Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Ганароваму грамадзяніну Вілейскага раёна Вадзіму Булгаку – 80!

У свой час ён быў адным з самых маладых кіраўнікоў, хто заняў сакратарскае крэсла у канцы сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Аб першым сакратары Вілейскага гаркама партыі, кіраўніку і ганаровым грамадзяніне Вілейшчыны – Вадзіме Булгаку – мы ўзгадваем ў гэтыя юбілейныя для яго дні.

Вадзім Булгак уручае карткі кандыдатаў у члены КПСС.  Фота з архіва рэдакцыі
Вадзім Булгак уручае карткі кандыдатаў у члены КПСС. Фота з архіва рэдакцыі

Вадзіма Булгака кожны, хто яго ведае, узгадвае як выключнага лідара, наватара і рызыковага кіраўніка, для якога звычайны чалавек, яго пазіцыя, патрэбы і памкненні былі на першым месцы.

– Усе гады, што прабыў Вадзім Булгак ў раёне, ён быў менавіта лідарам, а не функцыянерам, – гаворыць пра свайго сябра і саратніка Яўген Ігнатовіч, былы старшыня раённага Савета дэпутатаў двух скліканняў. – Вадзім Антонавіч меў незвычайную інтуіцыю, якая дапамагала яму вызначаць і затым рэалізоўваць тую перспектыву развіцця, якая на той момант і патрэбна была рэгіёну.

У свой час ён выразна ўлавіў усе перадавыя тэндэнцыі, выкліканыя да жыцця прынятымі ў той час праграмамі гаспадарчага будаўніцтва. І сапраўды, менавіта на пачатак васьмідзесятых гадоў прыпадаюць выдатныя навацыі ў сельскагаспадарчай галіне. Раённыя аграпрамысловыя аб’яднанні – гэта быў новы орган кіравання сельскай гаспадаркай на месцах. І ствараліся яны з мэтай, каб у адзіным рэчышчы, на вынік, працавалі не толькі вытворцы прадукцыі, але і перапрацоўшчыкі, арганізацыі, якія абслугоўваюць вёску. Адначасова вырашаліся праблемы сацыяльнага развіцця вёсак. Вадзім Булгак стаяў ля вытокаў стварэння Вілейскага РАПА. Разам з камандай аднадумцаў ён знаходзіў тыя метады і рашэнні, якія яшчэ не існавалі ў БССР. «Варыянт «Вілія» – так з падачы рэспубліканскіх і савецкіх СМІ быў названы вілейскі эксперымент, пра які нават друкаваны орган ЦК КПСС, газета «Правда», пісала ў тыя часы, як пра самы карысны досвед. Таму ў кандыдацкай дысертацыі, якую пасля абараніў Вадзім Булгак, усё – ад практыкі ў нашым раёне. А гэтую практыку Булгак набываў разам з аднадумцамі – Анатолем Нікановічам, спачатку другім сакратаром гаркама партыі, потым – старшынёй райвыканкама, Мікалаем Багуцкім, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі. Разам з ім працавалі, як кажуць, у адной звязцы, Іван Харкевіч, Віктар Анікеенка, Яўген Ігнатовіч, кожны з іх аднолькава суперажываў за справу. Віктар Лемех, дырэктар Ільянскага саўгаса-тэхнікума, Раман Дорскі, старшыня калгаса «Рассвет», Васіль Шалкоў, Васіль Сільвановіч, Пётр Глускі, Мікалай Більдзюг, Генадзь Міргалоўскі, Чэслаў Лемеш, Станіслаў Сінельнікаў – усе яны, як і многія іншыя, з кагорты кіраўнікоў, якія пакінулі на Вілейшчыне глыбокі след, і аб гэтым не раз казаў Вадзім Антонавіч.

«На Вілейшчыну мяне «дэсантаваў» Пётр Міронавіч Машэраў», – неяк узгадваў Вадзім Булгак. Хаця Вілейскі раён і раней не быў для яго чужым – тут, у якасці фінансавага, а затым і камсамольскага работніка, Вадзім Антонавіч пачынаў свой працоўны шлях. «Тут, на Вілейшчыне, мы з Віктарам Няхаевым «павярнулі Леніна», – любіў жартаваць Вадзім Антонавіч. – «Мы тады вырашылі рэканструяваць плошчу. Узор з Вільнюса запазычылі – Нікановіч туды асабіста з’ездзіў. Ну, і Ільіча тварам да народа развярнулі. Я за такое самаўпраўства ледзь было партыйнага білета не пазбавіўся». Засталіся напамінам аб дзейнасці Вадзіма Булгака ў нашым горадзе і Палац культуры, паліклініка і многія іншыя аб’екты.

З юбілеем, паважаны Вадзім Антонавіч!

Падрыхтаваў Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 29 queries