Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

АПЫТАННЕ. Мой настаўнік…

Калі ў скверы каледжа вецер пачынае шпурляць барвовае лісце, значыцца мы – на парозе
свята. Дзень Настаўніка прыпадае на пачатак кастрычніка, той самы пачатак восені, які пакідае душы надзею. У які добра марыцца і ўспамінаецца.

…Ах, гэта светлая настальгія. І ў памяці… Так, сапраўды ў памяці твары тых, каго сёння няма побач. А гэта яны, любімыя, добрыя, патрабавальныя, нашыя ўседаравальныя настаўнікі… Куды толькі не заносяць жыцця віражы. Але мы, пакінуўшы сцены каледжа, не забудзем імёны нашых педагогаў і майстроў, якія не толькі навучылі нас прафесіі, але і ўменню успрымаць гэты шматколерны свет. Будзем памятаць жыццёвую навуку дырэктара каледжа Ігара Сямёнавіча Кіцікава. І адно з яго галоўных настаўленняў: сапраўдны мужчына павінен умець абараніць не толькі сябе, але і сваю сям’ю, любімую жанчыну, Радзіму…

А якім жа бачыцца ідэал настаўніка тым віляйчанам, з якімі мы сустрэліся напярэдадні свята?

Ірына Супрановіч, старшыня Крывасельскага сельвыканкама:

– Я скончыла дзевяць класаў Крывасельскай сельскай школы, а потым вучылася ў Куранецкай школе. На ўсё жыццё запомніла свайго першага педагога Алену Мікалаеўну Гайчук, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, і ўдзячна ёй за ўсё. Яна заўжды нас вучыла быць сумленнымі і адданымі сваёй малой радзіме. На мой погляд, менавіта такімі павінны быць сучасныя настаўнікі.

Ірына Андруконіс, педагог:

– Ідэальны настаўнік, які любіць сваю працу і дзяцей. Я з тых, хто дзяцей любіць. Хутка профіль маёй працоўнай занятасці зменіцца. Мой дыплом дазваляе гэта.
Захавалася светлая памяць пра настаўніка Міхаіла Антонавіча Іванова. Ён выкладаў рускую мову ў першай школе. Я была яго вучаніцай. Вольга Анатольеўна Насякайла, матэматык, Валерый Уладзіміравіч Бохан, «англічанін»… І самая першая мая настаўніца Ганна Рыгораўна Весялуха. Усе яны – у кантэксце таго ідэальнага вобраза настаўніка, які я сабе ўяўляю.

Тэрэса Куцько, загадчык магазіна №8 «Сняжынка» КУП» Садружнасць»:

– Я скончыла Даўгінаўскую сярэднюю школу. Ніколі не забуду, як да нас у клас зайшла вельмі прыгожая, строга апранутая настаўніца. Прадставілася: Галіна Васільеўна Тупіцына. Буду выкладаць у вас англійскую мову. Мы ўсе адразу звярнулі ўвагу на яе манеру паводзін, строгую і адначасова далікатную. З ёю мы не маглі сабе дазволіць нейкую вольнасць у адносінах. Была ўзаемная павага настаўніка і вучня.

Кажуць, што сёння дзеці-акселераты. Хутка развіваюцца, многае дазволена… Але мой унук, калі ў школе штосьці не атрымоўваецца,чуць не ліе слёзы. Яму няёмка засмучаць сваіх настаўнікаў.

Людміла Сівіцкая, выхавацель ДРАЦ «Надзея»:

– Сучасны настаўнік павінен крочыць у нагу з часам – гэта маё глыбокае перакананне. Ведаць камп’ютар, прысутнічаць у сацыяльных сетках… І такім чынам размаўляць з дзецьмі на адной мове. А самае галоўнае – любіць сваіх выхаванцаў. Усяму астатняму можна навучыцца. А вось сэрцу – не загадаеш… Мне пашчасціла працаваць у «Надзеі». Тут усе мы – аднадумцы. У нас – узаемная падтрымка. Нам дарагія нашыя выхаванцы. Дзеля іх дабрабыту, пазітыўнага светаадчування мы гатовы да любога кампрамісу.

Пётр Петрашэвіч, слесар па рамонце аўтамабіляў. Толькі што прайшоў тэрміновую службу:

– Настаўнік, на мой погляд, павінен быць добрым, справядлівым і кампетэнтным. Не ведаю нават, якой уласцівасці характару тут можна аддаць прыярытэт. Сам я скончыў Нарачанскую сярэднюю школу. І сутыкнуўся па жыцці з настаўнікамі, якія валодалі менавіта гэтымі якасцямі. Раіса Міхайлаўна Ількевіч, Аляксандр Георгіевіч Сільвановіч, я памятаю вас, я цаню ваш інтэлект, прафесіяналізм і ваш уплыў на мой жыццёвы выбар.

Інтэрв’ю правялі ўдзельнікі клуба «Юны журналіст» Вілейскага дзяржаўнага каледжа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 147 queries