Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Смачна есці!» па-зенітаўску

З гэтых настальгічных успамінаў пачалася наша размова з начальнікам цэха грамадскага харчавання прадпрыемства Ганнай Пустул. Шмат гадоў працуе яна тут, таму добра памятае і людзей, і розныя падзеі ды перамены.

– Так-так, і торт «Птушынае малако» памятаю, – пацвердзіла Ганна Якаўлеўна. – Нават яго вагу назаву: кілаграм і дзвесце грамаў.

Сёння зенітаўскі цэх грамадскага харчавання – гэта яна, кіраўнік, загадчыца вытворчасці Людміла Лях, повар Наталля Занкавіч, пекар Таццяна Маркевіч. Утульнасць і чысціню стварае рабочая кухні Людміла Свяршчэвіч. Доўгія гады працуюць яны разам, і за гэты час сталі адной сям’ёй, у якой давяраюць адно аднаму, не сумняваюцца ў прафесіяналізме калег і ведаюць, што ў патрэбны час яны дапамогуць, зразумеюць, падтрымаюць. Гэта еднасць прыходзіць з гадамі, калі, як кажуць, разам з’едзены не адзін пуд солі, многае перажыта і дасягнута.

Раней за іншых, расказала Ганна Якаўлеўна, пачынаецца рабочы дзень у повара – трэба папрацаваць, каб да 11 гадзін, калі ў завадчан пачынаецца абед, былі гатовы не толькі смачныя і карысныя стравы, але і выпечка, якую людзі з задавальненнем спажываюць.

– Плануючы сваю работы, стараемся ўлічваць усе пажаданні работнікаў прадпрыемства, – расказала Ганна Пустул. – Хочацца, каб харчаванне іх было разнастайным і смачным. Таму і з’яўляюцца  ў меню іншы раз, напрыклад, заліўная рыба, калі атрымаем заказ на яе прыгатаванне, салаты, якія карыстаюцца асаблівым попытам. Прыемна, калі бачым, што стравы людзям падабаюцца, калі чуем падзячныя словы.

Цікава і па-сямейнаму цёпла праходзяць на заводзе разнастайныя мерапрыемствы, якія сталі тут традыцыйнымі.

Гэта і святочныя «агеньчыкі», і ўрачыстае ўшанаванне ветэранаў альбо маладых спецыялістаў, і сустрэчы з цікавымі людзьмі, і розныя святы, якія ладзяцца на заводскай прахадной. І ні адно мерапрыемства, арганізаванае сумеснымі намаганнямі кіраўніцтва і прафсаюзнай арганізацыі, не праходзіць без ласункаў ад заводскага цэха грамадскага харчавання. Такое вось удалае сумяшчэнне харчу духоўнага і надзённага атрымліваецца…

Пра сваіх калег-паплечнікаў і іх роднае прадпрыемства Ганна Якаўлеўна гаворыць з непрыхаванай цеплынёй у голасе. Як пра самае роднае, блізкае… Ды яно так і ёсць, бо гэтым людзям і гэтай справе аддадзены не адзін дзясятак яе працоўнага жыцця. Нават у водпуску жанчына жыве клопатамі свайго калектыву. Ёй штодня тэлефануюць, раяцца, трымаюць у курсе ўсіх падзей. Вось і цяпер яна ў чарговым адпачынку, які, як і заўсёды, праводзіць у роднай вёсачцы Рэдзькавічы на Вязыншчыне. Тут жыве яе 86-гадовая матуля, якую дзеці і ўнукі агарнулі ўвагай. Агароды, палетак бульбы патрабуюць працавітых рук, і сям’і  маёй суразмоўцы тут спраў хапае. А сям’я яе – муж,  з якім жывуць душа ў душу, сын з дачкой, нявестка, зяць і чацвёра любімых унукаў. Тут, у Рэдзькавічах, кожнаму ёсць занятак па душы, таму ніколі не пустуе бацькоўскі дом.

Напэўна, кожны з нас назаве свае складаемыя шчасця. Але ў гэтым пераліку, думаю, абавязкова будуць названы моцная сям’я, дзе пануюць любоў і павага, і любімая работа, на якую заўсёды хочацца ісці. Усё так, як  у маёй новай знаёмай, сустрэча з якой адбылася напярэдадні Дня работнікаў гандлю. А гэта свята, адзначыла Ганна Якаўлеўна, і яе ( у свой час  атрымала гандлёвую адукацыю), і яе калег па працы.

– Хочацца ад усяго сэрца павіншаваць усіх гандлёвых работнікаў, – сказала напрыканцы размовы жанчына, – і пажадаць ім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, працоўных поспехаў і людской удзячнасці. Гэта так важна – любіць справу, якую выбраў, і ведаць, што яна прыносіць людзям радасць.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 55 queries