Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Пілігрымка з Вілейкі ў Фаціму адбылася на заканчэнне юбілейнага года фацімскіх аб’яўленняў

З 3 па 16 кастрычніка праходзіла пілігрымка вілейскай парафіі Узвышэння святога Крыжа да месца фацімскіх аб’яўленняў. У пілігрымцы прыняло ўдзел каля 100 чалавек, большасць з якіх належыць да вілейскай парафіі. Сярод удзельнікаў былі таксама вернікі з іншых парафій Гродзенскай, Віцебскай, Пінскай дыяцэзій і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Па дарозе ў Фаціму пілігрымы наведалі нямецкі горад Кёльн, прайшліся вуліцамі Парыжа і памаліліся ў вядомым саборы Нотр-Дам дэ Пары. Важным духоўным месцам, дзе спыніліся ўдзельнікі пілігрымкі, стаў санктуарый Божай Маці ў Люрдзе. У найбольшым марыйным санктуарыі ў Францыі пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы, разважалі над Мукай Езуса Хрыста, ідучы сцежкамі мясцовай Кальварыі, маліліся на месцы, дзе Марыя аб’явілася дзяўчынцы Бернардэце, і прынялі ўдзел у вячэрняй працэсіі са свечкамі і ружанцовай малітве.

У Іспаніі пілігрымы наведалі Санцьяга-дэ-Кампастэла, у які вядзе пілігрымаў старадаўні шлях святога Якуба. У гэтым іспанскім горадзе вернікі з Беларусі прынялі ўдзел у святой Імшы з удзелам пілігрымаў з розных краін.

Асноўнай мэтай пілігрымкі было наведванне Фацімы і малітва ў месцы аб’яўлення Божай Маці. У партугальскім горадзе ўдзельнікі пілігрымкі правялі некалькі дзён. Падчас прабывання ў гэтым святым месцы пілігрымы ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі, прайшлі сцежкамі Крыжовага шляху, наведалі дом пастушкоў, маліліся на месцы аб’яўлення дзецям анёла. Дні, праведзеныя ў Фаціме, былі напоўненыя асаблівай малітвай і разважаннем над пасланнем Марыі і фацімскімі таямніцамі. Таксама індывідуальна пілігрымы перапрашалі Бога за свае правіны, ідучы пакутным шляхам, маліліся праз заступніцтва святых пастушкоў на месцы іх пахавання ў базыліцы, давяралі Богу праз Марыю свае просьбы на месцы аб’яўлення Божай Маці. Кожны вечар група вілейскіх пілігрымаў далучалася да ружанцовай малітвы і працэсіі са свечкамі.

Падчас вяртання ў Беларусь удзельнікі пілігрымкі пазнаёміліся з вядомымі мясцінамі Барселоны і памаліліся ў базыліцы св. Антонія ў Падуі. Апошнім прыпынкам стаў польскі санктуарый Маці Божай у Чэнстахове.

 

 Источник: catholic.by
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 38 queries