Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Уладзімір Цанунін – лаўрэат літаратурнай прэміі імя М. Багдановіча

На абласны літаратурны конкурс, які праводзіцца Мінскім аблвыканкамам раз у два гады, было пададзена 24 творы, з іх 6 сталі пераможцамі. У ліку лаўрэатаў – віляйчанін Уладзімір Цанунін са сваім зборнікам паэзіі.

Лаўрэатаў прэміі ў галіне літаратуры, заснаванай Мінскім аблвыканкамам, у сталічным рэгіёне ўпершыню назвалі ў 2007 годзе, а ў далейшым сталі вызначаць раз у два гады. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама і Мінскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: «проза», «драматургія», «публіцыстыка», «дэбют», «для дзяцей і юнацтва», «літаратурная крытыка і літаратуразнаўства» і «лепшы зборнік паэзіі». Мэтай літаратурнага конкурсу з’яўляецца захаванне лепшых традыцый беларускай літаратуры, павышэнне яе сацыяльна-грамадскага статусу, падтрымка і стымуляванне таленавітых аўтараў і творчай моладзі. Падобны конкурс з’яўляецца працягам глыбокіх літаратурных традыцый, якія існуюць на Міншчыне, дзе жылі і тварылі класікі нацыянальнай прозы і паэзіі. Невыпадкова кожная з конкурсных намінацый носіць імя славутых ураджэнцаў сталічнага рэгіёну – Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Паўлюка Труса. Пры вызначэнні пераможцаў строгае журы ўлічвае актуальнасць тэмы твора і яго літаратурна-мастацкі ўзровень, сучаснасць падыходаў да распрацоўкі тэмы, адпаведнасць ідэям гуманізму і агульначалавечым каштоўнасцям, а таксама выкарыстанне матэрыялаў і вобразаў з жыцця Міншчыны.

Віляйчанін Уладзімір Цанунін, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, які з’яўляецца аўтарам больш за тры дзясяткі паэтычных зборнікаў і аўтарам-выканаўцам выдатных песень, удзел у конкурсе прымаў з адным з апошніх сваіх зборнікаў паэзіі «Страчанае рэха». І менавіта гэты зборнік быў адзначаны абласной літаратурнай прэміяй імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «лепшы зборнік паэзіі». Аўтар арыгінальна пабудаваў свой твор, злучыўшы поры года з паводзінамі жывёл. І, зразумела, вершаваны зборнік адкрывае вясна як сімвал абуджэння прыроды, прадчування цёплага лета для людзей і лясных жыхароў. Першая ідэя падобнага зборніка нарадзілася яшчэ у тыя часы, калі Уладзімір Цанунін працаваў у Белавежскай пушчы, дзе пісаў шмат вершаў і замалёвак пра непаўторную прыгажосць некранутай часткі нашай прыроды. І першая магчымасць выдаць падобны зборнік надарылася каля дзевяці гадоў назад. Новая ж кніга «Страчанае рэха» – таксама пра дзіўны свет птушак і жывёл, пра прыгажосць беларускай прыроды. А наогул, як прызнаецца сам паэт, у паліцах яго рабочага стала у рукапісах ляжыць яшчэ добры дзясятак зборнікаў, якія чакаюць свайго выдання.
Віншуем нашага земляка з заслужаным прызнаннем і жадаем выдаць яшчэ не адзін зборнік вельмі шчырай і цікавай для нас, чытачоў, паэзіі.

Сяргей ГАНЧАР/Фота Паўла АРЛОЎСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 143 queries