Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Нашай матулі спаўняецца 80 год…

Ёсць на Вілейшчыне ціхі куточак, які месціцца акурат на мяжы са Смаргоншчынай – вёсачка Мечаі. Вёсачка, якой наканаваны самотны лёс – яна з так званых «выміраючых». Яшчэ са два дзесяткі год таму яна жыла, поўнілася вясковымі гукамі, людскімі галасамі. Лічы, у кожным двары краталіся людзі, даглядалі гаспадарку, поркаліся ў гародчыках, збіраліся святамі на вуліцы, каб абмеркаваць апошнія вясковыя навіны. А сёння тут засталіся «апошнія з магікан» – чатыры кабеты ды дзядуля, якога на зіму забірае дачка, што жыве ў Радашковічах.
Сярод жанчын, што жывуць у вёсцы, і мая свякроў, Марыя Канстанцінаўна Манчак. Чаму вырашыла напісаць пра яе і даслаць ліст у раёнку? Для гэтага ёсць сур’ёзная падстава – нашай матулі 4 мая спаўняецца 80 год. Яе жыццё – гэта шлях працаўніцы, што шчыруе на зямлі змалку і да сённяшняга дня. Гасцінная, шчырая, працавітая, спагадлівая, чулая – гэта далёка не ўсе якасці, што ўласцівы гэтай цудоўнай жанчыне.
Нарадзілася Марыя Канстанцінаўна ў 1931 годзе на хутары Каднава, што побач з вёскай Мечаі. Да сялянскай працы яе прывучыў бацька – Канстанцін Іванавіч Лявошка. Паколькі ў сям’і яна была адзіным дзіцем, то бацька навучыў яе і каня запрагаць, і касіць, і за плугам хадзіць. «Дай божа ўсё ўмець, ды не ўсё рабіць,» – любіць паўтараць бабуля Маня.
Жаночы спрыт, уменне ладна весці гаспадарку, цудоўна гатаваць – гэта ў Канстанцінаўны ад маці – Ганны Ільінічны. Такіх пірагоў, якія пячэ наша бабуля Маня, рэдка дзе даводзілася каштаваць. I калі пасля Пасхі прыходжу на работу, калегі перш-наперш пытаюцца: «Ці прынесла бабулінага пірага?».
Марыя Канстанцінаўна – знаўца народных традыцый і абрадаў. Калі ў мяне ўзнікае патрэба правесці з дзецьмі ў школе нейкае народнае свята ці паказаць які абрад, то галоўным «навуковым кансультантам» выступае мая бабуля. Узгадаваная на народнай глебе, яна шчыра захоўвае мясцовыя народныя звычаі, што надае непаўторны каларыт нашым сямейным святам.
…Час ляціць. Выраслі тры сыны, вылецелі з бацькоўскага гнязда. Зараз, аглядаючыся на пражытае жыццё, Марыя Канстанцінаўна з лёгкім сумам заўважае: «Ужо 80 гадоў жыву, а здаецца, як адно імгненне. Добра памятаю вайну: бамбёжкі, пажары. Хаваліся ў кустах, у балоце. Перажылася і пасляваенная галадоўка. Затым пачалі зганяць з хутароў у вёску. Будаваліся, разжываліся, як хто мог. Праца на трудадні, за якія давалі мізэр зерня. А колькі душыліся на лёне, свету не бачачы з-за пылу? Кукурузу палолі, не раўнуючы, як цяпер уласныя грады А яшчэ гектары аполатых буракоў, зжатага сярпом, жыта, выкапанай бульбы, вырванага льну. I ў дадатак – праца на ферме даяркай. Больш за 40 год аддала Марыя Канстанцінаўна гэтай справе. Нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яна яшчэ доўга працавала. За добрасумленную працу не раз была узнагароджана граматамі, каштоўнымі падарункамі, паездкамі па былым СССР. Яе партрэт быў змешчаны на раённай Дошцы гонару. Па працы і пашана такому чалавеку.
Сёння ў бабулі шасцёра ўнукаў, тры праўнукі. Яна шчаслівая, нягледзячы ні на што. Кожны з нас абагрэты яе цеплынёй і ласкай. Яна заўсёды памятае пра ўсе дні нараджэння і стараецца зрабіць кожнаму падарунак. Дзякуючы яе старанню, мы усю зіму ласуемся бабулінымі духмянымі траскаўкамі (так тут называюць клубніцы). 3 гаспадаркі на сённяшні дзень у бабулі засталіся куры, сабачка і тры каты. Што ж зробіш? Сіла ўжо не тая: усё ж узрост. Але яе працавітасць, нежаданне сядзець без справы, няўрымслівасць выклікаюць здзіўленне і павагу. Хочацца пажадаць гэтай жанчыне-працаўніцы, жанчыне-маці, жанчыне-пакутніцы жыць яшчэ доўга-доўга, радаваць і саграваць нас сваёй пяшчотай і любоўю. Нізкі табе паклон і шчырая ўдзячнасць за тваю дабрыню і клопат. Мы цябе ўсе любім, наша дарагая бабуля Маня! 3 юбілеем!
Таццяна МАНЧАК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 183 queries