Шэсцьдзесят шэсць зімаў і вёснаў прайшло з моманту заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. І ўжо чацвёртае пакаленне маладых беларусаў разважае пра яе. Што думаюць пра вайну сённяшнія школьнікі, якія асацыяцыі яна выклікае ў іх – у гэтым апытванні.
Кацярына Лазарава: «Вайна – жудасная падзея, гэта страта родных. Пры гучанні слова «вайна» ў мяне пагаршаецца настрой, становіцца сумна. Шкада тых, хто загінуў. Яны ні ў чым не вінаватыя. Да ветэранаў у мяне асаблівая павага. Гэтыя мужныя людзі ратавалі краіну, ішлі да канца ў барацьбе з ворагам. Нашых ветэранаў трэба шанаваць, адносіцца да іх з павагай. Мой прадзядуля Мікалай Лазараў таксама ваяваў, а прабабуля Станіслава Макатовіч была ў партызанах, дапамагала параненым. Таму свята перамогі важнае для мяне. Не было б яе – магло не быць і нас сённяшніх.»
Ганна Касовіч: «Са словам «вайна» ў мяне асацыіруюцца словы «жах», «крык», «слёзы», «пакуты». Вайна нікога не пакінула абыякавым, кожны ў сваім сэрцы нясе адбітак гэтага болю. Нават маленькія дзеці разумеюць жахлівасць гэтай падзеі. Мой прадзед Канстанцін Жаўнерчык падчас вайны пісаў бабулі лісты. Апошні ліст прыйшоў у канцы сорак чацвёртага. З той пары прадзед лічыцца прапаўшым без звестак. Сумна, што прайшоў амаль усю вайну, і так усё скончылася.»
Ганна Верамей: «Для мяне слова «вайна» ў першую чаргу азначае смерць і жорсткасць. Я чытала многа кніг пра вайну, і заўсёды перад вачыма паўставалі страшныя карціны. Шмат крыві, шмат пакут… Я вельмі рада, што нарадзілася ў мірны час і не адчула тых жахаў, якія прыйшліся на долю маіх продкаў. Лічу, што ў наш час усе пытанні паміж краінамі можна вырашыць мірным шляхам, пры дапамозе слоў.»
Юля Жук: «Вайна – гэта памяць пра майго прадзеда. Ён быў на вайне і выжыў. У прадзядулі не было ніякіх раненняў. Яго звалі Сямён Субач, служыў пад Ленінградам. Памятаю, у яго было шмат медалёў, якія ён паказваў нам з братам Лёшам і шмат расказваў пра вайну.»
Ганна Тамашэвіч: «Мой дзядуля не ваяваў, а ваяваў прадзед – Іван Бірыла. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам, быў паранены. Ад слова «вайна» мне становіцца страшна. І да яго хочацца дадаць слова «мір». Я нарадзілася амаль 9 мая – ноччу 8 мая.»
Ксенія Гулецкая: «Вайна – гэта такі страх, усё такое чорна-белае. Мой прадзед Леанід Лагуноў быў на вайне, мне пра яго расказвалі мама і тата. Вайна – гэта зло. Хачу пажадаць усім людзям, каб яны былі здаровыя, і каб не было ніякіх войн.»
Падрыхтавала Таццяна ШАРШНЁВА
Фота аўтара







