Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На сваім месцы…

Кажуць, не бывае незаменных людзей, кожнаму абавязкова знойдзецца замена. Магчыма. А вось што ёсць людзі на сваім месцы, а ёсць – выпадковыя, гэта бясспрэчна. Дзяўчына, пра якую пойдзе гаворка, і сапраўды на сваім месцы. І гэта не толькі маё меркаванне.

Хто нярэдка бывае ў магазіне № 10 «Вілія» гарадскога камунальнага ўнітарнага  гандлёва-вытворчага прадпрыемства  «Садружнасць», той, канешне ж, звярнуў увагу на Святлану Шаблыка (на здымку), прадаўца гэтага магазіна. Тактоўная, вытрыманая, ветлівая, майстар сваёй справы – такая яна ёсць, і менавіта такім нам, спажыўцам, хацелася б бачыць кожнага гандлёвага работніка.  Менавіта да той касы, дзе працуе  Святлана, заўсёды хочацца падысці, бо ведаеш,  што не пачуеш тут грубага слова, не ўбачыш незадаволенасці на твары касіра. А вось добразычлівасць, культура абслугоўвання маладога прадаўца запомняцца. Прызнацца шчыра, даўно звярнула ўвагу на тое, як працуе Святлана Шаблыка. Чула многа цёплых водгукаў пра гэтага прадаўца і ад іншых людзей. Таму шчыра абрадавалася, калі сёлета вясной убачыла дзяўчыну на злёце перадавікоў раёна ў ліку заслужаных людзей Вілейшчыны, дзе яе назвалі лепшым работнікам сферы паслуг. Значыць, падумалася,  прафесіяналізм маладога прадаўца адзначаюць не толькі пакупнікі, але і яе кіраўніцтва.
Пра выбар прафесіі і адносіны да справы сціплая Святлана гаворыць коратка. Яно і зразумела,  дзяўчына ж маладая, у яе ўсё наперадзе.
– Нарадзілася ў Вілейцы, тут жа закончыла дзевяць класаў, – расказвае Святлана. – Намерылася паступаць у які-небудзь каледж, але ж вельмі не хацелася ехаць ад мамы з братам. Таму падала дакументы ў вілейскі, выбраўшы прафесію прадаўца.
Яшчэ ў час трохмесячнай практыкі, якую Святлана праходзіла ў «Віліі», яна добра пазнаёмілася з калектывам магазіна, прывыкла да яго. Таццяна Дзяруга, якая сёння загадвае «Віліяй», тады яшчэ была намеснікам загадчыка і заўсёды многа ўвагі ўдзяляла практыкантам. У яе, як і ў іншых старэйшых калег, Святлана вучылася прафесіяналізму і ўвогуле адносінам да людзей.  І яе, тады яшчэ практыкантку, у магазіне ацанілі, з задавальненнем узялі ў свой калектыў пасля заканчэння каледжа.
Непрыкметна праляцеў час, і сёння працоўны стаж Святланы Шаблыка ў «Віліі» вымяраецца дзевяццю гадамі. За гэты час дзяўчына стала сапраўдным прафесіяналам сваёй справы і ўпэўнілася, што выбрала правільную жыццёвую дарогу.
– Люблю сваю працу, свой горад, родных, – разважае яна, – і ніколі нават думкі не ўзнікала нешта памяняць у жыцці і  кудысьці паехаць. Мне тут ўсё блізка і дорага, таму будучыню звязваю толькі з Вілейкай.
У вольны ад работы час дзяўчына спяшаецца на дачу ў вёсачку Талуць, дзе яе чакае мама, Алена Міхайлаўна. Улетку тут такая прыгажосць і столькі работы для працавітых рук! Праўда, у першыя дні ліпеня Святлана застанецца ў горадзе, на свяце,  якое абяцае быць цікавым і  відовішчным. Хіба такое можна прапусціць!
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 138 queries