Міжнародны семінар пад назвай «Праблемы выкладання гісторыі Халакосту і Другой сусветнай вайны ў Беларусі» сабраў 40 выкладчыкаў, загадчыкаў музеяў, настаўнікаў гісторыі.
«Праблемы выкладання гісторыі Халакосту і Другой сусветнай вайны ў Беларусі» – пад такой назвай у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йаханеса Рау на мінулым тыдні праходзіў міжнародны семінар для выкладчыкаў, загадчыкаў музеяў, настаўнікаў гісторыі. Ён быў арганізаваны Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна сумесна з Мемарыялам Шоа і цэнтрам «Халакост» у Парыжы. Яго ўдзельнікамі сталі 40 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Вілейшчыну прадстаўлялі старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава і аўтар гэтых радкоў.
Праблема Халакосту не губляе сваёй актуальнасці для нашай краіны. У гады Вялікай Айчыннай вайны з 1 мільёна яўрэяў ў Беларусі засталіся ў жывых не больш за 200 тысяч. У пачатку акупацыі ў 1941 годзе ў Вілейскім раёне было 20 тысяч яўрэяў. За час акупацыі былі забіты практычна ўсе. Самыя масавыя забойствы яўрэяў адбываліся ў Вілейцы, Ільі, Касцяневічах, Падбярэззі, Сосенцы, Рэчках, Куранцы і Хаценчыцах. Большая частка тых, хто застаўся жыць, ваявалі ў партызанскіх атрадах.
…Мерапрыемства пачалося з прывітальных слоў ад прадстаўнікоў дыпламатычных корпусаў Францыі, ФРГ, Ізраіля. Яны адзначылі важнасць гэтай тэмы для захавання еўрапейскай культуры памяці. Перад прысутнымі выступіў дырэктар Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Віктар Балакіраў. Выступаючыя падкрэслілі вядучую ролю адукацыі ў барацьбе з антысемітызмам, а таксама ступень адказнасці настаўнікаў, якія фарміруюць інтэлектульную свядомасць грамадзяніна.
Затым беларускія настаўнікі прыступілі да актыўнай працы. На працягу трох дзён мы вывучалі еўрапейскі вопыт выкладання тэмы Халакоста і Другой сусветнай вайны, які ўключаў як гістарычныя, так і сучасныя пытанні. У гэтым нам дапамагалі запрошаныя выкладчыкі Францыі, Расіі, Беларусі.
У ходзе семінара ўдзельнікі семінара наведалі з экскурсіяй тэрыторыю былога Мінскага гета. Экскурсію праводзіў вядомы беларускі вучоны кандыдат гістарычных навук Кузьма Козак.
Такім чынам, за кароткі час у нас, беларускіх настаўнікаў, была магчымасць комплексна вывучыць і параўнаць перспектывы і выклікі ў выкладанні гісторыі Халакосту і Другой сусветнай вайны ў розных краінах, сканцэнтравацца на сучасных тэндэнцыях у гістарычнай адукацыі і атрымаць адказы на складаныя пытанні.
Людміла Маркевіч, загадчык музея «Ільянскія далягляды» ДУА» Ільянская сярэдняя школа
імя А.А. Грымаця»