Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейскім раёне прайшла экалагічная акцыя «Дрэва замест букета»

Сёння праблемы экалогіі, эканомікі і забеспячэння паліўна-энергетычнымі рэсурсамі ва ўсім свеце прымусілі чалавецтва перагледзець сваё спажывецкае і марнатраўнае стаўленне да прыроды і задумацца аб фарміраванні культуры энергазберажэння. У ДУА «Ільянская сярэдняя школа імя А.А. Грымаця» навучэнцы, іх бацькі і настаўнікі з 2012 года удзельнічаюць у праекце «Сістэма экалагічнага менеджменту», а з 1 верасня 2019 года школа рэалізуе педагагічны праект «Развіццё экалагічнай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове стратэгіі ўстойлівага развіцця». Мэтай праекта з’яўляецца фарміраванне і развіццё асобы вучня, гатовай адэкватна ўзаемадзейнічаць у сістэме «Чалавек – грамадства – прырода» на аснове практыка-арыентаванага падыходу ў рамках адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі. Нашы вучні не толькі ведаюць як, але і ўмеюць практычна ўжываць экалагічныя веды пры выяўленні, вырашэнні і папярэджанні экалагічных праблем, паляпшэнні стану навакольнага асяроддзя.

Штогод у краіне да Дня настаўніка прадаюцца сотні тысяч букетаў, якія праз некалькі дзён пасля свята адпраўляюцца ў смецце і папаўняюць звалкі, якія растуць з кожным днём. Прычым значная частка кветак, якія прадаюцца ў нас, дастаўлена ў Беларусь з Галандыі самалётам, а значыць, іх шлях суправаджаўся выкідам вуглякіслага газу. Таму замест букетаў нашы вучні ўжо другі год дораць настаўнікам дрэвы, якія садзяць на школьным двары.

З 1 па 5 кастрычніка прайшла экалагічная акцыя «Дрэва замест букета», у якой прынялі ўдзел навучэнцы 1-11 класаў. У выніку каля школы пасаджана больш за сто мясцовых відаў дрэў і кустоў, якія заўсёды раслі на нашых тэрыторыях: бяроза, ліпа драбналістая, дуб чарэшчаты, каліна, рабіна звычайная, дзёран чырвоны і белы, лапчатка, кізільнік і іншыя. Акцыя прайшла без інвазіўных відаў, распаўсюджванне якіх нясе небяспеку для прыроды Беларусі. Дрэвы і кусты будуць расці разам з вучнямі і стануць сімвалам развіцця, дабрыні і мудрасці. Падарыўшы дрэва настаўнікам, вучні падарылі нашаму аграгарадку глыток свежага паветра і ўпэўненасць у захаванні біяразнастайнасці беларускай прыроды.
Саджанцы дрэў і кустоў былі прадастаўлены бацькамі навучэнцаў і шэфскай арганізацыяй ДВЛУ «Вілейскі вопытны лясгас».

А.М. МІХАЛЁНАК, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Ільянская сярэдняя школа
імя А.А. Грымаця»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries