Эпохі не знікаюць у вечнасці. Яны пакідаюць будучаму свой люстраны адбітак, натолены эмацыянальным і матэрыяльным фонам жыцця цэлых пакаленняў. Хто быў у Іерусаліме, безумоўна, памятае вуліцу ў старым горадзе, па бруку якой рабіў апошнія свае крокі Пан Езус. Вымашчаная белым каменем, яна захоўвае сляды мільёнаў пілігрымаў, людзей розных веравызнанняў, якія паверылі ў Боскую сутнасць Збавіцеля. Збоку вуліцы – шматколерны гул арабскага рынку. Ён нечым нагадвае мітусню таго агоранага прагай відовішчаў натоўпу, які натхняў ёю высокае рашэнне пракуратара Іудзеі. Укрыжуй яго! – галасіў натоўп. А ўсяго тыдзень назад ён рассцілаў перад нагамі Езуса аксаміт пальмавых галінак. Як усё ўмоўна ў гэтым свеце!.. Пакланенне – імгненная гульня настрою. Здрада спадарожнічае, здавалася б, самым шчырым прыхільнасцям сяброўства.
Вія Далароза – вуліца ў Іерусаліме, кавалак бруку, даўжынёю каля шасцісот метраў. Пакутны шлях Збавіцеля. На ім размешчаны дзевяць з чатырнаццаці стацый крыжовай дарогі Езуса Хрыста. Яшчэ чатыры знаходзяцца ў Храме грабніцы Пана. Кроплі крыві Сына Чалавечага растапляюць людскія сэрцы. Вось Сымон Каранеянін забірае сабе крыж знясіленага бічаваннямі Хрыста. Вось святая Вераніка, якая праз колькі часу была кананізавана каталіцкай царквой, прыхінае да твару Пана Езуса вільготную хусцінку, сваім эмацыянальным парывам заслугоўваючы сабе жыццё ў вечнасці. «Не плачце па мне, дочкі іерусалімскія! Плачце аб сабе і сваіх дзецях!» – вось ужо два тысячагоддзі гучыць над светам вокліч знясіленага катаваннямі Хрыста. Сярод болю страт, пакут усвядомленых здрад з боку самых нашых блізкіх, мы узносім на свае плечы той самы крыж Збавіцеля. Той, з якім ён упарта ішоў на Галгофу. Каб менавіта там, чыстай крывёю нявіннай ахвяры, змыць першародны грэх чалавека, створанага Усявышнім.
Штодня ў дні вялікага посту, якія папярэднічаюць святу Змёртвыхпаўстання Езуса, у Вілейскім касцёле Узвышэння святога Крыжа ладзіцца Крыжовы шлях. Кульмінацыйнага напружання ён дасягае перад стацыямі з сюжэтамі пакут Збавіцеля, якія, здаецца, перасягаюць узровень чалавечага цярпення. Але не: кожнаму Пан дае свой крыж у разліку на нашу чалавечую годнасць і сілу веры: “Не плачце па мне, а плачце па сваіх дзецях”…
Выявы пакут Пана падчас яго Крыжовай дарогі узноўлены мастакамі нашага Вілейскага краю – Паўлам і Юрыем Герасіменкамі, бацькам і сынам. Хочацца, каб іх нагадалі ў сваёй свядомасці ўдзельнікі апошняга шляху Збавіцеля. Імёны гэтых масткоў-творцаў даўно ўжо светлымі знічкамі аздобілі вечнасць. Але справа іх адухоўленых рук і сэрцаў застаецца з намі на зямлі. Як і высунуты са сцяны камень аднаго са збудаванняў вуліцы Вія Далароза, што захаваў адбітак рукі знясіленага пакутамі Пана Езуса. У любое надвор’е, на працягу стагоддзяў, ён зыходзіць гаючай вільгаццю – слязьмі нас, людзей, што ўсведамілі кошт сваёй найвялікшай здрады.
Марыя РАМАНАВА








