З нагоды 115-годдзя прафсаюзнага руху юбілейнымі медалямі Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў, абласныя галіновыя і раённыя прафсаюзныя арганізацыі сёлета ўшаноўваюць ветэранаў працы, прафсаюзнага руху, лепшых працаўнікоў і прафсаюзных актывістаў Мінскай вобласці. Сярод людзей працы, адданых ёй і неабыякавых, – наш зямляк з вёскі Еськаўка Даўгінаўскага сельсавета Віктар Развадоўскі. Юбілейную ўзнагароду ён атрымаў ад Вілейскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, атрымаў заслужана – механізатарам у мясцовай гаспадарцы ён адпрацаваў 53 гады, а на заслужаны адпачынак выйшаў ва ўзросце 70 год.

Жыццёвы шлях Віктара Развадоўскага пачаўся ў 1945-м. А ў 1946-м не стала яго бацькі, адзінага сына маці выхоўвала сама. Лёс не песціў хлопчыка – ён рана пазнаёміўся з няпростай вясковай працай. Пасвіць кароў, касіць і выконваць іншыя абавязкі прыйшлося з дзяцінства.
З 1 красавіка 1962 года пачаўся адлік працоўнай дзейнасці Віктара Развадоўскага як механізатара. Пачынаў ён на гусенічным ДТ-54. Першы выпуск гэтага трактара зусім не быў падобны да сучаснай тэхнікі, а пра кандыцыянер у кабіне тады нават і не марыў ніхто. Потым Віктар Іванавіч працаваў на МТЗ-5, а пасля службы ў арміі перасеў на Т-74. Адзначу, што з 53-х год працоўнага стажу 41 год Віктар Развадоўскі адпрацаваў на камбайне. Пачынаў памочнікам камбайнера, а потым і сам перасеў за штурвал “карабля палёў”. І сёння яму ўспамінаюцца розныя сезоны ўборачнай – і спякотныя, як толькі вытрываць, і даждлівыя, калі цярпліва чакалі пагодлівай хвіліны, каб тэхніка магла рушыць у поле…
Ці была калі простай і не адказнай праца механізатара? Свае абавязкі Віктар Іванавіч заўсёды стараўся выконваць як трэба. У перадавога механізатара Віктара Развадоўскага шмат узнагарод. Два Ордэна Працоўнай Славы І і ІІ ступені, ён – заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, узнагароджваўся юбілейным медалём у гонар 100-годдзя аграпрамысловага комплексу, юбілейным медалём галіновага прафсаюза, разнастайнымі значкамі і «Залатым коласам»… За кожнай з іх – успаміны пра працу, да якой ён заўсёды «быў гарачы». Юбілейны медаль «115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» далучыўся да скарбонкі ўзнагарод Віктара Развадоўскага.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота прадстаўлена Вольгай ШЛЯПО








