Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пераднавагодне-калядныя клопаты: выбіраем роднае, сваё…

Вось ужо гэтыя пераднавагодне-калядныя клопаты! Фрукты і гародніна, цукеркі і шампанскае, каўбасы і сыры – без гэтага не абыходзіцца, напэўна, ні адзін святочны стол. Вось і выбіраем на свой густ і кашалёк. А яшчэ ж трэба паклапаціцца пра падарункі для родных людзей. І ўсё гэта стараемся набыць загадзя, каб у патрэбны момант усё было пад рукой.

Люблю перадсвяточную атмасферу ў магазінах. У аддзеле з цукеркамі ажыўленне. «Дзе тут «Сталічныя», не бачыце?»  – цікавіцца немалады мужчына, уважліва разглядаючы салодкую прадукцыю. «А маім дзецям больш за ўсё падабаецца «Сорванец», – дзеліцца адна з жанчын, якія выбіраюць цукеркі. – Здавалася б, просценькія, танныя, а вось жа любяць…»

Ля стэлажа з гатовымі падарункамі – свае пакупнікі. Разглядаюць, прыцэньваюцца, абмяркоўваюць: «Камунарка»? «Спартак»? «Беларускія»?

Пераднавагодняя мітусня панавала і на калядным кірмашы, дзе, мне здаецца, было ўсё для таго, каб падрыхтавацца да святаў – ад галоўнага атрыбута – елкі – да прадуктаў харчавання і падарункаў на ўсе густы. Куплялі кожны сваё, але ўсіх аб’ядноўвала галоўнае – шукалі беларускае. Пра гэта пыталіся ля палатак з яблыкамі, ласункамі, пасцельнай бялізнай, сувенірамі… Чаму?

Можа, таму, што, як кажуць у народзе, свая сарочка бліжэй да цела, бо, купляючы свае тавары, мы плацім грошы айчынным прадпрыемствам, што вельмі важна. А яшчэ таму, што многія беларускія тавары вядомыя сваёй якасцю і надзейнасцю. Многія з іх маюць міжнародныя серты­фікаты. Так, напрыклад, нашы малочныя прадукты, шакалад і цукеркі, сельскагаспадарчая прадукцыя высока ацэнены замежнымі спажыўцамі. Папулярныя ў гасцей з другіх краін беларускія тэкстыль, касметыка, посуд, дзіцячыя цацкі і многае іншае. «Мілавіца», «Белвест», «Марко», «Нёман», «Камунарка», «Спартак», «Беліта» – тавары гэтых і іншых вытворцаў ведаюць далёка за межамі Беларусі. Ведаюць таму, што ацанілі і зрабілі адпаведныя вывады – адзначылі спажывецкія якасці.

«Кожная пятніца – роднае, сваё!» – праект пад такой назвай стартаваў нядаўна ў Беларусі. Ён накіраваны на павышэнне культуры спажывання, папулярызацыю айчынных тавараў і іх якасці, разнастайнасці беларускіх страў, прыгажосці роднай мовы. Урэшце, чаму толькі ў пятніцу выбіраем сваё? Давайце рабіць гэта штодзённа.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 191 queries