорах чуўся гоман нашых дзетак. Хтосьці спяшаўся на майстар-клас, хтосьці ўбачыў сябра і захацеў пагутарыць…
А затым у зале школы сабраліся дзеці, мамы, дзядулі і бабулі. Загучала музыка, і ва ўсіх быў сапраўды святочны настрой. Тут былі гульні і песні, вершы вучняў школы і нашых маладых людзей і, канечне, торт.
На святочным стале былі пачастункі ад раённага аддзялення Дзіцячага фонду (старшыня Гіро М.М.) і ад Федатоўскай А.А., мамы, у якой таксама ў сям’і падрастае дачушка з абмежаванымі магчымасцямі. А падарункі для сямей былі сабраны з дапамогай чулых людзей, а гэта – арганізацыі «Девасм», «КВЭРК», «Валіран», «Делюкс», «Інтэр’ербудмаркет», прадпрымальнік І.А. Бохан.
А салодкі набор атрымаў кожны ад нашага земляка, які пражывае за мяжой і змог перадаць грошы на гэтыя падарункі, а яшчэ адна сям’я атрымала ад яго грашовую дапамогу.
З 15-гадовым юбілеем прыйшлі павіншаваць і перадалі нам падарункі супрацоўнікі райвыканкама, ДУ «ВТЦСАН», аддзела па рабоце з моладдзю і БРСМ, раённае аддзяленне Чырвонага Крыжа, Маладзечанская і Смаргонская пярвічныя арганізацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў. Акрамя падарункаў, яны яшчэ падарылі і музычныя нумары. І ніколі не забудуцца душэўныя словы цудоўнай вядучай Крышкоўскай І.В.!
Хочацца ад усёй душы выказаць шчырую ўдзячнасць усім тым, хто быў побач з намі на працягу нашага існавання, хто дапамагаў нам – за добрыя, чулыя сэрцы, за спагаду да нашых дзяцей. Шчасця, дабрабыту, з надыходзячымі вас святамі!
Людміла СВЯТОХА, старшыня раённай арганізацыі дзяцей-інвалідаў
і маладых інвалідаў.











