Шэсцьдзясят гадоў. Гэта многа ці мала? Для гісторыі – зусім невялічкі адрэзак часу, а для кожнага канкрэтнага чалавека – той узрост, калі ўжо многага дасягнуў, маеш багаты жыццёвы вопыт і сілы, натхненне, і планы. На днях адзначыць гэту прыгожую дату сябра і пазаштатны аўтар нашай газеты, вядомы на Вілейшчыне і за яе межамі паэт, настаўнік і проста цікавы чалавек Віктар Кажура.
Напярэдадні юбілейнай даты мы сустрэліся з Віктарам Віктаравічам і пагутарылі пра творчасць, працу, сям’ю і ўвогуле пра наша жыццё-быццё і ўсё тое, што яго ўпрыгожвае.
– Думаю, Вас, Віктар Віктаравіч, нашым чытачам прадстаўляць не трэба. Вас ведаюць, чытаюць, у Вас вучацца. А вось пра тое, як і з чаго пачынаўся Ваш творчы шлях, даведацца было б цікава…
– Пісаць вершы пачаў даўно. Але гэта было для сябе, што называецца, у стол. А ўжо студэнтам неяк асмеліўся і паказаў свой ранні верш аднаму выкладчыку. Той згадзіўся стаць крытыкам… Карацей, пасля тых стасункаў надоўга закрыўся ў сабе як паэт. Хоць заўсёды цягнуўся да паэзіі, удзячны лёсу, што звёў мяне ў свой час з Ганнай Новік, падараваў незабыўныя сустрэчы з вельмі многімі вілейскімі паэтамі і творчымі людзьмі. А сваім хросным бацькам у літаратуры лічу Івана Лашутку, цудоўнага паэта і добразычлівага чалавека. Яго падтрымка дала сілы і ўпэўненасць у сабе, і за ўсё гэта я вельмі ўдзячны Івану Іосіфавічу. Дарэчы, у мяне ёсць тры прысвячэнні гэтаму знакамітаму земляку.
Пачаткам сваёй літаратурнай творчасці лічу 1999 год. Тады, дваццаць гадоў таму, рыхтаваліся святкаваць юбілейную дату нашага горада. Праводзіўся і конкурс вершаў пра Вілейку, а лепшыя творы друкаваліся ў «Шляху перамогі». Стаў удзельнікам конкурсу і я, і верш быў ацэнены. Пазней быў абласны клуб «Жывіца», які звёў мяне з таленавітымі людзьмі, маімі аднадумцамі. Мы многа выступалі на розных мерапрыемствах, выходзілі ў свет калектыўныя зборнікі нашых твораў, і ўсё гэта натхняла на новыя дасягненні.
Мне сёння прыемна гаварыць і пра літаратурную гасцёўню «На Парнасе», якая працуе ў нашай гімназіі №2. Гэта маё дзецішча, якім ганаруся і даражу. Прыемна адзначыць, што мая вучаніца, а сёння член Саюза пісьменнікаў Бажэна Мацюк, таксама была членам гэтай гасцёўні. Сёння мы з ёй сустракаемся і абмяркоўваем розныя пытанні, дзелімся творчымі здабыткамі і планамі ўжо не як настаўнік і вучаніца, а як члены Саюза пісьменнікаў. Увогуле, я шчыра радуюся за сваіх вучняў, якія ўсё болей раскрываюцца ў творчым плане, дасягаюць поспехаў і не зніжаюць высока ўзнятай планкі.
– Сёння у Вас, Віктар Віктаравіч, ужо сем цікавых кніжак, якія выйшлі ў свет. У іх Вы раскрыліся як дзіцячы пісьменнік, і гэта для многіх нечакана. Чаму так зачапіла дзіцячая тэма?
– Не зачапіць мяне яна проста не магла, бо ёсць у мяне важны стымул – мае ўнукі Ангеліна і Цімошка. Гэта яны натхнілі на напісанне калыханак, загадак, вершаў. Спачатку пісаў для іх, а пасля вырашыў, што і іншым дзеткам гэта будзе цікава.
– «Азбука ў вершах і малюнках», «Гэта ўсё радзіма наша», «Маленькая азбука вялікай краіны», «Рэха мінулых дзён»… Творы ў кнігах сабраны цікавыя, захапляльныя, напісаныя зразумелай мовай. Галоўнае ж, што мовай роднай, беларускай… Думаю, што яшчэ не адну Вашу новую цікавую кніжку мы ўбачым і прачытаем.
– Спадзяюся. Хочацца пісаць і пісаць пра дзетак і для іх, натхняе малая радзіма – вёсачкі Карпавічы і Краўчонкі, ёсць многа сюжэтаў, звязаных з маімі цудоўнымі землякамі…
– Чалавека творчага і таленавітага натхняе ўсё, што яго акружае, так? Мне імпануе тое, што ў Вашай творчасці вельмі вялікая роля сям’і…
– Яно так і ёсць. Я ўжо расказаў пра ўнукаў, якія натхняюць, даюць сілы і новыя тэмы. А над кнігай «Рэха мінулых дзён» працаваў разам з жонкай Зояй, гісторыкам па адукацыі. Такі вось тандэм атрымаўся. І яшчэ. Першым маім чытачом і крытыкам з’яўляецца мама, Анастасія Міхайлаўна, якая заўсёды дае аб’ектыўныя ацэнкі і слушныя парады.
– Нядаўна даведалася, што Вашы творы перакладаюцца на сербскую мову. Гэта так?
– Сапраўды, мае вершы змяшчаюцца ў сербскіх часопісах, а перакладае іх маладая і таленавітая Дыяна Лазаравіч. Мне прыемна, што і сербскім хлопчыкам і дзяўчынкам падабаюцца мае вершы, загадкі. Што гэта так, пераканаўся сам у канцы мінулага года, калі ў складзе беларускай дэлегацыі пабываў у Белградзе на міжнароднай кніжнай выставе. Мы выступалі там са сваёй прэзентацыяй, сустракаліся з калегамі, абменьваліся вопытам. Мне пашчасціла правесці семінар у будучых філолагаў Белградскага ўніверсітэта (пераканаўся, наколькі добра валодаюць яны нашай мовай); папрацаваць з дзеткамі другіх-трэціх класаў ў Дзіцячым культурным цэнтры, дзе прэзентаваліся мае кнігі; быць удзельнікам цікавых сустрэч у Нацыянальнай бібліятэцы і ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Белградзе. І ўсюды нас прымалі цёпла, як самых блізкіх сяброў. «Што нам дзяліць? Мы ўсе – славяне, мы – дзеці матухны Зямлі…» Гэта я напісаў значна раней, і ў правільнасці гэтых радкоў яшчэ раз пераканаўся падчас паездкі на міжнародную выставу.
– Я думаю, што важна будзе сказаць і пра даследчыцкую дзейнасць, якой Вы займаецеся са сваімі вучнямі.
– Так, працуем і ў гэтым накірунку. Дарэчы, дзве работы маіх вучняў сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу. А яшчэ і ў Маскве ў даследніцкім конкурсе мая вучаніца Валерыя Кабак была абсалютнай пераможцай. Пра гэта можна многа і цікава расказваць, як і пра міжнародныя чытанні імя Вярнадскага ў Маскве, на якія нас традыцыйна запрашаюць. Вось так і жывём – цікава, напоўнена, пазнаючы новае, ставячы мэты і дасягаючы іх. Для мяне гэты працэс, бадай, цікавейшы за сам вынік, нават самы высокі.
– Слухаю Вас, Віктар Віктаравіч, гляджу, як гараць Вашы вочы, і разумею, што Вы шчаслівы чалавек…
– Шчаслівы, а хіба ж не? У мяне ёсць сям’я, якая разумее мяне і падтрымлівае, любімая работа і цудоўны калектыў калег, мае вучні, сябры, мая маленькая радзіма і мая творчасць. Вось колькі многа ўсяго, за што я дзякую лёсу. Так што ў душы застаюся нераўнадушным, маладым і няўрымслівым, нягледзячы на свае шэсцьдзясят.
– І гэта правільна, бо даўно вядома, што кожнаму з нас столькі гадоў, на колькі мы сябе адчуваем. Шчыра віншую Вас, Віктар Віктаравіч, і з тым, пра што Вы сціпла прамаўчалі – зусім нядаўна Вы атрымалі кваліфікацыйную ступень «Настаўнік-метадыст». Дзякуй за цікавую размову. Ад мяне і ад усіх нашых чытачоў прыміце шчырыя віншаванні з прыгожым юбілеем і пажаданні ўсяго самага добрага і светлага ў жыцці і ў творчасці. Далейшых Вам поспехаў і новых цікавых кніжак!
Гутарыла Ірына БУДЗЬКО/Фото з асабістага альбома В. КАЖУРЫ