Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў сферы культуры ў сувязі з прафесійным святам прайшла ў мінулую пятніцу ў Вілейскім Палацы культуры.
Першая частка святочнай праграмы распачалася на другім паверсе выставай устаноў культуры Вілейскага раёна «З бабулінага куфэрку», якую прадставілі прадстаўнікі шматлікіх устаноў. Як адзначыла вядучая мерапрыемства Таццяна Захарыч, вілейскі край багаты гісторыка-культурнай спадчынай. Яна стагоддзямі была яго здабыткам і гонарам, якую на працягу шмат гадоў стваралі людзі, што нарадзіліся на нашай вілейскай зямлі. Спадчына – наша багацце з мінулага і тое, чым мы жывём сёння.
А дырэктар Палаца культуры Алеся Высоцкая вітала ўсіх прысутных – работнікаў культуры Вілейшчыны, Алега Бегунца, старшыню райвыканкама, Святлану Дзяруга, намесніка старшыні райвыканкама, Алену Чабатар, старшыню раённага Савета дэпутатаў, Вольгу Шляпо, старшыню раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, Сяргея Паўлоўскага, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Таксама прадставіла народны ансамбль “Весялінка” і адзначыла, што раней менавіта такія музыкі гралі на вяселлі. Менавіта гэты калектыў у суботу будзе прадстаўляць вілейскі край на фестывалі «Напеў зямлі маёй», што адбудзецца ў Мар’інай Горцы. Таксама прадэманстравала ўсім прысутным прыгожыя касцюмы з вышыўкай.
Святочную праграмму прадоўжыла выстаўка работ, прадстаўленая некалькімі ўстановамі культуры раёна. Цэнтр эстэтычнага выхавання прадставіў мастацкія вырабы пяці клубных фарміраванняў установы, народных студый, арыгамі “Чароўны квадрат” і іншыя. Творы выставы нагадвалі аб непаўторнай прыгажосці роднага краю, яго традыцыях і абрадах. Супрацоўнікі краязнаўчага музея – невялічкую выставу фотапаштовак, на якіх адлюстравана гісторыя нашага горада сто гадоў таму. Школу мастацтваў прадставіў сельскі філіял аграгарадка Любань, які прэзентаваў карціны роднага краю, напісаныя іх выпускнікамі. Выставу працягнулі прадстаўнікі Любанскай музычнай школы, Вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Г.Новік, якая праводзіць розныя мерапрыемствы, сустрэчы з беларускімі паэтамі і празаікамі, прымае ўдзел у раённых фестывалях. Выставу «З бабулінага куфэрку» завяршыла народная майстэрня па саломапляценні «Крывасельская вясёлка» – удзельніца і пераможца раённых і абласных конкурсаў, якая прадставіла вырабы з вышыўкі, саломкі і бісера.
Урачыстая частка свята – цырымонія ўзнагароджання – прадоўжылася ў канцэртнай зале Палаца культуры.
Як адзначылі вядучыя мерапрыемства, арганізаваныя для жыхароў раёна канцэрты, фестывалі, спектаклі, вечары адпачынку і дыскатэкі заўсёды адрозніваюцца высокім мастацкім узроўнем, мясцовым каларытам, высокай самааддачай культработнікаў. Установы культуры прымаюць актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх фестывалях, аглядах-конкурсах, святах «Напеў зямлі маёй», «Адна зямля», «Не старэюць душой ветэраны», «Александрыя збірае сяброў» і многіх іншых. І з гэтым не паспрачаешся.
Сваю ўдзячнасць работнікам культуры выказаў Сяргей Паўлоўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Па яго словах, у гэты дзень вялікая колькасць узнагарод раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў будзе ўручана лепшым работнікам. Што сведчыць пра сапраўдны інтарэс да сферы культуры, аб важнасці яе ў жыцці грамадства. Дадаў, што мы належым да той згуртаванасці людзей, для якіх фарміраванне катэгорый дабра, шчасця з’яўляюцца актуальнымі.
– Пра культуру Вілейшчыны можна доўга расказваць. У нас 21 народны калектыў, кожнаму з іх можна прысвячаць свята, – адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Бегунец. – Культура нашага раёна – шматгранны і вельмі прыгожы алмаз, кожная грань якога ззяе прыгожым святлом і аддае цяпло. У нашай школе мастацтваў займаецца каля сямісот дзетак. Таму лічу, што ў школе працуюць таксама работнікі культуры – педагогі, якія займаюцца з дзеткамі.
Па словах Алега Паўлавіча, у гады Вялікай Айчыннай вайны, у цяжкія хвіліны агітбрыгады культработнікаў ездзілі па франтах, уносілі свой уклад у агульную справу барацьбы з ворагам. Яны былі сапраўднай падзеяй для нашых байцоў, вестачкай мірнага жыцця. Старшыня выканаўчага камітэта выказаў падзяку культработнікам за іх працу, за тое, што яны выхоўваюць падрастаючае пакаленне належным чынам, пажадаў іх сем’ям моцнага здароўя, сіл і творчых поспехаў. Пасля чаго ўзнагародзіў Ганаровай граматай Вілейскага раённага выканаўчага камітэта і ўручыў падзяку дваццаці работнікам культуры горада і раёна.
Ад імя дэпутацкага корпуса Алена Чабатар, старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў, павіншавала ўсіх прысутных з іх прафесійным святам. Адзначыла, што работнікі культуры працуюць у той час, калі астатнія адпачываюць, яны дораць нам радасць зносін з прыгожым. Менавіта культура і мастацтва, па яе словах, нагадваюць нам пра каштоўнасці, вучаць быць добрымі адзін да аднаго. Затым Алена Чабатар узнагародзіла Ганаровай граматай і ўручыла падзяку Вілейскага раённага Савета дэпутатаў шасці работнікам культуры Вілейшчыны.
Пасля музычнага віншавання юнай скрыпачкі Яны Мучынскай, навучэнкі Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў, выступіла Святлана Дзяруга, намеснік старшыні райвыканкама. Яна далучылася да ўсіх віншавальных слоў.
– Дзень работнікаў культуры можна лічыць народным. Таму што на сцэне танчаць, спяваюць ад малога да дарослага. З задавальненнем тут сустракаем нашых дашкалят, паважаны хор ветэранаў. Вялікі дзякуй вам за вашу працу, прафесіяналізм, чулае сэрца, якое знойдзе падыход да дзетак, што з цягам часу праслаўляюць наш край за межамі краіны, – распавяла Святлана Дзяруга. – Хачу пажадаць вам новых «зорачак» і творчых адкрыццяў. Таксама падзякаваць вам за тое, што прымнажаеце вілейскія традыцыі, асабліва Алегу Бегунцу і Алене Чабатар за вялікую колькасць узнагароджаных работнікаў культуры.
Святлана Міхайлаўна ўручыла ў фонд музея яйка падарунак – яйка дыназаўра, якое ёй прывезлі з Нідэрландаў. Работнікам культуры Вілейшыны былі ўручаны падзякі, граматы Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Пасля музычнага віншавання Вольга Шляпо, старшыня Вілейскага раённага аб’яднання арганізацыі прафсаюзаў, са старшынямі Вілейскай раённай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі, Белтэлекама, Беларусбанка, буддэталяў павіншавалі культработнікаў горада і раёна. Пажадалі добрага гледача, які б іх слухаў, для якога яны будуць тварыць і расці прафесійна. Выказалі падзяку тэхперсаналу Палаца культуры і ўручылі ім падарункі.
Работнікі культуры валодаюць унікальнай здольнасцю абуджаць у сэрцах людзей натхненне, пачуццё прыгожага. Радасць і добры настрой падарылі прысутным народна-гумарыстычны калектыў «Смехата» Ільянскага СДК, народны калектыў «Суквецце», а таксама музычныя нумары ў выкананні артыстаў Вілейшчыны.
Вікторыя АПЯЦЁНАК/Фота аўтара