Сёлета з усіх краін-удзельніц на сайт кампанii «Жывой вясны» паступіла 18626 назіранняў. Ад нашай краіны — 2703. Беларусь, як і летась, заняла 3-е месца. На першым месцы — Расiя (4364 назіранняў), на другім — Ірландыя (3276 назіранняў).

Падчас міжнароднай кампаніі ўдзельнікі заносілі на інтэрактыўную карту свае першыя сёлетнія назіранні птушак — вястунняў вясны: белага бусла, ластаўкі-зямлянкі, гарадской і вясковай ластавак, свіргуля, шчуркі-пчалаедкі і зязюлі. Чым больш на карту дадавалася назіранняў, тым больш насычаны рабіўся колер краіны. Так мы назіралі, як вясна прыходзіць у розныя краіны.
«Жывая вясна» — міжнародны праект, які ставіць мэтай прыцягнуць увагу і цікавасць дзяцей і дарослых да прыроды і да захавання пералётных птушак. Птушкі, якія адлятаюць у вырай, вясной пераадольваюць тысячы кіламетраў на цяжкім шляху дадому. Кампанія расказвае, якія перашкоды сустракаюцца на шляхах птушак і як мы можам дапамагчы.
Яшчэ «Жывая вясна» праводзіла конкурс фатаграфій птушак: белага бусла, вясковай ластаўкi, чорнага свіргуля, зязюлi, шчуркi-пчалаедкi i ластаўкi-зямлянкi. У конкурсе на найлепшы здымак «Вясна ў аб’ектыве» мы адзначылі некалькі фота. Выбар быў нялёгкі, але вельмі захапляльны, бо на конкурс даслалі 73 працы.
Хто ж перамог у конкурсе «Жывой вясны»?
Першае месца — Сяргей Марыніч:

Белыя буслы. Фота Сяргея Марыніча
Другое месца — Сяргей Марыніч:

Вясковыя ластаўкі. Фота Сяргея Марыніча
Другое месца — Марыя Долбiч:

Белы бусел. Фота Марыі Долбіч
Трэцяе месца — Вiкторыя Сячко:

Белы бусел. Фота Вікторыі Сячко
Пераможцы конкурсу атрымаюць па пошце дыпломы, прызы і памятныя сувеніры ад АПБ.







