Адкуль бяруцца анекдоты? Можа, і ёсць такія людзі, якія сядзяць і ламаюць сабе галаву, каб напісаць што-небудзь жартаўлівае. Але здаецца мне, што ўсё ж такі большую частку анекдатычных сітуацый дыктуе нам само жыццё. Толькі трэба іх заўважаць. Прыклады? Калі ласка.Стаю ў чарзе каля касы. Перада мной – старэнькая бабуля, у карзіне якой – цукеркі, зефір, вафлі і двухлітровая бутэлька «Джын-тоніку». «Цікавы набор», – падумалася ды і, напэўна, не мне адной – прадаўцу таксама. Таму яна і запытала ў бабулькі, ці ведае яна, што напой – алкагольны. «Як? – здзівілася яна. – Разам жа з салодкімі напіткамі стаіць». «Стаяць – стаіць, але і градус добры мае», – усміхнулася прадавец.
– Ой, як добра, што вы мне падказалі, – усхвалявалася бабуля. – Я ж да ўнучкі ў бальніцу іду. Яна і папрасіла, каб папіць чаго купіла, але толькі празрыстага, нефарбаванага. Вось бы выкупіла… У бальніцы засмяялі б, напэўна. Ды і ўнучка без вады засталася б.
– А колькі ўнучцы гадоў? – запытаўся малады хлопец з чаргі.
– Хутка семнаццаць споўніцца…
– Бабка, дам табе добрую параду – не абменьвай напой. Унучка толькі «дзякуй» скажа.
Усміхнуліся ўсе, але ўсё ж такі памянялі бабцы напой. Можа, і сапраўды, дзяўчыне лепш да смаку прыйшоўся бы «Джын-тонік», а не куплены ўрэшце бабуляй «Экзотык». Толькі ў іншы час, і ў другім месцы. А хворых звычайна наведваюць з фруктамі і салодкімі прысмакамі.
*****
На днях еду ў аўтобусе. Дзве жанчыны гучна размаўляюць пра сваё жыццё-быццё. Адна расказвае, як прыйшлося звяртацца ў міліцыю, каб хоць крыху супакоіць суседзяў, якія так нешта святкавалі, што сцены дрыжалі. Так паціху размова пераключылася на супрацоўнікаў міліцыі. Прыгадалі нейкіх сваіх знаёмых, а потым адна і кажа:
– А ў нас жа такі добры ўчастковы, вы сабе нават уявіць не можаце. Малады, прыгожы, ведаючы сваю справу, камфартабельны…
Цікава, што жанчына мела на ўвазе пад словам «камфартабельны». Можа, што паблытала. А можа, і сапраўды – камфортна людзі адчуваюць сябе з маладым участковым?
*****
А гэту гісторыю расказала знаёмая. Так сталася ў яе жыцці, што разышліся яны з мужам. Хто тады быў вінаваты – невядома, цяпер кожны абараняе свае інтарэсы. Але вось настаў той час, калі яна запрасіла ў госці свайго новага кавалера, каб пазнаёміць з пяцігадовым сынам. Мужчына прыйшоў з падарункамі, неяк збянтэжана (вядома ж, хваляваўся) працягнуў хлопчыку цукеркі і цацку. Той прыняў, падзякаваў і кажа: «А ці пацалуеш мяне?» Маці застыла на месцы – няўжо дзіця так хутка пайшло на кантакт? І толькі мужчына схіліўся для пацалунка, як малы і выдае: «Крыху цыгарэтамі пахнеш. Але нічога страшнага. А то мама неяк бабулі казала, што з рота так нясе – стрываць немагчыма».
Ці трэба гаварыць, што, як у той рэкламе, – гэта была апошняя кропля? Падрыхтавала Марына ПУЦЭЙКА
Такі камфартабельны ўчастковы…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов






