Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

А ён сказаў «хутка»…

Учора мама пякла булкі. Высокія, румяныя, яны стаяць зараз на стале, прыкрытыя ручніком. А такія пахучыя! Праходзячы міма, Аленка не ўтрымалася і адшчыпнула маленечкі кусочак, пакаштавала. Якраз трапіўся з разынкай… Смаката! А яшчэ ў хаце смачна пахне адваранымі мясам і каўбасамі. І хоць Аленка не вялікі аматар іх паесці, а пах гэты ўдыхае з асалодай.
Да Вялікадня заўсёды рыхтаваліся загадзя. Аленка з самага маленства памятала, як мама да гэтага светлага дня пераклейвала шпалеры ў іх невялічкіх пакойчыках, фарбавала вокны і дзверы, старанна шаравала столь. У доме з’яўляліся новыя фіраначкі, сурвэтачкі, зробленыя нястомнымі мамінымі рукамі. А самае прыемнае, што ў іх доме была добрая традыцыя: да Вялікадня купіць дзецям абноўкі. Як бы ні было складана маме, нешта новенькае для Аленкі і яе малодшага брата Ігарка яна рыхтавала.
Так атрымалася, што ўжо некалькі гадоў яны жылі ўтрох: мама і яе дзеці. Аленцы было гадоў пяць, як бацька пайшоў з сям’і. Дзяўчынка памятае, як перад гэтым бацькі нешта доўга высвятлялі, тата нават крычаў, а мама, трымаючы маленькага Ігарка, плакала… Хутка бацькі ў доме не стала. Аленка тады не разумела, чаму бабуля, гладзячы іх па галовах, называла «бедненькімі» і змахвала слязінкі…
Крыху пазней, ужо школьніцай, дзяўчынка даведалася, што іх тата пераехаў у горад, дзе ў яго цяпер новая сям’я. Праўда, мама заўсёды старалася абыходзіць гэту тэму. Спачатку, калі малыя пыталіся пра бацьку, яна адказвала, што ён на працы. З цягам часу дзеці перасталі пытацца пра таго,каго іх жыццё, відаць па ўсім, не цікавіла…
Іх сустрэча адбылася ў мінулым годзе якраз на Вялікдзень. Алёнка, з самай раніцы адведаўшы свянцонкі і смачных страў, пабегла да сяброўкі. Вярнулася – і аслупянела: за сталом, побач з мамай і бабуляй, сядзеў бацька. Зусім не такі, якім быў у яе памяці, пастарэлы.
– О, якая ты ўжо дарослая! – сустрэў ён Алёнку. – І такая прыгожая…
А затым палез у кішэню, выцягнуў адтуль чырвонае яйка,працягнуў дачцэ… Потым прыгарнуў яе да сабе і, дыхнуўшы пахам тытуню і гарэлкі, пацалаваў у шчаку.
Развітваючыся, ён прыціснуў да сябе дзяцей і неяк няўпэўнена-запытальна сказаў, што, магчыма, хутка яны будуць разам. З месяц Аленка чакала, калі ж яно будзе, тое «хутка»…
Мінуў год. Заўтра Вялікдзень, якога Аленка чакае з нецярпеннем. Мама купіла ёй прыгожыя туфелькі з банцікамі, пра якія дзяўчынка марыла. У свята яна абавязкова абуецца ў абноўку і пойдзе да сяброўкі. Ненадоўга, толькі паказацца – і дамоў.Тут яе будуць чакаць мама, бабуля, Ігарок… І больш нікога. А ім больш ніхто і не патрэбны, суцяшае сябе Аленка. І толькі недзе глыбока-глыбока ў душы хаваецца спадзяванне, што сказанае бацькам «хутка» якраз і здарыцца на Вялікдзень…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries