Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З 27 кастрычніка па 3 лістапада вілейскі музей запрашае пазнаёміцца з… каляндаром

З 27 кастрычніка па 3 лістапада ў рамках праекта “Тыдзень калекцыянера” Вілейскі краязнаўчы музей запрашае пазнаёміцца з адным з самых старажытных вынаходніцтваў чалавецтва – каляндаром. Сёння цяжка ўявіць сабе жыццё без гэтай дзіўнай рэчы. Дзякуючы календару мы можам планаваць нашы справы, святы, сустрэчы, водпуск і пры гэтым дакладна вызначыцца з датай. А калі ж узнік гэты прадмет?
Гісторыя календара пачынаецца разам з гісторыяй самых старажытных цывілізацый. Месцам, дзе з’явіўся першы каляндар, лічыцца старажытны Егіпет. Тут ён быў неабходны для жыццядзейнасці ўсёй краіны, якая залежала ад разліва Ніла. Гэта з’ява адбывалася прыкладна ў адзін і той жа прамежак часу. І старажытны Кітай, і старажытная Індыя ўжо ведалі пра каляндар. Дык што ж ужо гаварыць, нават Інкі і Ацтэкі мелі сваю сістэму летавылічэння. А знакаміты каляндар племені Майя ўвогуле ў апошні час стаў вельмі папулярны дзякуючы сваёй тэорыі аб хуткім канцы свету…
З-за таго, што старажытныя цывілізацыі развіваліся практычна адначасова ў розных кутках планеты, нажаль немагчыма зрабіць высновы, калі і дзе з’явіліся першыя календары.
Само слова каляндар паходзіць ад лацінскага calendae (календы) – у Старажытным Рыме так называлі першыя дні кожнага месяца. У сваю чаргу гэты назоўнік паходзіць ад архаічнага дзеяслова caleo – “абвяшчаць”, “склікаць”. Гэта звязана з тым, што ў Рыме пачатак месяца заўжды святочна абвяшчаўся жрацамі. Затым узнікла слова calendarium – так звалі пазыковую кнігу, у якую крэдыторы запісвалі працэнты, якія ўносілі па пазыках у першы дзень кожнага месяца. А крыху пазней, ужо ў Сярэднявеччы, слова “каляндар” набыло сваё сучаснае значэнне.
Першы па датыроўцы каменны каляндар знойдзены ля падножжа гары Сераус пад Алуштай. Так званы “Крымскі Стоунхэндж” – уяўляе сабой каменны круг правільнай формы дыяметрам 7 метраў, які складаўся з 24 крупных валуноў крымскага мінерала дыярыта. У яго цэнтры размешчана прамавугольная пабудова (сонечны гадзіннік), вуглы якой арыентаваны строга па прамежкавых баках свету. Кожны год 21 сакавіка і 23 верасня, калі сонца усходзіць і заходзіць у адных і тых жа кропках, стрыжань на сонечных часах паказвае адлік пор года.
У ХІ стагоддзі на Русі з’явіліся першыя рукапісныя календары. Іх было не так многа і па сутнасці яны яшчэ былі не такія сучасныя, але, тым не менш, гэта дастаткова важны перыяд у гісторыі каляндара. Менавіта ў гэты перыяд каляндар становіцца па-сутнасці графічным творам. Першым з рукапісных каляндароў лічыцца “Астрамірава Евангелле” 1056 года.
Друкаваныя календары з’явіліся практычна адначасова з самім кнігадрукаваннем. У 1448 годзе Іаган Гутэнберг выдаў першы ў свеце друкаваны “Астранамічны каляндар”. Затым у 1522 годзе з’яўляецца друкаванае выданне каляндарнага тыпу – “Малая падарожная кніга” беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Яно было надрукавана ў Вільні кірыліцай на стараславянскай мове. Узнікненне ў Расіі традыцыі сістэматычнага друкавання каляндароў звязана з паплечнікам Пятра І Якавам Брусам. Складзенае ім выданне выйшла ў свет у 1709 годзе і ўтрымлівала, акрамя іншага, астранамічныя прадказчыкі самага рознага характару, пазначаны былі дні, калі лепей “мыцца ў лазні, галіцца, каб не скора вырасла, рыбу лавіць, дзяцей у вучылішча аддаваць, каб былі вучоныя).
На выстаўцы будуць прадстаўлены вялікія і кішэнныя календары з прыватнай калекцыі Стрэж Алены і фондаў вілейскага краязнаўчага музея.
Надзея АЎДЗЕЙ, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 169 queries