Упэўнена, што не памылюся, калі скажу, што ўсе дзеці любяць лета. Бо менавіта лета прыносіць доўгачаканыя канікулы, а з канікуламі прыходзяць новыя ўражанні, адпачынак і цікавыя сустрэчы. А вучні ДУА “Сярэдняя школа №5 г.Вілейкі” чакаюць лета яшчэ і таму, што ведаюць: іх чакае ўжо традыцыйнае займальнае падарожжа “Сцяжынкамі малой радзімы”. І вось час прыйшоў, і вучні пятага і восьмага класаў разам з настаўнікамі адправіліся ў шлях…

Першым прыпынкам нашага падарожжа стала ДУА “Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця”. Тут нас чакала цікавая сустрэча з кіраўніком народнага музея “Ільянскія далягляды”. Наталля Іванаўна разам з вучнямі правяла для нас экскурсію па школе і пазнаёміла з экспанатамі музеяў “Ільянскія далягляды” і “Вілейшчына літаратурная”. У нас, гасцей школы, была магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй Ільянскай зямлі, з рамёствамі, мастацтвам і бытам людзей мінуўшчыны, паслухаць цікавыя гісторыі з жыцця Ільі ў розныя гістарычныя перыяды. Затым мы на свае вочы ўбачылі фотаздымкі, рукапісы і зборнікі кніг нашых знакамітых землякоў, якія пакінулі свой след у літаратурнай гісторыі Вілейшчыны.

Цікава было слухаць юных экскурсаводаў і разглядаць рэчы, якія былі сведкамі падзей даўно мінулых дзён. Але час бяжыць наперад, і наша падарожжа таксама працягваецца. І наступны прыпынак – помнікі спаленым у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскам Любча і Боркі. Вёскі пасля вайны так і не былі адноўлены, і толькі сама прырода і мемарыяльныя знакі захавалі тут памяць пра вайну і трагедыю, якую давялося перажыць мясцовым жыхарам і іх блізкім. Прыемна было бачыць, што месцы мемарыялаў дагледжаныя і акультураныя. Прыемным і кранальным было і тое, што і нашы дзеці (пакаленне, далёкае ад ваеннага ліхалецця) неабыякавыя да гісторыі роднага краю. З цікавасцю і хваляваннем пераходзілі дзеці ад пліты да пліты і чыталі прозвішчы загінуўшых. Моўчкі пакідалі мы мемарыял, тым самым не спецыяльна стварыўшы хвіліну маўчання і аддаючы дань памяці ахвярам і героям мінулай вайны…
А вакол прырода, якая заварожвае сваёй маляўнічасцю і непаўторнасцю. І нават спякота не перашкодзіла нам і не спыніла нас на шляху да новых яркіх уражанняў. І як жа прыемна было спыніцца нарэшце ў адным з найпрыгажэйшых куточкаў Вілейскага раёна на беразе невялікай рэчкі. Тут і вырашана было ўладкавацца на некалькі дзён і атрымаць задавальненне ад зносін з навакольным асяроддзем і ад цішыні і спакою, якія панавалі навокал і якіх так не хапае нам у горадзе…
На працягу трох дзён дзеці разам з намі, настаўнікамі, адпачывалі і працавалі сярод амаль некранутай чалавекам прыроды. Што толькі ні адбывалася за гэты час! Мы ставілі палаткі, стваралі бяспеныя ўмовы пры выкарыстанні вогнішча, вудзілі рыбу, гатавалі ежу, купаліся ў празрыстай і асвяжальнай рачной вадзе, гулялі ў розныя гульні. Адным з запамінальных мерапрыемстваў стала для дзяцей гульня “Знайдзі слова”. У працэсе гульні нашы падарожнікі спасціглі “навуку” арыентавання на мясцовасці, вызначэнне азімуту і складання слоў са знойдзеных літар. Немагчыма было стрымаць цікаўнасць і азарт, якія панавалі падчас гульні. А як добра было вечарам сядзець усім разам з кубкамі духмянага чаю, размаўляць амаль шэптам і слухаць непаўторныя гукі прыроды. Цудоўны настрой не змаглі сапсаваць нават спякотлівае надвор’е і надакучлівыя камары. Асабліва радуе тое, што за тры дні, якія мы правялі далёка ад цывілізацыі ў адным з самых маляўнічых куточкаў нашай малой радзімы, дзеці практычна не ўспаміналі пра свае сучасныя цацкі – мабільныя тэлефоны. На мой погляд, гэта самы пераканаўчы доказ таго, што паход аказаўся ўдалым і цікавым.
І вось надыходзіць канец нашага падарожжа. Апошняе снеданне, купанне, абед. Потым збіраем рэчы, складаем палаткі. І ўсё гэта адбываецца неяк марудна і без задавальнення. Я мяркую, не трэба тлумачыць чаму?
Зноў сцяжынка, лясная, а потым палявая дарога, асфальт, вуліцы роднага горада, школа, дзе з хваляваннем і трывогай сустракаюць нас бацькі. Стомленыя, але шчаслівыя дзеці развітваюцца з намі, шкадуючы толькі пра тое, што падарожжа скончылася і да наступнага яшчэ цэлы год. Але час імчыцца хутка, і ўсяго праз год мы зноў будзем збіраць рэчы ў дарогу і зноў будзем крочыць новымі сцяжынкамі малой радзімы.
P.S. Ужо традыцыйна нам, кіраўнікам падарожжа, А.Г.Гаўрышчуку, Л.В.Дземеш, Н.А.Любавіцкай, хочацца шчыра падзякаваць Георгія Анатольевіча Гаўрышчука, Дземеша Міхаіла Міхайлавіча, Шабуню Наталлю Іванаўну, Супрановіч Святлану Уладзіміраўну і Данілаву Таццяну Станіславаўну за дапамогу і падтрымку ў арганізацыі мерапрыемства.
Наталля Любавіцкая/Фота аўтара








