Маёнтак Стайкі, ці больш правільна казаць Двор Стайкі, альбо сядзібна-паркавы комплекс «Двор Стайкі», параўнальна вялікая сядзіба Бахдановічаў, што займала прыўзнятую жывапісную тэрыторыю сярод поля на значным аддаленні ад аднайменнай вёскі. Маёнтак вядомы з першай паловы 18 стагоддзя, нейдзе пасля 1730 года. Сам двор будаваўся Тадэвушам Бахдановічам (унукам першага ўладальніка Севярына Багдановіча-Дварэцкага) прыблізна ў другой палове 18 стагоддзя. Апошнія пераўтварэнні ў сядзібе звязаны з Янам Бахдановічам (1870 –1 909) і ягоным сынам ротмістрам Міхаілам (1902 – 1946).
Рэгулярны парк маёнтка Стайкі другой паловы 18 стагоддзя не захаваўся, а да нашых дзён дайшоў пейзажны парк. Першапачатковы рэгулярны парк (мяркуючы па старых пасадках ліп) размяшчаўся за сядзібным домам, меў сіметрычна-асявую будову і выцягнутую вось. Пэўна, з будоўляй дома, які адлюстроўваў новую эпоху ў паркабудове, і пачалося пераафармленне парка ў новы пейзажны. Можна меркаваць, што ў той час да старога барочнага дома быў прыбудаваны класічны порцік. Гэткая рэканструкцыя назіралася ў сядзібах Беларусі таго перыяду. Усе пейзажныя кампазіцыі маёнтка Стайкі ствараліся ў межах старога парка і былі абмежаваны лінейнымі ліпавымі пасадкамі яшчэ таго часу. Перыяд эклектыкі ў архітэктурным абліччы сядзібы пакінуў свае наслаенні пры апошніх уладальніках. Менавіта пры іх сядзіба ў выніку і атрымала свой канчатковы выгляд са сфарміраваным паркам і гаспадарчым дваром.
Да сядзібы вялі дзве пад’язныя прысады. Адна з іх цэнтральная (у асноўным кляновая), пракладзена з боку вёскі Мацькаўцы (часткова захавалася). Уезд быў фіксаваны брамай (два цагляных пілоны) з драўлянымі варотамі. Злёгку выгінаючыся, дарога перасякала пладовы сад з пасадкай клёна, ліпы і ў вялікай колькасці глогу і сыходзіла на парадны двор. Другі ўезд быў аформлены пасадкай рабіны звычайнай і ішоў з усходняга боку. Ён быў больш насычаны акцэнтамі. Асноўным акцэнтам паўночнай перспектывы быў касцёл у Альковічах (будаваўся ў самым пачатку 20 стагоддзя). Па тэрыторыі сядзібы ўздоўж уезда былі размешчаны будынкі бровара (спіртзавода), што будаваўся адначасова з касцёлам у Альковічах, спіртапрыёмніка (не захаваўся) і сістэма сажалак.
Сядзібны дом стаяў на даволі высокім цокалі, быў аднапавярховым драўляным, у пазнейшы час быў атынкаваны і пабелены. Будынак меў чатырохкалонны тасканскі порцік і тэрасы з адваротнага боку дома. Пазней дабудовай правага крыла ў кампазіцыю будынка дома быў унесены элемент асіметрыі, што было характэрна для часу позняга класіцызму (пачынаючы з 40-х гадоў 19 стагоддзя). У інтэр’еры сядзібнага дома было шмат фамільных каштоўнасцяў, якія пераходзілі ад пакалення ў пакаленне: слуцкія паясы (адзін з іх быў ахвяраваны Альковіцкаму касцёлу і перашыты ў арнат), старажытныя абразы, срэбныя падсвечнікі 18-19 стагоддзяў, партрэты прадстаўнікоў роду, пачынаючы ад Севярына Бахдановіча, старадаўняе сталовае срэбра, фаянсавы посуд, барочная мэбля і многае іншае. Пазней дабудова правага крыла ўнесла ў кампазіцыю сядзібнага дома ў Стайках элемент асіметрыі. Радавы маёнтак Бахдановічаў быў заўжды поўны гасцей, тут збіраліся прадстаўнікі роду з Мацькаўцаў, Зацемені, суседніх маёнткаў, часта арганізоўваліся тэнісныя турніры, паказальные конныя выступленні, мужчыны збіраліся за гральным сталом. Жыццё ў маёнтку кіпела.
Цікавы факт пра маёнтак Стайкі распавёў Анжэй Бахдановіч, апошні прадстаўнік роду з маёнтка Зацемень. Перад сядзібным домам у Стайках на пастаменце-калоне стаяў бюст Адама Міцкевіча. Гэта была адна з паркавых скульптур, якія ўпрыгожвалі старажытны парк. У пачатку 20 стагоддзя мясцовая ўлада прыехала ў маёнтак, каб разабрацца, чаму тут стаіць бюст Міцкевіча, які трэба было абавязкова прыбраць. Уладальнік маёнтка Міхал Бахдановіч на ўсе прэтэнзіі вайскоўцаў адказаў: «З чаго вы вырашылі, што я буду прыбіраць гэты бюст. Калі вы лічыце, што гэта бюст Міцкевіча, то гэта ваша права. На самой рэчы гэта Сувораў…», – усміхнуўся Міхал і пайшоў… Вось так анекдатычна вырашылася гэта пытанне, і бюст Адама Міцкевіча застаўся перад сядзібным домам у Стайках.
Стаецкі бровар пасля рэстаўрацыі. Фота з www.facebook.com/Усадьба-Богдановичей-Двор-Стайки
На пачатак 20 стагоддзя сядзіба Стайкі канчаткова сфарміравалася – яна ўключала сядзібны дом, парк, водную сістэму, дзве ўязныя брамы, альтанкі, вінакурны завод (бровар), стайню выязных коней, лядоўню, аборы і іншыя гаспадарчыя будынкі. Побач за сядзібным домам размяшчалася тэнісная пляцоўка (70х70 м), стаялі лаўкі (у савецкі час на гэтым месцы была пабудавана воданапорная вежа). Яшчэ ў другой палове 19 стагоддзя каля сядзібнага дома была пабудавана і афіцына.
Парадны двор з газонам займалі найбольш прыўзнятую частку сядзібы. Газон з кальцавой дарогай атачалі шматлікія клёны і ліпы. Многія з іх растуць і цяпер. На жаль, засохлі дрэвы лістоўніцы ў шчыльнай групе, якія служылі левай заслонай сядзібнага дома. Страчаны традыцыйнае кола, кальцавая дарога, на якіх гасцей здзіўляла цыркавое выступленне прыгожай белай кабылы.
Вялікі партэр размяшчаўся за домам, ён быў фіксаваны з двух бакоў групамі мясцовых відаў дрэў (клён, ліпа і ясень). Па кутах партэра растуць да сённяшняга часу ўнікальны экзэмпляр піхты сібірскай вышынёй да 25 м з трыма стваламі (у мінулым тры дрэвы, пасаджаныя разам і зросшыся да вышыні 1,4 м ў выглядзе адзінага ствала) і дрэва сасны веймутавай вышынёй каля 30 м. Да партэра прымыкала пейзажная частка сядзібы ў выглядзе невялікага прамакутніка, абсаджанага па краі ліпай праз кожныя паўметра. З боку сада ўздоўж парка праходзіла аднарадная ліпавая пасадка. Зараз дрэвы ва ўзросце далёка за 100 гадоў прынялі выгляд велічных калон. Яны злёгку нахілены або амаль судатыкаюцца, многія зрасліся ля аснавання. І па цяперашні час рад ліп з шырокай (да 20 м) паласой даўгога газона працягваюць заставацца найбольш прыгляднай часткай парка, што служыла месцам шпацыраў. Тут жа ў наваколлі былі два кішэняпадобныя выступы, якія служылі альтанкамі.
Месцам больш працяглых шпацыраў з’яўлялася яловая, даволі вузкая алея, якая па шырыні была каля 4 метраў, а дрэвы размяшчаліся адно каля аднаго праз кожны метр. Падстрыжаныя дрэвы ўтваралі зялёны калідор вышынёй да трох метраў, што вёў ад уязной алеі праз сад да вялікай сажалкі. Там сцяжынка была абсаджана таполямі канадскімі (захавалася некалькі дрэў) і завяршалася альтанкай на шасці драўляных слупах, што месцілася на ўскрайку сядзібы, у засені дзвюх велічных таполяў белых (не захаваліся). Месца альтанкі да апошніх гадоў добра выдзялялася ў выглядзе невысокай насыпной горкі ў дыяметры 12,0 м. Адсюль праз сажалку і рэдкую абсадку ліпы адкрывалася панарама сядзібы.
Водная сістэма маёнтка Стайкі ўключала 4 сажалкі. Адна з іх размяшчалася ў паніжэнні нізіннага лугу і выконвала ролю акумулятара вады з навакольнай тэрыторыі. Вада далей паступала ў дзве маленькія сажалкі каля вінакуранага завода. З паўднёвага боку дамбы размяшчаўся вялікі вадаём з адвадным каналам. Узровень вады падтрымліваўся дамбай. Лішкі яе адводзіліся каналам за межы сядзібы. Далей за дамбай, падымаючыся па спадзістым схіле, адкрывалася панарама на сады з двух бакоў алеі, парадны двор, службовыя і гаспадарчыя пабудовы. Фармаваная невысокая жывая агароджа з дэкаратыўнай караганы не замінала агляду, яна заканчвалася перад брамай, не даходзячы 15 м будынку стайні выязных коней. За стайняй пачынаўся парадны двор.
Гаспадарчыя і службовыя пабудовы прымыкалі непасрэдна да параднага двара. Да нашага часу захаваліся рэшткі стайні выязных коней, у якой прыцягвала ўвагу абробка франтона тонкай дошчачкай у 7 радоў на манер дранкі, а таксама рэшткі часткі крытага тока і склеп. Не захаваліся ток, аборы, гумно, разбурана лядоўня. Кампактнасць планіроўкі і размяшчэння асноўных пабудоў забяспечвалі цэльнасць сядзібы, яе ўтылітарную мэтазгоднасць і разам з тым параднасць і відовішчнасць.
Пейзажны парк пераходнага перыяду, створаны на аснове рэгулярных кампазіцый 18 стагоддзя, займае прыўзнятую жывапісную тэрыторыю сярод поля. Захаваўся ў ранейшых межах. Добра прасочваецца яго агульная планіровачная пабудова і сёння. Мае высокай якасці дрэвастой у выглядзе груп, прысадаў, адзінкавыя інтрадуцэнты. Часткова захаваліся водная сістэма з вялікім вадаёмам. З пабудоваў – будынак бровара з колатага і бутавага камення ў эклектычных формах прамысловай архітэктуры і шэраг простых гаспадарчых пабудоў.
Стаецкі бровар да рэстаўрацыі. Фота 2004 г.
Вінакураны завод (бровар) ў сядзібе Бахдановічаў быў пабудаваны ў эклектычных формах прамысловай архітэктуры ў пачатку 20 стагоддзя, адначасова з будаўніцтвам касцёла ў Альковчах. Будынак прадстаўляе сабой тыповую 3-часткавую структуру з падвышанай сярэдняй часткай, даўжыня 35 м, шырыня 12 м. Сцены складзены з колатага і бутавага камення. Сярэдняя (апаратная) зала па вышыні да карніза роўная вышыні бакавых памяшканняў. Праёмы выкладзены цэглай. З чырвонай цэглы выкладзены таксама вуглы, карнізы і франтоны. Паўночны фасад глухі з вузкай прыбудовай па цэнтры. Другі ўваход у бровар размяшчаецца на паўднёвым фасадзе. У падобным стылі былі ўзведзены (на жаль, захавалася толькі ў руінах) стайня выязных коней і яшчэ два гаспадарчыя будынкі па суседству.
Будаўніцтва бровара з’яўлялася апошнім заўважным этапам ў фармаванні сядзібы. Будынак, у савецкі перыяд доўгі час выкарыстоўваўся пад склад, зараз, пасля перадачы інвестару, гэты будынак і частка маёнтка набылі новае жыццё.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва Анатоля Парахневіча і Анжэя Бахдановіча