16 лістапада – Дзень беларускай лялькі – нефармальнае свята, якое адзначаецца ў нашай краіне пачынаючы з 2010 года.
Са старажытных часоў нашыя бабулі, прабабулі займаліся вырабам лялек. Часцей за ўсё гэта было глубокай восенню, калі заканчваліся работы ў полі і ў жанчын быў вольны час. Лялек вязалі, плялі і ляпілі. Іх дарылі дзецям, а некаторых з іх ставілі на ганаровае месца ў хаце.
Гісторыя сведчыць, што ў вёсках з другой паловы XIX ст. самай распаўсюджанай цацкай сярод дзятвы была лялька, зробленая з тканіны. Яе бераглі, перадавалі з пакалення ў пакаленне. Лялька з тканіны была амаль у кожнай хаце, ёй надавалі ролю берагіні жылля, сям’і.
Яшчэ да нараджэння дзіцяці кожная маці рабіла ляльку-берагіню. Абавязкова – без выкарыстання ножніцаў і іголкі: ляльку нельга было ні ўкалоць, ні парэзаць, паколькі ў ёй захоўваліся мацярынская пяшчота і любоў.
Часта ляльку-берагіню давала жанчына свайму мужу, сыну або брату, калі той быў у вандроўцы або ішоў на вайну. Лічылася, што такім чынам берагіня ахоўвае мужчыну ў дарозе, нагадвае яму аб сям’і і роднай хаце.
Для таго, каб у доме быў дастатак, пасля збору ўраджаю жанчына рабіла ляльку «зернавушку» або «крупенічку». У яе аснове быў мяшочак з зернем. Такую ж ляльку жанчына рабіла, каб у яе былі дзеці.
Восень у традыцыйнай культуры беларусаў – вясельная пара. У вясельным абрадзе выкарыстоўваліся лялькі-«неразлучнікі». Іх дарылі маладой пары. У гэтай лялькі мужчынская і жаночая фігуры сімвалічна аб’яднаны адной рукой, плячом: каб муж і жонка заўсёды ішлі па жыцці разам, падтрымліваючы адзін аднаго, каб у іх сям’і панавалі згода і лад.
На працягу доўгага часу лялькі былі без твару. Лічылася, што твар ёй не патрэбны, бо ў доме не павінна быць лішніх вачэй. Толькі ў канцы XIX ст. у тканевай лялькі пачынае з’яўляцца твар. Звычайна яго малявалі вуглём з печкі, вышывалі, выкарыстоўваючы народную сімволіку.
Грамадскае аб’яднанне «Саюз жанчын БДУ» падрыхтавала выставу да Дня беларускай лялькі, на якой прадстаўлены больш за 50 лялек, выкананых у традыцыйных тэхніках. Паглядзець яе можна ў віртуальным фармаце на сайце ГА «Саюз жанчын БДУ».
Источник: Национальный институт образования