Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Куранецкае падвор’е ў ліку лепшых

Сям’я Уладзіміра Ігнацьевіча і Ганны Станіславаўны Кузьміч з аграгарадка Куранец удзельнічала ў аглядзе-конкурсе на лепшае ветэранскае падвор’е.

Традыцыйным стала на Міншчыне правядзенне агляду-конкурсу на лепшае ветэранскае падвор’е, якое прайшло сёлета ў трэці раз і было прысвечана Году малой радзімы. Як і ў мінулыя гады, сёлета з ім таксама ўдзельнічалі нашы землякі – сям’я Уладзіміра Ігнацьевіча і Ганны Станіславаўны Кузьміч з аграгарадка Куранец. Матэрыялы пра іх прыгожае і багатае жыўнасцю падвор’е, клопаты гаспадароў (а гэта былі фотаздымкі, відэасюжэт) былі накіраваны на разгляд і ацэнку журы конкурсу.

– Гэта вельмі працавітая і, разам з тым, творчая сям’я, – расказала пра Уладзіміра Ігнацьевіча і Ганну Станіславаўну старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Шэпелева. – На фотаздымках і відэа якраз і занатаваны моманты, калі яны ўсе разам – бацькі, дзеці і ўнукі – шчыруюць на полі, агародзе, падвор’і. То капаюць бульбы, то нарыхтоўваюць сена, то даглядаюць жывёлу. І кветнікі на падворку прыгожыя, дагледжаныя руплівай гаспадыняй, і розныя малыя архітэктурныя формы. Усё гэта – з густам, са сваім адметным бачаннем. І галоўнае – робяць усё Кузьмічы разам, сваёй дружнай сям’ёй. Гэта, відаць, заўважыла і журы конкурсу, якое ўзнагародзіла іх Дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі «Я на падвор’і не адзін».

26 лістапада ў сталічным Палацы культуры ветэранаў адбылася ўрачыстасць, на якой ушаноўвалі пераможцаў агляду-конкурсу на лепшае ветэранскае падвор’е, а таксама лепшых валанцёраў-актывістаў з усіх раёнаў Міншчыны. Прыемна, што і прадстаўніка ветэранаў-валанцёраў Вілейшчыны Якава Дрэера назвалі і ўзнагародзілі ў ліку лепшых у намінацыі «Ветэран – ветэрану».

Маладых душой і няўрымслівых ветэранаў шчыра віталі старшыня Мінскага абласнога савета ветэранаў Казімір Чарапкоўскі, начальнік упраўлення камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Людміла Вашчыла, якія адзначалі, што на Міншчыне з кожным годам шырыцца валанцёрскі рух, а падобныя агляды-конкурсы паказваюць, што ў сталічнай вобласці жыве мноства творчых, неабыякавых пенсіянераў, якія шчодра дзеляцца цеплынёй сваіх сэрцаў з іншымі; дапамагаюць тым, каму цяжка; ствараюць прыгажосць там, дзе жывуць. У такіх людзей трэба вучыцца, іх трэба шанаваць.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена Якавам ДРЭЕРАМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries