Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Інтэлектуальная гульня для школьнікаў па тэме «Першая сусветная вайна 1914-1918 гг.» прайшла ў Вілейцы

На гэтым тыдні на базе Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшла інтэлектуальная гульня для школьнікаў па тэме «Першая сусветная вайна 1914-1918 гг.»

Правядзенне інтэлектуальнай гульні для школьнікаў накшталт вядомага тэлевізійнага праекта «Што? Дзе? Калі?» было арганізавана дабрачынным культурна-гістарычным фондам памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», Вілейскім краязнаўчым музеем, сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Вілейскага райвыканкама ў рамках фестывалю «Званы памяці», прымеркаванага да 100-годдзя Першай сусветнай вайны. Нагадаем, што напярэдадні ў рамках фестывалю праходзілі гістарычныя віктарыны і конкурсы малюнкаў па тэме вайны 1914 – 1918 гг., пераможцы якіх будуць узнагароджаны на заключным мерапрыемстве фестывалю, якое праходзіць сёння на базе Вілейскай гімназіі №2.

Прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні сабраліся каманды знаўцаў з усіх школ горада. Хлопцы і дзяўчаты, якія былі вызначаны як аматары гісторыі свайго краю і, нават, смела можна сказаць – інтэлекетуальнай элітай кожнай установы адукацыі, сфарміравалі 5 каманд. Як і патрабуецца, інтэлектуальную гульню судзіла строгае журы з гісторыкаў і краязнаўцаў, што з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. Барыс Цітовіч, стваральнік адзінага ў Беларусі музея Першай сусветнай вайны, арганізатар фестывалю «Званы памяці» – старшыня журы; Андрэй Каркотка, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея і складальнік пытанняў для гульні; Вольга Коласава, старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея, і Марына Корнева, загадчык аддзялення раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Для каманд-удзельніц было падрыхтавана 30 пытанняў, на кожнае з якіх давалася па 1 хвіліне. Трэба адзначыць, што пытанні былі даволі складанага ўзроўню, часам разлічаныя на эрудыцыю, часам – на глыбокае веданне гісторыі Першай сусветнай, а часам проста на кемлівасць. Некаторыя пытанні былі з курсу школьнай праграмы, асобныя – з серыі спецыялізаванай літаратуры. Адным словам, пытанні былі для сапраўдных аматараў роднай гісторыі, для сапраўдных інтэлектуальных знаўцаў. Гульня была арганізавана з адным перапынкам на пару хвілін, у час якога, самае цікавае, многія ўдзельнікі, карыстаючыся момантам, працягвалі штудзіраваць падручнікі, чытаць у тэлефоне артыкулы, праглядаць свае напрацоўкі. Але гэта на пару хвілін, бо падчас гульні карыстацца можна было толькі сваімі ведамі. Цікава было назіраць за інтэлектуаламі, а менавіта так іх смела можна называць, падчас гульні, бо хлопцы і дзяўчаты ў рамках кожнай хвіліны стараліся ўзгадаць усё, што ведалі, лагічна разважаць, а яшчэ заблытаць суседнія каманды, як быццам услых прамаўляючы свае здагадкі. Яны пасля кожнага адказу радаваліся, перажывалі, зноў загараліся.
Гульня атрымалася. Надышоў час падлічваць балы кожнай каманды і падводзіць вынікі. Трэба сказаць, што кожная каманда паказала свае веды, хтосьці больш грунтоўныя, а хтосьці зразумеў, што трэба больш даведацца аб нейкім пытанні. Але галоўны вынік гульні – дзеці працавалі ў камандзе, яны атрымалі зарад пазітыву, актыўнічалі і зведалі дух спаборніцтва, дакрануліся да гістарычнай спадчыны.

– Сёння вы атрымалі добры ўрок па гісторыі, – адзначыла Вольга Коласава, старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея. – Хочацца выказаць усім вам вялікую падзяку. Вывучайце і цікаўцеся гісторыяй сваёй малой радзімы – няхай гэта будзе парадай для кожнага з вас.

Усе каманды- ўдзельніцы гульні без выключэння атрымалі памятныя дыпломы і падарункі ад арганізатараў мерапрыемства.

– Мы дакрануліся сёння больш грунтоўна да гісторыі падзей Першай сусветнай, – адзначыў Барыс Цітовіч. – Вы атрымалі веды, але кожны, напэўна, зразумеў, што ведае далёка не ўсё. Калі б мы задавалі пытанні па заходне-еўрапейскай гісторыі ці пра кінематограф – вашы адказы, я мяркую, былі б больш грунтоўнымі. Не стаўцеся зняважліва да гісторыі сваёй радзімы, бо сучаснасць і будучыня павінны стаяць на надзейным фундаменце мінулага.

Камандай-пераможцай інтэлектуальнай гульні для школьнікаў па тэме «Першая сусветная вайна 1914-1918 гг.» сталі знаўцы з Вілейскай гімназіі №1 «Логас». Хлопцы, а каманда складалася выключна з іх, паказалі найбольш грунтоўныя веды. Кожнаму з удзельнікаў каманды была падаравана кніга Сяргея Бяспанскага з аўтографам аўтара «Служа примером бесстрашия: кавалеры полного Георгиевского креста – уроженцы белорусских губерний» і сувеніры ад кампаніі «Варгеймінг». Лепшым іграком гульні, па меркаванні журы, быў прызнаны Ілья Курыловіч, якому асабіста падаравалі кнігу нашага земляка Сымона Барыса «Ваеначальнікі з Беларусі». Асобна камандзе Барыс Цітовіч перадаў кнігу Уладзіміра Багданава «Бітва каля Нарачы». Гэта кніга – унікальная праца знакамітага даследчыка і гісторыка Першай сусветнай вайны, які вывучыў і зафіксаваў усе пахаванні супрацьлеглых бакоў Першай сусветнай. Таксама, як і належыць пераможцам інтэлектуальнай гульні, камандзе «Логаса», была ўручана «Сава» – сімвал мудрасці і ведаў. Таццяна Захарыч, адна з арганізатараў фестывалю «Званы памяці», таксама ўручыла камандзе-пераможцы ўнікальны дыск «Максім Гарэцкі. Дыямант у пабітым шкле», які прэзентавалі на адкрыцці фестывалю і які змяшчае восем гадзін запісаў твораў беларускага пісьменніка, удзельніка Першай сусветнай вайны, запісаных голасам сапраўднага сімвала Беларускага радыё Алега Вінярскага ў суаўтарстве з Кастусём Антановічам.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries