Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Наша «Элегія» – на канцэртнай пляцоўцы Друскінінкая

Літоўскі горад Друскінінкай літаральна на некалькі дзён набыў кідкі каларыт беларускасці. Яго стварылі мастацкія калектывы Беларусі, якія па запрашэнні суседзяў наведалі яго, каб разам адзначыць 25-годдзе таварыства беларускай культуры.

У святкаванні удзельнічалі вядомы ў нашай краіне ансамбль танца «Крыжачок», якім кіруе заслужаны дзеяч культуры Беларусі Ігар Мазалеўскі, дзіцячы ансамбль танца Белдзяржуніверсітэта, дзіцячы ансамбль «Задорынка» з Гродна пад кіраўніцтвам Вольгі Іваноўскай і іншыя калектывы, прыкметныя на мастацкай ніве краіны. Вілейку прадставіў народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» Цэнтра эстэтычнага выхавання. Яго кіраўнік Таццяна Захарыч, яна ж – дырэктар Цэнтра, была вядучай зводнага святочнага канцэрта «Спадчыне-25», які адбыўся на цэнтральнай плошчы Друскінінкая. На ім прысутнічалі ганаровыя госці: Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль, вядучы спецыяліст Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры урадзе Літоўскай Рэспублікі Аушра Шакейтэне, намеснік Прэзідэнта згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Іван Саковіч.

Урачыстасць адбылася на пачатку месяца, але «Элегія» яшчэ доўга будзе жыць і дзяліцца ўражаннямі ад гасціннасці літоўскіх сяброў і з гадамі непазбытай любві да Радзімы этнічных беларусаў. Асяродак нашага нацыянальнага каларыту і духу – санаторый «Беларусь» – тая выспа, на якой персанал захоўвае нашы звычкі, традыцыі, нават мову. Тут сапраўды гучыць беларускае слова. Яго з павагай успрымаюць карэнныя літоўцы, бо непадробленая адданасць вытокам кранае кожнага, хто нясе па жыцці высокія чалавечыя якасці: патрыятызм, павагу да зямлі, што разам з маці гушкала цябе ў калысцы сваёй любові…

Аб усім гэтым сёння разважаюць артысты «Элегіі», яшчэ раз асэнсуючы дні, праведзеныя ў гасцінным Друскінінкаі. У санаторыі «Беларусь», для адпачываючых суайчыннікаў, калектыў даў дабрачынны канцэрт. Ён ператварыўся ў шчыры дыялог паміж сцэнаю і залай. На мастацкай дзеі прысутнічалі дзеці з чарнобыльскай зоны. Кранала іх шчырае ўспрыняцце мелодый і мовы сваёй Айчыны.

Быць беларусам – гэта значыць
Свайго ніколі не забыць,
Усё чужое перайначыць,
Каб Беларусі вечнай быць.

Цудоўныя вершы Рыгора Брадуліна, дзякуючы яшчэ і мастацкаму чытанню вядучай канцэрта Таццяны Захарыч, знаходзілі водгук у дзіцячых сэрцах, які вяртаўся на сцэну шчырымі апладысментамі. Яны гучалі пасля выканання калектывам адной з самых папулярных у яго рэпертуары песні на словы Уладзіміра Цануніна,у апрацоўцы Уладзіміра Лапціка,– «Жывіца». «Люблю наш край», «Там, дзе Нёман з Лошаю», «Мая Міншчына»… Асаблівы сэнс набывае кожны музычны твор, калі гучыць ён у замежжы. Няхай сабе не такім і далёкім, але дзе іншыя звычкі, адрозныя ад нашых культурныя традыцыі. Што яднае нас з літоўцамі, дык гэта вернасць сваёй спадчыне, імкненне развіваць яе, памнажаць, каб ва ўсёй разнастайнасці і шматколернасці пакінуць нашчадкам. – Такую выснову зрабіў вілейскі мастацкі калектыў са сваёй паездкі ў суседнюю краіну.

Таццяна Захарыч, Уладзімір Цанунін і Уладзімір Лапцік – салісты «Элегіі»— успамінаюць першыя уражанні ад Друскінінкая. Каларытны ландшафтны дызайн: россып кветкавых кампазіцый, інтэрактыўны музычны фантан, і… парк драўляных скульптур. Разьба па дрэву – традыцыйны від мастацтва суседняй краіны. Якую б мясціну ты ні наведаў – убачыш зваяных з дрэва герояў літоўскага фальклору, крыжы з выявамі святых, персанажаў дзіцячых казак… Час не паслабляе творчы імпэт патомасных майстроў-разьбяроў. Ён толькі шліфуе іх почырк, захоўваючы ў мастацкіх вобразах традыцыі і новыя набыткі роднай зямлі. Скульптар Антанас Часнуліс размясціў свае працы на ўласнай сялібе, сярод дрэў, хмызняку, на пагорках. Ствараецца ўражанне, што там гэтыя скульптуры стаяць ужо многа год, настолькі арганічна яны ўпляліся ў мясцовы ландшафт. Уражваюць размешчаныя ў каменных нішах фігуркі пакутнага Пана Езуса,кампазіцыя «Жыццё чалавека і дрэва», рэльеф «Шлях хлеба». Некаторыя рэчы інтэрактыўныя, рэагуюць на чалавека: фігуры пачынаюць рухацца ў танцы,птушкі спяваюць, прачынаецца дракон.

«Каб любіць Беларусь нашу мілую», трэба сапраўды пабываць за яе межамі. Каб параўнаць і зразумець, што ўсюды добра, а дома лепей. І ўсё ж прыхапіць з сабою часцінку чалавечай павагі да нас, прадстаўнікоў маленькай сінявокай краіны, якая нясе свету дабро і прыгажосць. І з гэтым згодны калектыў «Элегіі», якому выпаў высокі гонар быць у замежжы духоўным прадстаўніком нашай краіны.

Марыя РАМАНАВА.

Фота прадстаўлена НКАП “Элегія”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 130 queries