У рэчкаўскіх лясах недалёка ад вёскі с 9 ліпеня працуе археалагічная экспедыцыя студэнтаў гістфака БДУ і валанцёраў. Мы наведаліся 22 ліпеня, за тыдзень да закрыцця раскопак, каб даведацца, што цікавага знайшлі археологі.
А знайшлі яны – керамічную ўрну з кальцыніраванымі чалавечымі косткамі. Чаму гэта унікальная находка, аб чым яна сведчыць і ці могуць быць тут іншыя адкрыцці, нам расказала навуковы кіраўнік экспедыцыі, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістфака БДУ Паліна Курловіч.
– З нашага боку было нават рызыкова капаць менавіта у гэтым квадраце леса. Мы ведалі дакладна, што недалёка адгэтуль ёсць курганныя могільнікі. На адным з іх выяўна бачна, што яго ўжо даследвалі па методыцы, распаўсюджанай у ХІХ стагоддзі. Аднак усе яны вельмі зарослыя хмызняком, што вельмі стрымлівае працу археолага. А побач у ляску мы знайшлі невялічкі насып, вырышылі рызыкнуць і заклалі раскоп. Пакуль невядома: курган гэта ці не? Але цікавыя знаходкі ўжо ёсць: пахавальная ўрна. Гэта керамічны гаршчок знойдзены перевернутым ўверх дном. Ён пашкоджаны, а ўнутры ёсць кальцынаваныя косткі.
Мы яго пакуль не выкопвалі з зямлі. Будзем гэта рабіць па спецыяльнай методыцы.
Ёсць меркаванне, што ўрна гэтая можа адносіцца да банцэраўскай культуры, якую даследчыкі звязваюць з балтамі. Гэта прыкладна V-VII стагоддзі. І тады гэта вельмі значная знаходка, дагэтуль вядома толькі тры падобныя пахаванні. Усе яны ў Мядзельскім раёне.
А да таго ж, паблізу з керамічнай урнай – сляды ворыва. Таксама пакуль не зразумела ці гэта рытуальнае ворыва, ці проста ворыва перыяду сярэдневечча. На ворыве, дарэчы, знайшлі частку чэрапа чалавека пасля крэмацыі. І вось што гэта? Ці грунтовы могільнік, ці курган, пашкоджаны часам. Тут патрэбна даследваць і разбірацца. Працы хопіць яшчэ не на год.
Сёлетняя археалагічная экспедыцыя даволі вялікая – 30 студэнтаў-першакурснікаў гістфака БДУ (яны на практыцы) і 10 валанцёраў – студэнты-першакурсніки гістфака БДУ. Раскопкі вядуцца адразу на трох аб’ектах. Ужо ўзгаданы могільнік. Тут раскопам кіруе Алег Сахончык, аспірант кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістфака БДУ. Разам з калегай, Елізаветай Кісясевай, аспіранткай той жа кафедры яны ў захапленні ад знаходкі. Кажуць, пачыналася, як авантура, а якія вынікі!
– Мы максімальна асцярожна даследуем пахаванне. Глебу з ворыва аддадуць на паліналагічныя даследванні, якія па захаваўшамуся на стагоддзі пылку (пыльца) раслін вызначаць, наколькі інтэнсіўна тут вялося земляробства. Знойдзеныя вуглі аддамо на радыявугляродны аналіз, які дазволіць дакладна вызначыць гістарычны перыяд. Цяпер мы выкарыстоўваем не толькі ўласнаархеалагічныя метады, але і далучаем іншыя, – рассказала Елізавета.
На маё пытанне, што пахавальны гаршчэчак выглядае невялікім (малы дыяметр, хаця пакуль невядома, наколькі ён высокі), як маглі там захаваць парэшткі чалавека пасля рытуальнага спалення, Алег Сахончык патлумачыў:
– Так, пасля спалення застаецца 2-3 кілаграммы чалавечых парэшткаў. Але няма звестак, што ў керамічную ёмкасць складаюць усё, што засталося пасля чалавека. Кладуць толькі частку. Таму вялікія гаршчэчкі і не патрэбны.
– Ці звязаны гэты археалагічны помнік з двума іншымі аб’ектамі, якія даследуе экспедыцыя?
– Мажліва. Мы мяркуем, што гэта комплекс. Гарадзішча, селішча і месца пахавання. Напрасткі яно знаходзіцца ў 15-хвілінах хадзьбы ад селішча. Пакуль мы не вызначылі тып пахавання: курганнае яно ці грунтовае. Дарэчы, месца, дзе рабілася рытуальнае спальванне мы не знайшлі. Увогуле такіх знаходак у Беларусі няма. Лічыцца, што вогнішча, а яно было вельмі вялікім, месцілася далёка ад курганоў. Урэшце, яго не цяжка вызначыць – многа вуглей, пракаленая зямля – але падобных знаходак пакуль няма.
Два іншых аб’екты, раскопам якіх кіруе непасрэдна Паліна Курловіч, гэта і ёсць старажытныя ўмацаванае гарадзішча і неўмацаванае селішча. Яны недалёка ад вёскі, сцежку да іх ужо пратапталі ўдзельнікі экспедыцыі, але трапіць на яе можна толькі ведаючы, што шукаеш. За намі, напрыклад, даслалі правадыроў.
На узвышшы месціцца гарадзішча, крыху ніжэй – селішча.
Пра знаходкі гэтых аб’ектаў распавяла Паліна Курловіч:
– На умацаваным гарадзішчы знойдзены рэшткі прымітыўнай металургічнай вытворчасці, а таксама косткі жывел, прасліцы, фрагмент бранзалета, перароблены ў скроневае ўпрыгожванне V-VII ст., кераміка. Селішча ж месцілася на роўным месцы паміж вялікімі схіламі, яно было неумацаваным. Тут жылі людзі. У мінулым годзе мы трапілі на жытло: зямляная канструкцыя з печкай-каменкай. Сёлета мы “прырэзаліся”, то бок далучыліся, да одной са сценак і пачалі раскоп. Тут таксама кераміка, рэшткі костак жывелы, дэталі побыту – вельмі шмат прасліц – прыстасаванняў да ўцяжарвання верацяна, упрыгожванні, шылы, нажы. Адзін нож нават з рэшткамі тканіны на лязе.
Канешне, гэта цікавы помнік – цэлы археалагічны комплекс.
Два гарадзішчы, селішча, курганныя группы адносяцца да V-X стагоддзяў. Гэта перыяд, калі славяне рассяляліся па цэнтральнай і ўсходняй Еўропе. Самыя познія нашы знаходкі датуюцца прыкладна X стагоддзем – часам перад стварэннем першай старажытнай дзяржавы на беларускіх землях. Таму даследуемы перыяд пераходны. І, што асабліва цікава, мы знаходзім толькі рэчы V-X стагоддзяў – няма нічога больш ранняга і больш позняга. А вось чаму? Куды падзелася насельніцтва пасля ўтварэння Полацкага княства? Павілле даволі добра вывучана, але на ім няма паселішчаў XII-XIII стагоддзяў.
Хто тут жыў? Можа, балты (банцэраўская культура), а можа славянскія плямёны (культура смаленска-полацкіх доўгіх курганоў)? А можа балта-славяне? Наша археалагічнае даследванне зробіць унёсак у вывучэнне гэтай тэмы. Мы ужо знайшлі каля сотні індывідуальных прадметаў і каля тысячы масавых. Усё, што знаходзім, апісваем, а ячшэ занатоўваем дзе, у якім квадраце раскопа, на якім узроўні культурнага слоя знойдзены прадмет. Пасля гэта інфармацыя становіцца аб’ектам камеральнага даследвання. Знаходкі пойдуць у фонды вучэбнай лабараторыі музейнай справы БДУ.
Ірына ТРУБАЧ/Фота Ірыны ТРУБАЧ