Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вадзіцель Вілейскага ЖКГ – «Чалавек года Міншчыны»

Як і многія іншыя хлапчукі, Валодзя Фралоў з дзяцінства любіў тэхніку. І гульні ў яго былі ўсе з вінцікамі, гайкамі ды іншымі жалязякамі. Але найбольш хлапчуку падабалася пасядзець у кабіне аўтамабіля, удыхнуць такі знаёмы пах бензіну, якім прапахлі татавы адзенне і натруджаныя рукі…

– Не толькі бацька, але і мой дзядуля быў вадзіцелем, – расказвае Уладзімір Фралоў, вадзіцель ГУП «Вілейская ЖКГ». – Так што ў мяне не было іншага выбару, як стаць шафёрам. Вывучыўся, а там неўзабаве і армія…

Несці службу Уладзіміру выпала ў Германіі, у горадзе Дрэздэне. Даўно гэта было, а прыгадваецца нешта і сёння. Тады не думаў ён, што прафесія яго будзе звязана з навядзеннем парадку, чысцінёй, на што ён звяртаў увагу тады, у час службы ў Германіі.

Так склалася ў жыцці Фралова, што два дзясяткі гадоў таму назад лёс прывёў яго ў Вілейскую жыллёва-камунальную гаспадарку. Працаваць давялося на самай рознай тэхніцы, а дзесяць апошніх гадоў ён за рулём смеццявоза. Работа, на першы погляд, не складаная, але ж такая патрэбная і нават неабходная грамадству. Штодня курсіруюць спецмашыны, перавозячы тое непатрэбнае, што застаецца ад нашай жыццядзейнасці, у адпаведныя месцы.

– За гады сваёй працы бачыў многае, – расказвае Уладзімір Мікалаевіч, – з рознымі людзьмі сустракаўся. І заўсёды абурае абыякавасць некаторых да наваколля. Засмечваюць двары і вуліцы, лясы і дарогі. Тут жа, на гэтай зямлі, у гэтым горадзе, жыць нашым дзецям і ўнукам! А паглядзіце, як людзі збіраюць смецце… Стаяць кантэйнеры под розныя яго віды, а далёка не кожныя гаспадары навучыліся сартаваць непатрэбнае і выкідаць сабранае ў адпаведныя кантэйнеры. А час бы ўжо навучыцца.

Уладзімір Фралоў любіць сваю работу, і гэта адчуваецца ў час гаворкі. Цёпла і з павагай адгукаецца ён пра калег, кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі і свайго непасрэднага начальніка Аляксандра Пакусаева, галоўнага механіка. На сваім месцы чалавек, ахарактарызаваў мой суразмоўца Аляксандра Аляксандравіча, перажывае за агульную справу, клапоціцца, каб тэхніка працавала спраўна, бесперабойна.

Інфармацыя пра тое, што ён удастоены ганаровага звання «Чалавек года Міншчыны» ў намінацыі «Вытворчая дзейнасць», усхвалявала Уладзіміра Мікалаевіча. З аднаго боку, вельмі прыемна, што так высока ацэнена сціплая праца вадзіцеля. З другога ж – адчуваецца адказнасць за высокі давер, які трэба апраўдваць сваёй працай.

Блізкія Уладзіміра Фралова – жонка Ірына Валер’еўна і дачка Аліна – навіну пра адзнаку яго працы ўспрынялі з радасцю і гонарам. Урэшце, калі па вялікім рахунку, у сумленнай працы і прафесіяналізме блізкага чалавека яны ніколі не сумняваліся.

– Люблю сваю сям’ю і стараюся аддаваць блізкім як мага болей часу, – прызнаўся Уладзімір Мікалаевіч. – Жонка працуе у пазаведамаснай ахове, дачка вучыцца на юрыста ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Калі збіраемся ў выхадныя разам, тэм для размоў у нас вельмі многа. Прыемна, што дачка дзеліцца з намі сваімі меркаваннямі, раіцца па розных пытаннях.

Шчаслівы чалавек. Ці кожны з нас можа сказаць, што лічыць сябе такім? Уладзімір Фралоў якраз з такіх шчасліўчыкаў. А чаму б і не? У яго надзейны тыл – яго любыя дзяўчаты, і любімая работа, без якой ён не ўяўляе свайго жыцця.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 40 queries