Гэтым артыкулам мы працягваем серыю публікацый пра ўнікальныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, палацава-паркавага дойлідства, што напаткаў лёс забыцця: яны былі спалены падчас войнаў, разбураны ці сышлі ў нябыт са знікненнем паселішчаў, зменай дзяржаў і па многіх іншых прычынах.
У нашай серыі артыкулаў мы даследуем пласт адметных будынкаў драўлянага і мураванага дойлідства Вілейшчыны: касцёлаў і цэркваў, сінагог і капліц, маёнткаў і фальваркаў, што існавалі на нашай тэрыторыі і пра якія мы ведаем цяпер толькі па старых фотаздымках, з надрукаваных і вусных успамінаў, з навуковых дакументаў. Серыю артыкулаў “Страчаная спадчына Вілейшчыны” працягваем аповедам пра маёнтак Тэклінаполь.
На месцы былога маёнтка Тэклінаполь цяпер размяшчаецца аграгарадок Шалавічы, што знаходзіцца непадалёк ад самой Вілейкі.
Само паселішча Шалавічы вядома з пачатку 16 стагоддзя як «сяло» ва ўласнасці вялікага князя Вітаўта, які падараваў яго ў 1514 годзе разам з перавозам Шалавіцкім баярыну Глебу Юр’евічу Даўмонту за перамогу над татарамі пад Слуцкам. У 1508-1512 гадах сяло было ў Маркаўскай воласці і належыла баярам Харытону і Алёхну Даўмонтавічам. У 1558 годзе паселішчам валодаў маркаўскі дзяржаўца Юрый Валошка. У 1766 годзе сяло знаходзілася ў складзе Маркаўскага староства і тут налічвалася 38 двароў. У 1800 годзе Шалавічы вядомы як вёска, якая была ва ўласнасці генерал-маёра Фёдара Берхмана, дзе ў 36 дварах пражывала 257 жыхароў. У 1806 годзе нашчадкі Берхмана прадалі сваё ўладанне старшыні Мінскай крымінальнай палаты Івану Віктаравічу Любанскаму, які валодаў ужо на Вілейшчыне маёнткам Любань. У 1818 годзе яму спадабалася высокае месца, на якім стаяла вёска Шалавічы, што была на ростанях дарог Вілейка – Нароча – Смаргонь. Тым больш, што побач з Шалавічамі яшчэ знаходзілася і ўрэцкая пушча, якая прымыкала да ракі. Іван Любанскі выселіў 18 сям’яў з Шалавічаў у суседнія вёскі Баранцы, Макаўе, Прынту і ў новыя заснаваныя ім вёскі Доўгае і ўжо неіснуючую вёску Зачарвенне. На вызваленым месцы быў пабудаваны новы фальварак Тэклінаполь, названы ў гонар маці Івана Любанскага Тэклі.
Як распавядае нам пададзеная інфармацыя ў кнізе “Нарачанка і яе берагі” гісторыкаў і краязнаўцаў Сымона Барыса і Анатоля Рогача, старэйшы сын Івана Любанскага Зянон насля службы афіцэрам у расійскім войску вярнуўся ў Беларусь. Калі ён узяў у жонкі Марыю Ляўковіч, бацька аддзяліў сына, аддаўшы яму фальварак Тэклінаполь, які быў выдзелены ў самастойны фальварак з маёнтка Любань. У Тэклінаполі на той час налічвалася 311 мужчын з навакольных вёсак. Паводле інвентару 1846 года, у склад маёнтка ўваходзіла 18 населеных пунктаў: Баранцы (30 хат), Капішча, Мядзведзіна, Каляпіна, Раздоры, Рэчкі, Гасцілава, Печышча (Мамаі), Аляксееў Перавоз, Трапалава, Высокая Прыстань, Асінаўка, Красніца, Ляхаўшчына, Доўгае, Зачарвенне, Прынта, Макаўе.
Усяго ў вёсках, што былі ў маёнтку, налічвалася 85 двароў, у якіх на пана працавала 174 мужчыны і 179 жанчын. У маёнтку было 9 000 дзесяцін зямлі, з іх занятай лесам 6 000 дзесяцін. Уся зямля апрацоўвалася 194 валамі і 71 канём.
Атрымаўшы пасаду прадвадзіцеля (маршалка) дваранства Вілейскага павета, уладальнік маёнтка Тэклінаполь Зянон Іванавіч Любанскі актыўна ўключыўся ў грамадскае і гаспадарчае жыццё краю. Аднак раптам памірае яго жонка, а ўлетку 1855 года сыходзіць і ён сам, на той час яму было 49 гадоў. Дзве дачкі Зянона – Тэафіла і Зянона – засталіся на папячыцельстве яго меншага брата Івана. Старэйшая 18-гадовая Тэафіла праз 4 месяцы пасля смерці бацькі выйшла замуж за Аляксандра Скірмунта, сына ўладальніка з маёнтка Моладава Кобрынскага павета. Запіс метрычнай кнігі Куранецкага касцёла з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Гародні свед-
чыць, што 19 лістапада 1855 года ксёндз Антоні Пузарэвіч павянчаў
«дворянина Александра Скирмунта, юношу 25 лет из имения Молодово прихода Яновского Гродненской губернии Кобринского уезда с дворянкою Теофилою Любанскою, девицею лет 18 из имения Токлинаполь Куренецкого прихода». Далей падаецца, што маладая жонка прынесла ў пасаг фальварак Тэклінаполь, што паблізу Вілейкі. Фальварак не вылучаецца заможнасцю. На 1855 год тут пражывала толькі 28 чалавек і знаходзіўся адзін мураваны дом”.
Аляксандр і Тэафіла Скірмунты выгадавалі 10 дзяцей: сыны Аляксандр (1858–1940), Вацлаў (1867–1872), Раман (1868–1939), Зянон (1874–1910) і дочкі Тэафіла (1857–1935), Браніслава (1864–1916), Ванда (1866–1954), Феліцыя (1873–1950) і Алена (1869–1943?). Сярод іх асабліва вы-
дзяляўся Раман Скірмунт, беларускі і польскі палітычны і грамадскі дзеяч, які меў вялікую папулярнасць сярод шырокіх колаў шляхты і ў часткі мясцовага насельніцтва. Скончыў Рыжскую класічную гімназію. Быў адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Імкнуўся стварыць Краёвую партыю Літвы і Беларусі як міжнацыянальны блок польскіх, літоўскіх і беларускіх партыйных арганізацый. Аўтар прац пра нацыянальнае развіццё беларусаў і літоўцаў. У студзені 1917 года ўзначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У сакавіку–лістападзе 1917 года – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У 1918 г. падчас нямецкай акупацыі ўзначаліў «Мінскае беларускае прадстаўніцтва», ад якога ў красавіку 1918 года ўвайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліпені 1918 г. узначальваў Народны сакратарыят Беларусі (урад). У 1919 годзе быў адным з заснавальнікаў польска-беларускага таварыства ў Варшаве. У 1930 годзе абраны сенатарам Польшчы. Расстраляны пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе. Падобны лёс напаткаў тады і іншых членаў гэтай сям’і.
Сама Тэафіла (з Любанскіх) Скірмунт сябравала з жонкай стрыечнага брата мужа, вядомай пісьменніцай Элаізай Ажэшка. Малодшая на два гады сястра Тэафілы Зянона ўвосень 1856 года таксама выйшла замуж за адстаўнога паручыка Станіслава Швыкоўскага з Беніцы. Маёнтак Тэклінаполь застаўся на папячэнні аканома Антона Аляшкевіча. Хаця сама Тэафіла пасля некалькі гадоў замужжа з вясны да позняй восені ўвесь час праводзіла ў Тэклінаполі, а толькі на зіму вярталася ў Парэчча, дзе жыла разам са сваім мужам. Тут жа, у Тэклінаполі, пазней жыў і малодшы сын Скірмантаў Зянон (1874-1912), які быў жанаты на графіні Марыі Лясоцкай. На той час у яго ўладанні было 477 дзесяцін ворыўнай зямлі, працавала і жыло ў маёнтку 29 чалавек (18 мужчын і 11 жанчын).
Асобнай старонкай маёнтка Тэклінаполь з’яўляецца перыяд Першай сусветнай вайны, калі побач месціліся рускія палкі. Вядома, што на землях маёнтка размяшчаліся правізійныя склады, месціліся бівакі абозаў і будаваліся ўмацаванні, рэшткі якіх яшчэ можна бачыць і сёння пры пад’ездзе да вёскі з боку Вілейкі справа. Тут месціўся і аэрадром.
У 1928 годзе, пасля смерці Тэафілы Скірмунт з Любанскіх, маёнтак Тэклінаполь дзеліцца паміж яе дочкамі Феліцыяй і Тэафілай. Але маёнтак быў падзелены няроўна: Феліцыя атрымала сядзібу і гаспадарку, а Тэафіла толькі зямлю і фальварак Сянное, што знаходзіўся паміж вёскамі Красніца і Ляхаўшчына, плошчай 1420 га з высечаным лесам. Праз 3 гады Феліцыя перадае сваё ўладанне нашчадкам: сынам Яну, Лявону, Аляксандру, Альфрэду, Раману і дачцэ Ізабэле Тэафіле Марыі Навакоўскай. У фальварку на той час было 3359 га зямлі, з іх – 2050 га лесу. Па ўспамінах старажылаў, маёнткам кіравала пані, што вызначалася вельмі дрэнным характарам. У 1938 годзе ў маёнтку было 4 двары і 38 жыхароў.
Зараз ад маёнтка амаль нічога не засталося, толькі некалькі гаспадарчых пабудоў ды рэшткі старога парка.
Дарэчы, у 2014 годзе пад адным са спіленых векавых дрэў былога маёнтка мясцовай дзетварой быў знойдзены артэфакт дома Скірмунтаў маёнтка Тэклінаполь. Гэта кавалерыйская шабля перыяду 1812 года. Вялікай матэрыяльнай каштоўнасці яна не прадстаўляе, але мае адметную гістарычную значнасць. Дзякуючы жыхарцы Шалавіч Вользе Субоце гэтая шабля была перададзена ў Вілейскі краязнаўчы музей, дзе зараз і захоўваецца.
Трэба адзначыць, што такія рэчы былі папулярнымі ва ўбранні былых маёнткаў і фальваркаў беларускай шляхты. Магчыма, у сядзібным доме была і спецыяльная зброевая зала, а можа гэта быў адзінкавы экзэмпляр, што нагадваў аб нейкім прадстаўніку роду ці пэўнай падзеі. Знойдзеная шабля абрасла легендай, што належыла роднаму брату Напалеона Жэрому і тое, што калі яе прадаць, то можна атрымаць вялізныя даходы. Гэта толькі міф. У шаблі выключна гістарычна-мясцовая каштоўнасць. Але цікава, колькі такіх артэфактаў захоўвае вілейская зямля – знойдзеных і пакуль невядомых – зямля шляхецкіх сядзіб і выключных гістарычных падзей.
Сяргей ГАНЧАР/Фота orda.of.by