Перадавога механізатара адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Вілія» Уладзіміра Батуру ведаю многа гадоў, бо імя гэтага чалавека заўсёды на слыху. Уладзімір Васільевіч з тых, хто любую справу, якую б яму ні даверылі, выканае якасна і сумленна – такім выхавалі яго бацькі і з такой устаноўкай ён ідзе па жыцці.
Працоўныя дасягненні шчырага працаўніка адзначаліся і адзначаюцца на розных узроўнях, а ў свой час ён быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Вось і сёлета на раённых «Дажынках» Батура быў у ліку механізатараў, якія вызначыліся на сёлетнім жніве.

Адказны працаўнік, прафесіянал сваёй справы, сціплы чалавек – так можна ахарактарызаваць Уладзіміра Васільевіча, і гэта так на самой справе. Але гэта не ўсе яго якасці.
Самае, бадай, важнае, што ён клапатлівы муж і бацька, якога любяць і паважаюць блізкія. У сям’і Уладзіміра Васільевіча
і Таццяны Уладзіміраўны (таксама стараннай працаўніцы гаспадаркі, якая звязала сваё жыццё з жывёлагадоўляй) пяцёра дзяцей, якія, як і іх бацькі, сталі добрымі людзьмі, усе, акрамя васьмікласніка Ягора, ужо ідуць сваімі жыццёвымі дарогамі.
Васіль працуе на сталічным прадпрыемстве, Крысціна выбрала прафесію педагога, Вераніка звязала лёс з воінскай службай, Ульяна вучыцца на спецыяліста ў сферы інфарматыкі і радыёэлектронікі, і толькі ў малодшага пакуль што ўсё ўперадзе, з будучай прафесіяй яшчэ не вызначыўся. Дзве дачкі, Крысціна і Вераніка, ужо маюць свае сем’і, старэйшая парадавала бацькоў першым унучыкам, якому зараз годзік.
Некаторыя з дзяцей у свой час былі памочнікамі ў бацькі-камбайнера на жніве. Калісьці працаваў разам з Уладзімірам Васільевічам Васіль, пазней была ў памочніках Вераніка. А што датычыць Ягора, дык той літаральна не адыходзіць ад бацькі, ва ўсім дапамагае яму і, канешне ж, праз пэўны час будзе памочнікам на ўборачнай. У малодшага, падзяліўся Уладзімір Васільевіч, ляжыць душа да сельскагаспадарчых спраў, таму, магчыма, у сям’і будзе і яшчэ адзін аграрый.
Калісьці, памятаю, сустракалася на полі ў час жніва з Веранікай, якая на той час была ў бацькі памочніцай. Завялі размову пра іх дружную сям’ю.
– Я параўноўваю яе з такім ланцужком, у якім ўсе звенні вельмі моцна звязаны, – так сказала тады дзяўчына. – Вось і ў нас так. Мы з дзяцінства цэнім працу, заўсёды разам, стараемся ва ўсім дапамагаць бацькам.
Цёпла гаварыла тады дачка пра бацькоў, якія для іх, дзяцей, сталі жыццёвым прыкладам літаральна ва ўсім. Даўно гэта было, але вельмі запомнілася…
Сем «я» Батураў – такой атрымалася ячэйка грамадства ў працавітых бацькоў. Дзеці ствараюць свае сем’і, кола блізкіх пашыраецца, і за святочным сталом у родным доме, калі збіраюцца ўсе разам, стала яшчэ весялей. Блізкім ёсць пра што пагаварыць, падзяліцца добрымі пераменамі ў жыцці (не так даўно, напрыклад, Вераніка стала старшым лейтэнантам, і гэта падстава блізкім радавацца і ганарыцца ёю), падзяліцца планамі на будучае.
Тыдзень бацькоўскай любові для Уладзіміра Васільевіча і Таццяны Уладзіміраўны пачаўся з віншаванняў матулі ад дзяцей і закончыўся падзячна-цёплымі іх словамі бацьку. Ды гэта для Батураў не навіна – дзеці на сувязі з імі літаральна штодня, у будні і ў святы. І самая большая радасць для матулі і бацькі – пачуць ад кожнага з дзяцей галоўнае: «Мама і тата, у нас ўсё нармальна…» У гэтым і ёсць, відаць, сапраўднае бацькоўскае шчасце.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва БАТУРАЎ








