Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Падарожжа па зімовых берагах Віліі

Спантанныя рашэнні самыя цудоўныя! У чацвер амаль апоўначы пяць аматараў прыроды вырашылі пайсці ў паход выхаднога дня, у пятніцу абмеркавалі за гадзіну ўсе арганізацыйныя моманты, заплечнік быў сабраны за дваццаць хвілін – вопыт пачынае працаваць на нас. Прыродай вырашылі насалоджвацца ўздоўж зімовых берагоў роднай мне Віліі.

Суботняй раніцай Віленскі цягнік хутка вёз нас у бок Маладзечна. У прадчуванні падарожжа мы былі радасна-ўзбуджаныя. Пасажыры цягніка з цікаўнасцю разглядалі турыстычную паклажу. Затым яшчэ дваццаць хвілін на дызелі, і прырода Вілейшчыны вітала вандроўнікаў. Чырвоны Беражок стаў кропкай адліку нашага двухдзённага падарожжа.

А мы па шпалах, зноў па шпалах… Першай цікавай прыгодай на нашым маршруце стаў пераход чыгуначнага маста праз Вілію. Тут Вілія зачароўвала сваёй прыгажосцю, а жалезабетонная канструкцыя здзіўляла сваёй масіўнасцю. “Калі мост вытрымлівае пецярых нагружаных турыстаў, то цягнік і падаўна вытрымае”, – жартавалі мы.

Якая ж гэта асалода – прагуляцца па зімовым лесе! Лес яшчэ спіць пад белай коўдрай, але пры першай жа магчымасці ён гатовы абудзіцца. Адчуваецца, што ў лесе свяжэй і крыху халадней чым у горадзе. Чалавечыя сляды амаль не сустракаюца. Затое, то тут, то там відаць сляды жывёл, жыхароў ляснога царства: зайца, казулі, лася. Зіма са сваім снежным покрывам дазваляе зразумець, наколькі багатае і насычанае лясное жыццё. Пад нагамі шарпак, які прыходзілася прабіваць, прыкладваючы намаганні. Ад гэтага мы атрымлівалі сапраўднае задавальненне, усведамляючы, што лес зараз наш, і ў бліжэйшым мінулым тут амаль ніхто і не хадзіў.

На карце маршрута была адзначана купель як адно з цікавых месцаў для наведвання. Прыйшоўшы туды, ніхто так і не акунуўся, спаслаўшыся на адсутнасць купальнага касцюму. Застанецца прыгода на наступны раз, тады ўжо аніякія адгаворкі не падыдуць. Каля купелі былі бачныя свежыя сляды, людзі прыходзяць сюды ў любое надвор’е.

Далей наш шлях ішоў уздоўж прыгажуні Віліі. На абрывістым беразе с прывабным відам мы спыніліся ў сузіранні. Вось яна прычына, па якой мы ходзім у паходы: хочам запаволіцца і пабыць сам-насам, з прыродай, з душэўнымі людзьмі… Моманты сузірання і цішыні бясцэнныя, падчас іх убіраеш у сябе максімум энергіі і абагачаешся ўнутрана.

Ісці было лёгка і прыемна. Месцамі вецер пранізваў да самых касцей, а дзесьці лес радаваў зацішшам.  Авантуры авантурамі, але настаў час і падсілкавацца: для гэтай мэты было абрана вельмі прывабнае месца сярод сосен, але адначасова найбольш ветранае. Вецер быў настолькі моцны, што размаўлялі ўсе менш і менш, эканомячы энергію, апраналіся ўсе цяплей і цяплей, а калі ўжо нават жаваць стала холадна, рушылі далей.

Бліжэй да пяці гадзін вечара, калі больш за дваццаць пяць кіламетраў па зімовым лесе былі пройдзены, мы натрапілі на цудоўную палянку прама на беразе Віліі. Паляна выглядала вельмі маляўніча, яна задавальняла нашы эстэтычныя пачуцці, таму было вырашана застацца на ёй. Палаткі разбілі прама на снезе, тэмпература была не надта нізкая, таму яловыя і хваёвыя лапкі не псавалі. Так як амаль цэлы дзень нам прыйшлося прабіваць шарпак, ногі ва ўсіх былі мокрыя, хоць выкручвай шкарпэткі. Таму першай справай было насячы і напілаваць дроў для вогнішча, што мы зрабілі хутка і з задавальннем.

Вогнішча доўга не хацела разгарацца ў поўную моц, бо стаяла вільготнае надвор’е, дровы былі сыраватыя і тоўшча лёду вакол вогнішча не хацела паддавацца. Урэшце рэшт крыніца свету і цяпла радавала ў поўнай меры. З гэтага моманту ўсе пяцёра лясных турыстаў быццам прыраслі да сваіх месцаў вакол вогнішча, хутчэй разулі мокры абутак і аддаліся асалодзе назірання за вогнішчам.

Вогнішча прываблівае, прыцягвае, заварожвае. Яно ачышчае думкі. Ля вогнішча адкрываецца душа, чалавек здымае маскі, становіцца сапраўдным, шчырым. Вогнішча настрайвае на душэўнасць, супольнасць. Вогнішча быццам бы аб’ядноўвае людзей вакол сябе нябачным павуціннем, прымушае адпусціць усе думкі і жаданні, аб’ядноўвае энергію прысутных ва ўнісон. Ля вогнішча час цячэ па-іншаму, прастора скрадваецца. Час быццам і ўвогуле не існуе. Пра такую катэгорыю як час узгадваеш, толькі выпадкова глянуўшы на гадзіннік, але гэтым канстатуеш толькі нейкую лічбу, а не існаванне самаго часу. Прасторы вакол таксама не існуе. Ты знаходзішся на канкрэтнай стаянцы ля вогнішча, і адначасова ва ўсей прыродзе. Ты адчуваеш яе навокал і ў сабе: адчуваеш яе подых і блізкасць. Усведамляеш, што ты – частка прыроды. Падобнае ўсведамленне надзяляе моцай.

За такімі назіраннямі, сузіраннем наваколля і душэўнымі гаворкамі прайшоў вечар.

Раніцай планавілі ўстаць а сёмай гадзіне. Калі загучаў будзільнік, ніхто і не падумаў шавяліцца. На прыродзе так хораша спаць! Усе толькі як па камандзе перавярнуліся на другі бок і прадоўжылі насалоджвацца цяплом спальніка. Калі раніца пачала браць сваё і змрок змяняўся святлом, мы вылезлі з нашых хатак і праз дзесяць хвілні ад іх і следу не засталося. Ноччу ніхто не акачанеў, усе прачнуліся бадзёрыя і ў цудоўным настроі. Ранішнія пейзажы радавалі вока: Вілія павольна цякла сярод высокіх соснаў, птушкі віталі новы дзень. Цудоўны дзень у цудоўным месцы – як хораша жыць на белым свеце!

Раніца праходзіла няспешна, і мы расцягвалі асалоду ад яе. Выйшла наша група толькі а дзесятай гадзіне і накіравалася ўздоўж Віліі да старога дубу. Гэты дуб і праўда шмат пабачыў на сваім вяку. У свой час у дрэва ўдарыла маланка, і ад дрэва засталася толькі кара і некалькі гадавых кольцаў каля яе, але дуб прадаўжаў жыць. Гэта неверагодна! Адкуль только ён бярэ жыццёвыя сілы?

З думкамі пра дуб і пра жыцце, дружная кампанія турыстаў-авантурыстаў крочыла далей. Нас чакала пераправа, хоць крыгаход на Віліі і не ўдалося пабачыць, мы поўныя энтузіазму пераскоквалі з крыгі на крыгу праз невялі прыток Віліі – тут мы адчулі сябе сапраўднымі рабінзонамі ў лясным гушчары. Будні рабінзонаў дапаўнялі заліўныя лугі, па якіх шмат давялося пахадзіць.

Далей сцежка ўздоўж ракі абледзянела так, што не пашкодзіў бы нават альпінісцкі рыштунак, каб узлазіць па стромкіх склонах.

Раптам сцежка прывяла нас да яшчэ двух разгалістых мудрых дубоў. Адзін з іх таксама моцна пацярпеў ад маланкі, але прадаўжаў жыць, а другі велічна распусціў сваё галлё ў розныя бакі, ён яшчэ шмат што пабачыць на белым свеце. Дрэвы выпраменьвалі невытлумачальную энергію. Дакрануўшыся да дубоў і сканцэнтраваўшыся, мы адчулі, як гэта энергія пацякла па нашых целах. Дрэвам ёсць шмат чаго распавясці чалавеку, толькі мы не умеем іх слухаць і разумець.

Потым прыйшлося папацець. Шарпак на адным з участкаў быў такі цвёрды, што калі мы выйшлі на звычайную лясную дарогу з каляёй, то яна прадстала сапраўдным брадвеем. Па дарозе перад маленькай вёсачкай велічна стаяў чарговы дуб, адолены маланкай, але таксама поўны жыццёвай моцы. Вельмі хутка мы ўвайшлі ў вёску і з задавальненнем разглядалі акуратныя вясковыя хаты і іх падворкі, насалоджваліся прасторам. Хтосьці яшчэ не прыбраў навагоднія дэкарацыі, а на некаторых дварышчах ужо ва ўсю моц рыхтаваліся да прыходу вясны.

Час і кіламетры бягуць хутка – на гарызонце з’явілася станцыя “Заскавічы”, фінальны прыпынак падарожжа. На станцыі мы заўважылі помнік, прысвечаны машыністу Уладзіміру Яцкевічу, які, ратуючы пасажыраў, памёр у лабавым сутыкненні з таварным цягніком. Вялікая падзея для такой непрыкметнай, на першы погляд, станцыі. Вось на такой гераічнай ноце і скончыўся наш цудоўны маршрут уздоўж зімовых бергоў прыгажуні Віліі.

Падарожжа глыбока кранула кожнага з яго ўдзельнікаў, таму хутка абавязкова будзем планаваць вясновы паход па Вілейшчыне.

Вольга Белаш

Фота ўдзельнікаў паходу

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 187 queries