Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Беларускі Гюго з Каловічаў

Імя нашага земляка, драматурга, пісьменніка, паэта-песенніка, гісторыка і перакладчыка Івана Кандрацьева было адкрыта для беларусаў і нас, віляйчан, не так даўно. Хаця амаль паўтара стагоддзя ён шырока вядомы ў Расіі, а асабліва ў Маскве, дзе яго гістарычны даведнік “Седая старина Москвы” па сёння лічыцца найлепшым, выдаецца вялікімі тыражамі і, да слова, каштуе больш за паўтысячу амерыканскіх…

Іван Кандрацьеў нарадзіўся ў сяле Каловічы Вілейскага павета. Аб тым, што сярод землякоў ёсць нейкі знакаміты вясковец, што напісаў буквар, даведалася ад старажылаў Тамара Бурко, на той час, дырэктар каловіцкага дома майстроў. Сваімі знаходкамі яна падзялілася з вілейскім краязнаўцам і даследчыкам Анатолем Рогачам. Разам яны даведаліся, што гэтым невядомым чалавекам быў Іван Казіміравіч Кандрацьеў, які сваё прозвішча ўзяў ад вясковай мянушкі яго сям’і – Кондратавы, што жылі ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Каловічах. Стала вядома і тое, што наш зямляк быў у свой час цікавым і запатрабаваным пісьменнікам і драматургам. Кандрацьеў меў блізкае сяброўстваў з мастакамі Саўрасавым і Левітанам, а таксама братамі-пісьменнікамі Чэхавымі. А самае цікавае, што менавіта ён – аўтар песні «По диким степям Забайкалья», якая доўгі час лічылася проста народнай. Неўзабаве да даследаванняў жыцця і творчасці Кандрацьева далучыўся і яшчэ адзін наш зямляк, выхадзец з Каловічаў, Аляксандр Смолік – доктар культуралогіі, загадчык кафедры культуралогіі БДУ культуры і мастацтваў. Праведеныя ім даследаванні ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Вільні і нават Кітаі, бо і ў кітайскай нацыянальнай бібліятэцы знаходзіцца не адзін дзясятак кніг Івана Кандрацьева, далі падставу з сабранага багатага матэрыялу выдаць кнігу «Божы дар Івана Кандрацьева». Выданне стала першай грунтоўнай публікацыяй аб нашым земляку. Затым у Вілейцы былі праведзены «Кандрацьеўскія чытанні» з удзелам шэрагу сталічных навукоўцаў і мясцовых краязнаўцаў, а ў 2015 годзе адкрыты памятны знак нашаму знакамітаму земляку на яго радзіме – у вёсцы Каловічы, эскіз якога распрацаваны вілейскім архітэктарам і краязнаўцам Анатолем Капцюгом.

На Вілейшчыне Іван Кандрацьеў жыў да сямі гадоў, потым быў аддадзены на вучобу ў школу кантаністаў (дзяцей вайскоўцаў, якія вучыліся пры гарнізонных школах з дзесяці гадоў і павінны былі служыць 25 год). Затым была вучоба ў фельчарскай школе ў Пецярбургу, пазней – служба ў арміі, дзе Кандрацьеў прабыў не так шмат, як планавалася. Адтуль ён вярнуўся на родную Вілейшчыну, а потым пераехаў у Вільню, дзе ўжо жыла яго сястра. У Вільні і пачаўся творчы шлях хлопчыка з Каловічаў, куды, дарэчы, ён неаднойчы вяртаўся за сваё жыццё. Асноўная ж частка творчага шляху Івана Кандрацьева была звязана з Масквой. Якімі шляхамі трапіў туды беларус з сям’і былога ваеннага,адказ знайшоў Анатоль Рогач – праз Вільню, дзе спачатку паступіў у віленскі тэатр акцёрам-аматарам, а потым пачаў пісаць п’есы, вадэвілі і, самае цікавае, што тады яму было толькі 20 гадоў. У 1870 годзе ў Расіі рыхтаваліся да двухсотгоддзя нараджэння расійскага імператара Пятра І. З гэтай нагоды вырашылі ў Маскве пабудаваць спецыяльны будынак тэатра і на перыяд урачыстасцей ставіць там спектакль. Быў аб’яўлены конкурс на лепшую п’есу народнага тэатра, і наш малады суайчыннік, яшчэ зусім невядомы аўтар, вырашыў паўдзельнічаць у гэтым конкурсе. Напісаў п’есу «На Поволжье», паслаў яе – і хутка на імя генерал-губернатара Мураўёва прыйшла дэпеша прыслаць Івана Кандрацьева для атрымання прэміі. За гэту п’есу Кандрацьеву ўручылі залаты медаль. Падчас атрымання прэміі беларус пазнаёміўся з мастаком Іванам Сурыкавым, які параіў таленавітаму хлопцу застацца ў сталіцы. У Маскве пісьменнік пражыў з 1871 да 1904 года, пакуль трагічна не загінуў.

Іван Кандрацьеў быў, сярод іншага, і добрым перакладчыкам. Ён перакладаў Байрана, По, Гейнэ, многіх іншых класікаў. Сярод шматлікіх твораў Кандрацьева вылучаюцца яго кнігі для дзяцей. Задоўга да чытанак Алаізы Пашкевіч і Якуба Коласа, ён выдаў чытанку пад назвай «Искра Божья» для дзяцей. Прычым многія дзіцячыя кнігі Кандрацьева былі рэкамендаваны для народных школ расійскімі ўладамі і ва ўсіх іх ён неаднаразова ўзгадвае Беларусь. Ён піша шмат вершаў пад уплывам беларускага фальклору, многія сюжэты твораў нашага земляка нават адбываюцца на беларускай зямлі, а ў шматлікіх апавяданнях месца падзей – беларускія вёскі, узгадваюцца беларускія рэкі. Ёсць ў яго і аповед пра кірмаш у беларускім мястэчку, хутчэй за ўсё прататыпам была яго родная Вілейка. Асаблівым захапленнем Кандрацьева было напісанне гістарычных раманаў – «Гуны», «Драма на Лубянке» і іншыя.

Сярод сяброў беларускага Гюго, а менавіта так называюць даследчыкі творчасці каловіцкага хлопца Кандрацьева, былі такія знакамітыя мастакі, як Левітан, Саўрасаў, Сурыкаў. Невялікая маскоўская кватэра Кандрацьева была распісана Саўрасавым, аўтарам вядомай карціны «Грачи прилетели», замест шпалераў. Вядома, што, калі Саўрасаў быў у складаным матэрыяльным становішчы, наш зямляк нават прадаваў яго карціны. Аляксандр Смолік у архівах знайшоў пісьмо, дзе Кандрацьеў пісаў Антону Паўлавічу Чэхаву: «Не хотите ли вы купить «Грачи прилетели»? На што Чэхаў адказаў, што марыць пра такую карціну, але зараз і сам без грошай… Наогул вядома, што наш зямляк адносіўся да лідараў маскоўскай багемы таго часу.

Знакаміты зямляк, таленавіты аўтар і перакладчык, Іван Кандрацьеў заслугоўвае таго, каб пра яго гаварылі і пісалі на роднай яму Беларусі, а не толькі ў Расіі і Літве. Мы,віляйчане, павінны ганарыцца і як мага шырэй прапагандаваць творчасць нашага земляка – як сярод дзяцей, школьнікаў, так і самі, а праязджаючы каля Каловіч, прыпыняцца і наведваць памятны знак у гонар Івана Кандрацьева, што месціцца на пачатку вёскі каля самай дарогі. І, галоўнае, каб гэта было не толькі ў Год роднай зямлі.

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 62 queries