– У акцыянерным таварыстве, – расказвае дырэктар райаграсервіса Аляксандр Бядрыцкі, – распрацаваны ўмовы спаборніцтва сярод розных катэгорый працаўнікоў. Падарункі за лепшыя паказчыкі прадугледжаны і для механізатараў, і для слесараў, і для вадзіцеляў… Пачаць вырашылі з жывёлаводаў.
Людміла Мамчыц, аператар машыннага даення кароў з фермы «Кавалі», на адным месцы працуе ўжо 26 гадоў. Ярмолічы-Кавалі – такі яе штодзённы шлях, які яна пераадольвае на двухколавым транспартным сродку. Такім чынам эканоміць час. Бо дома таксама чакаюць звыклыя вясковыя клопаты. На падвор’і – карова, конь, ну, і астатняя жыўнасць, якую прывыклі мець у хляве дбайныя гаспадары. Кавалеўскія жывёлаводы цэнтралізаваным парадкам сабраліся на медагляд. І новы веласіпед Людміла Мамчыц атрымлівала з рук дырэктара райаграсервіса пад дружныя апладысменты і дасціпныя жарты сябровак па працы.
Ферма «Асіпавічы» заўсёды ўражвае прыбранасцю і звыклай для яе ўтульнасцю, якія не часта сустрэнеш нават на асабістых сялібах.
– Люблю парадак, – абводзіць Аляксандр Бядрыцкі ўважлівым поглядам тэрыторыю, на якой нават за самую маленькую неахайнасць нельга воку зачапіцца. Усюды асфальт – даяркі ў гэты час, відаць, забыліся на гумовыя боты. А вось іх імкненне да вытворчага дызайну нельга не ацаніць. Перад уваходам у малочны блок – імправізаваны сюжэт вясковай ідыліі.
– Вы яму вопратку памяняйце, а то за зіму знасілася, – жартаўліва ківае ў бок засяроджанага «рыбака» Аляксандр Бядрыцкі. Ужо і клумба наладзілася заквітнець, і куток адпачынку каля альтанкі хутка ўпрыгожаць экзатычныя туі. Ёсць такі намер у кіраўніцтва. А тэлевізары «Віцязь» у якасці заахвочвання за працу ўручаюцца двум аператарам – Марыне Снятковай і Людміле
Бядрыцкай. У абедзвюх леташні надой на карову пераўзыйшоў шасцітысячны паказчык.
Апошняя кропка ў «віншавальным» маршруце – ферма «Талуць». Па дарозе дырэктар райаграсервіса расказвае, што вытворчыя паказчыкі там пакуль сціплыя. Ёсць праблемы, якія не ад адных жывёлаводаў залежаць. Але з цягам часу, лічыць Аляксандр Яўгеньевіч, заблытаныя вузлы развяжуцца. Галоўнае, каб працаўнікі верылі ў гэта і адчувалі да сябе павагу.
Відавочна, наступае той момант, калі сплятаюцца ў адно цэлае маральныя і матэрыяльныя стымулы. Тады цяжка з гэтага перапляцення выдзеліць прыярытэты, – думала я, назіраючы, як шчыра і адкрыта гутарыць кіраўнік з жывёлаводамі, чуйна рэагуючы на кожную іх просьбу ці заўвагу. А веласіпед атрымоўвае даярка Тарэза Гокк, у якой пакуль лепшыя на ферме паказчыкі. Цікавы і зменлівы лёс у гэтай жанчыны. Дваццаць год таму перасялілася яе сям’я ў Журыхі, пакінуўшы ўзрушаную перабудовай Кіргізію. Гаспадарка выдзеліла жыллё, а наконт работы выбару
асаблівага не было. Але гэтаму Тарэза Міхайлаўна толькі рада. «Калектыў у нас дружны, – кажа, – ні плётак ніякіх, ні зайздрасці. Дапамагаем адзін аднаму, выручаем, як трэба. Каб вы ведалі, як дома лёгка дыхаецца…” Лёс закінуў маю суразмоўцу на далёкую чужыну, але карані яе – у гэтых мясцінах.
Быў дзень пятага мая, калі мы, журналісты, адзначаем сваё прафесійнае свята. І жывёлаводы не забылі мяне з ім павіншаваць. Так і расталіся, жадаючы адно аднаму дабра і здароўя. У надзеі на новыя сустрэчы.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
Майскія сюрпрызы
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


