Ніхто з нас ніколі не задумваўся аб тым, што ён можа пасля работы не прыйсці дамоў, можа больш не ўбачыць родных, ніколі не дакранецца да шчочак любімых сваіх дзетак. Не думалі пра гэта і яны, пасажыры метро, якія ў трагічны момант апынуліся на станцыі «Кастрычніцкай».
Вось такое яно наша жыццё. Колькі б ты ні будаваў планаў на будучае, колькі б ні вырашаў, як паступіць у той ці іншай сітуацыі, а злы рок крэсліць усё. Усе планы руйнуюцца ў адзін момант.
Хто ж мог такое вытварыць? Менавіта вытварыць, таму што другога слова для гэтага ўчынка не знойдзецца. І чалавек гэты вырадак. Другога слова , каб яго назваць, таксама няма. Ці гэты ТОЙ нікога не шкадаваў, ці ў яго няма родных, блізкіх? Няўжо зусім не шкада людскіх жыццяў?
Смуткуе ўся Беларусь.
Страшная навіна абляцела ўсіх, кожны з нас імгненна падумаў аб тым, дзе і як сябе адчуваюць яго родныя? Усе пачалі нервова ціскаць клавішы тэлефонаў і з хваляваннем чакаць знаёмага “Алё…”.
Але ж колькі людзей пацярпела! За што? У чым павінен той маленькі хлопчык 2009 года нараджэння, які апынуўся ў той страшны момант на станцыі метро? Ды і ўвогуле, хто з нас і перад кім і ў чым правініўся настолькі, што яго трэба забіць…
Кожны з пацярпелых – нечы брат, сястра, сын, муж, маці, бацька.Яны не прыйдуць дамоў, іх ніколі не будзе разам, ніколі яны не ўбачаць свету, людзей, якія іх акружалі, сваіх родных. Гэта трагедыя. Трагедыя для ўсяго народа. Кожны з нас з болем успрыняў страшэнную навіну.
Страшна, жудасна…
Людзі, беражыце адзін аднаго, шануйце кожны момант, праведзены з блізкімі.
Алена ВЫСОЦКАЯ
Гэта вытварыў вырадак
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







