Забыўся
Сведкам гэтай гісторыі мне давялося стаць падчас наведвання аднаго з аддзяленняў сувязі раёна. Працоўны дзень блізіўся да завяршэння, калі дзеверы пошты адчыніліся і ў будынак зайшоў чалавек пажылога ўзросту. Апрануты ў сціплае і не вельмі чыстае адзенне, ён падышоў да акенца і моўчкі працягнуў пашпарт.
– Дзядуля, што вы хочаце? – пытаецца аператар.
– Атрымаць пенсію, – адказвае ён.
У зале усталёўваецца цішыня. Жанчына, пераглянуўшыся з напарніцай, працягвае назад дакумент і кажа:
– Дзед, дык ты тры дні таму назад яе атрымаў.
– Так? – пытаецца ён і працягвае – Можа быць, прабачце, – разварочваецца і моўчкі выходзіць на двор. «Стральнуўшы» цыгарэту ў знаёмага, ён павольна пакрочыў па вуліцы. Пра сябе падумалася: ці гэта пенсія такая малая, ці ён так «закруціўся», што ўсё з галавы вылецела? Хто яго ведае.
Пасадзіў на ланцуг
У жыцці бывае так, што, страціўшы на старасці гадоў жонку, удаўцу прыходзіцца ісці ў прымакі. Але, як вядома, не заўсёды «новы шлюб» нясе пазітыўныя эмоцыі, бо ў кожнага – свае дзеці, унукі.
Аднойчы да аднаго з галоўных спецыялістаў мясцовай гаспадаркі за парадай звярнуўся мужчына. Ён спытаў, як зрабіць так, каб ніхто, акрамя яго, не лазіў у халадзільнік. Спецыяліст, не думаючы, што яго параду той успрыме як заклік да дзеяння, параіў:
– А ты абкруці яго ланцугом і павесь замок. Якое ж было яго здзіўленне, калі праз пару тыдняў ён заглянуў да знаёмага і ўбачыў абкручаны ў некалькі разоў халадзільнік з вялікім замком. Яшчэ доўга пасля ўспаміну пра гэту карціну ён заходзіўся да слёз і хапаўся за жывот.
Дзмітрый КАРОЛЬ


