Сейбіт разумнага, добрага, вечнага,
Нівы бацькоўскай руплівец ад Бога,
Зерне тваё – гэта дар для сустрэчнага,
Тым, хто ў роспачы – вестка-падмога.
Так у свой час напісаў паэт Івана Лашутка ў сваім вершы «Сейбіт», прысвечаным аўтару беларускага буквара Анатолю Клышку. А так атрымалася, што гэтыя радкі Іван Іосіфавіч сказаў – хацеў гэтага ці не – і пра сябе, сапраўднага Настаўніка і многіх-многіх сваіх калег. Сярод іх і жонка паэта, Вера Уладзіміраўна, якая адпрацавала ў школе паўвеку. На сустрэчу з гэтай сціплай, прыгожай знешне і душой жанчынай, нястомнай працаўніцай, прафесіяналам сваёй высакароднай справы (пра гэта сведчаць яе ўзнагароды і дасягненні: медаль «За працоўную доблесць», Ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга, прэзідэнцкая прэмія за падрыхтоўку вучня Дзмітрыя Андрыеўскага, які заняў прызавое месца на алімпіядзе краін СНД) я спяшалася напярэдадні Дня настаўніка. Вельмі хацелася пагутарыць з ёй, прыгадаць Івана Іосіфавіча, пасля смерці якога для Веры Уладзіміраўны, як яна сама прызнавалася, нібы назаўсёды схавалася сонца. Мінаюць гады, а боль страты чалавека, які быў не проста мужам, але і лепшым сябрам, дарадцам, настаўнікам у поўным сэнсе гэтага слова, не суціхае. Праўда, побач з болем і сумам у яе сэрцы ёсць і месца для вялікай удзячнасці лёсу за тое, што паслаў ёй на жыццёвым шляху такога цудоўнага чалавека.
Ва ўтульным пакоі-кабінеце Веры Уладзіміраўны цесна ад кніг – у іх сям’і заўсёды любілі і любяць чытаць. Тут і мноства фотаздымкаў дарагіх яе сэрцу людзей: бацькоў, дзяцей, унукаў і, канешне ж, Івана Іосіфавіча. Гледзячы штодня на любыя твары, Вера Уладзіміраўна нібыта адчувае іх падтрымку. І жыць становіцца лягчэй…
На лёс яе пакалення выпала нямала. Дзяўчынка ўбачыла свет у вёсцы Латыгаль вайной, у сорак другім, калі людзі жылі ў пастаянным страху. На вялікае шчасце, лёс сцярог яе ад сіроцтва, і яна расла ў сям’і, дзе былі мама і тата, малодшая сястрычка, а яшчэ – любячая бабулька. Як і ўсе сялянскія дзеці, Вера рана пачала дапамагаць бацькам, спрытна ўпраўлялася па гаспадарцы. Своеасаблівым казачным светам падалася дзяўчынцы школа, куды яна пайшла вучыцца, а настаўнікі ўспрымаліся ёю прышэльцамі з нейкага іншага свету, напоўненага таямніцай, дабрынёй і любоўю. Дарэчы, гэтыя ўзвышаныя адносіны да школы і настаўнікаў засталіся ў Веры Уладзіміраўны і пасля яе паўвекавога настаўніцтва.
– Я вельмі любіла чытаць, – прыгадвае мая суразмоўца. – Бывала, кожную вольную хвілінку – за кнігу. Сваёй бібліятэкі дома не было, у бібліятэцы такой малышні кніг яшчэ не давалі, дык я, бывала, прасіла то ў настаўніцы, то ў піянерважатай штосьці пачытаць хоць на адну ноч. Усе ў хаце спяць, а я чытаю пры газніцы… І нібыта сама пражывала жыццё кніжных герояў – хвалявалася, кахала, ненавідзела…
Пры ўсёй велізарнай любові да мастацкай літаратуры матэматыка ўсё ж брала верх. Вера захапілася ёю не на жарт і нават заняла першае месца ў раённай матэматычнай алімпіядзе. Тады яе, сямікласніцу, чакала запамінальная ўзнагарода пасля перамогі – дырэктар школы ўручыў дзяўчынцы адрэз сітцу. Вось гэта быў падарунак! Як на крылах ляцела яна дамоў, каб падзяліцца радасцю з мамай, і тая не магла схаваць слёз радасці за разумніцу. «Вось бачыш, як цябе любяць у школе! Вучыся, дачушка, вучыся…». Праўда, у бацькі на будучае дачкі былі свае планы. «Будзеш, Верка, вучыцца на швачку, – казаў ён. – Пашыеш каму абнову – пуд зерня і ёсць. І не прападзеш…» Магчыма, паслухмяная дзяўчынка і не стала б пярэчыць бацьку, ды за яе сказаў сваё цвёрдае слова настаўнік гісторыі Войцех Віктаравіч Няміра, які выпадкова даведаўся пра планы бацькі. Ураганам уляцеў ён тады ў хату і з парога – да бацькі.»Вера – выдатніца! Яна паступіць ва ўніверсітэт, стане выдатным педагогам! А вы яе – у швачкі… Сорам!». Ад такога напору бацька неяк сумеўся, пачаў нават апраўдвацца, маўляў, усё гэта толькі размовы, ніхто ж не супраць, каб дачка заканчвала дзесяцігодку.
А затым была тая сустрэча, за якую Вера Уладзіміраўна ўдзячна лёсу ўсё жыццё – у іх школу прыехаў працаваць малады выкладчык беларускай мовы і літаратуры Іван Іосіфавіч Лашутка. Як паэт і настаўнік сам напісаў пазней, ён закахаўся ў прыгожую дзесяцікласніцу з першай сустрэчы і вырашыў, што менавіта яна стане яго жонкай. А што дзяўчына? На першым часе яна нават і не здагадвалася аб пачуццях настаўніка, якія ён умела хаваў.
– І толькі недзе перад заканчэннем навучальнага года адбыўся выпадак, які навёў мяне на нейкі роздум, – з усмешкай прыгадала Вера Уладзіміраўна. – Неяк на ўроку Іван Іосіфавіч пацікавіўся ў нас, хто прачытаў раман Івана Шамякіна «Крыніцы». Руку падняла адна я. «Вера, ты застанься пасля ўрокаў і перакажы мне змест твора», – сказаў настаўнік. Крыху дзіўнай мне падалася просьба Івана Іосіфавіча, але я засталася і старанна расказала прачытанае. А там пра тое, як настаўнік закахаўся ў дзесяцікласніцу… Вось так я зразумела, на што хацеў мне намякнуць мой педагог. А ўжо пазней, на выпускным вечары, Іван Іосіфавіч сказаў мне пра свае пачуцці…
Як у свой час яе настаўнік і каханы, Вера пасля школы паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паступіла і праз год перавялася на завочны факультэт – маладыя стварылі сям’ю. Напачатку жылі ў невялічкім бацькоўскім доме, дзе ў ладзе і згодзе суіснавалі сем чалавек. Тут, дарэчы, нарадзілася старэйшая дачушка, Лілія, якая прадоўжыла настаўніцкую дынастыю і стала вядомым педагогам пачатковых класаў. А яшчэ праз дзевяць гадоў з’явіўся на свет і сын, Міхаіл.
Усе гады (а пражылі Лашуткі ў сельскай мясцовасці да 1972 года) настаўнікі многа працавалі, трымалі на падворку розную жыўнасць. Паспявалі ўсюды – і ў школе, і дома. «А ўвечары, бывала, калі набліжаўся час дойкі на ферме, абуваеш гумавыя боты – і туды, праводзіць з даяркамі палітінфармацыю», – узгадала Вера Уладзіміраўна. Не аддзялялі сябе сельскія педагогі ад усіх спраў і клопатаў, якімі жыла вёска, і заўсёды былі ўзорам прыстойнасці, працавітасці і культуры для юных.
А затым быў чарговы перыяд у жыцці педагогаў Лашуткаў – гарадскі. Іван Іосіфавіч пэўны час быў інспектарам раённага аддзела адукацыі, а пазней – завучам у гарадской школе №3, дзе зараз адкрыты клас імя вядомага паэта і настаўніка. У гэты час Вера Уладзіміраўна працавала ў гарадской школе №1, затым – завучам у гімназіі №2. «Лёс узнагародзіў яе творчай фантазіяй, гібкасцю розуму. Вера Уладзіміраўна з тых кіраўнікоў, якія лічаць, што кіраваць – значыць рабіць людзей шчаслівымі». Гэта словы калег пра маю гераіню, якія прачытала ў газеце гімназіі №2 «Гімназічны праспект». Тактоўны, разумны, прыгожы чалавек, а ў цяжкую хвіліну – добры і надзейны сябра. Гэта таксама пра яе, настаўніцу з паўвекавым стажам і цудоўную жанчыну, побач з якой лёгка і светла.
Развітаўшыся з Верай Уладзіміраўнай, прайшла па прыгожым скверы, які некалі, болей за сорак гадоў таму, пасаджаны Іванам Лашуткам і гэтакімі ж нераўнадушнымі жыхарамі бліжэйшых дамоў. З вакна Веры Уладзіміраўны гэты астравок зеляніны як на далоні. Пэўна, пра гэта вось суседства з жывой прыродай, пра еднасць з ёй марылася тады паэту, цешылася яго сэрца, калі глядзеў на дрэўцы, што прагна цягнуліся ўвысь. І нараджаліся пранікнёна-хвалюючыя паэтычныя радкі, якія бяруць за жывое… А вось і вялізны банэр на доме, з якога на нас глядзіць Іван Лашутка. Глядзіць з яго з характэрнай хітрынкай у вачах, дабрынёй і разам з тым дапытліва-занепакоена… «Я слову аддаю пашану, іду са словам да людзей…» Гэта ён не толькі пра сябе, але і пра сваю верную спадарожніцу жыцця, пра іншых – тых, чыім жыццём і клопатам стала яго Вялікасць Слова.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага альбома Лашуткаў і з архіва рэдакцыі