Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

10 марта состоялось открытие персональной выставки Эдуарда Матюшонка «Дома». Фоторепортаж

Імя Эдуарда Мацюшонка з’яўляецца сапраўдным сімвалам вілейскага сучаснага мастацтва. Ён аддана працуе на ніве прафесійнага жывапісу ўжо больш за 35 год. Вялікую ролю ў жыцці мастака адыгрывае педагагічная дзейнасць. Яшчэ будучы студэнтам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута, Эдуард Мацюшонак даў сабе слова: калі звяжа жыццё з педагагічнай дзейнасцю, абавязкова будзе весці студыю. Так яно і здарылася – трыццаць год Эдуард Уладзіміравіч вядзе дзіцячую студыю выяўленчага мастацтва ў нашым горадзе. 2018 год для мастака юбілейны і, як заўжды, Эдуард Уладзіміравіч свой чарговы юбілей сустракае на персанальнай выставе.

Працы Эдуарда Мацюшонка – гэта сапраўдны скарб нашага нацыянальнага мастацтва, гэта сапраўдная энцыклапедыя гісторыі і прыгажосці нашай краіны, нашай Вілейшчыны. Светапогляд мастака, яго мастацкая філасофія дапамагаюць адчуць і зразумець сваё месца ў гэтым свеце.

– Сённяшняя выстава называецца «Дома», – пачаў сваю прамову Эдуард Мацюшонак на адкрыцці выставы 10 сакавіка ў выставачнай зале краязнаўчага музея, адразу пасля выступлення народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія», што зрабілі цудоўны пралог да выставы сваёй літаратурна-музычнай кампазіцыяй. – І я хачу, каб кожны з вас, гледзячы на гэтыя карціны і слухаючы тыя аповеды, што будуць весціся каля кожнай з іх, змог зразумець, што не мы першыя прыйшлі ў гэты свет. Перад намі былі нашы бацькі і дзяды, нашыя продкі, якія далі вялікі задзел усяму таму, што мы маем зараз і што часам страчваем, не звяртаючы на гэта ўвагі.

Эдуард Уладзіміравіч асабліва падкрэсліў тую адметную ролю родных у жыцці кожнага чалавека. Для самога мастака такімі людзьмі былі і застаюцца, хоць ужо ў іншым свеце, яго бацькі і дзядуля. Сам Эдуард Мацюшонак не раз прызнаваўся, што яго як мастака магло б і не быць, каб у свой час ён не зрабіў у сваім жыцці паварот на 180 градусаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы ён паступіў у станкаінструментальны тэхнікум, на той час адзін з самых моцных у СССР. Іх навучалі, і прычым грунтоўна, працаваць на станках з праграмным кіраваннем. І вось, калі Эдуард Мацюшонак апынуўся на заводзе імя Арджанікідзэ ў Віцебску на працяглы тэрмін практыкі, ён зразумеў – «гэта не маё». І адразу крута змяніў свой лёс. Магчыма, менавіта таму сваім вучням Эдуард Уладзіміравіч ніколі не навязвае нейкую кропку гледжання, бо кожны – індывідуальнасць, і з гэтым трэба лічыцца. Не магло быць мастака Эдуарда Мацюшонка і каб яго дзядуля Вінцэнт, удзельнік Першай сусветнай, які пасля вайны вярнуўся дадому маладым юнаком без абедзвюх ног, не зрабіў патрэбны выбар. Нездарма і дыпломная праца мастака «Хлеб» была прысвечана яму, дзеду Вінцэнту. Прыйшоўшы з вайны, дзед мастака апынуўся перад выбарам – ці трэба такому чалавеку жыць. Але ўсё ж ён стварыў сям’ю, хаця і пасля гэтага выбар не пакідаў яго. У маладой сям’і нараджаліся і адзін за адным паміралі дзеці. У той час Вінцэнт не мог змірыцца з гэтым і штодня вырашаў – што ж далей. І ўсё ж зрабіць правільны выбар яму дапамаглі аднавяскоўцы і святар – Вінцэнт прыняў свой крыж і вырашыў жыць. І з тога маманту ўсё наладзілася. Дзед мастака стаў выдатным бацькам, гаспадаром і прафесійным чырвонадрэўшчыкам мясцовага графа Берастоўскага.

– Калі б у свой час мой дзядуля зрабіў іншы выбар – ні майго бацькі, ні мяне, ні маіх дзяцей не было б. Але мы ёсць, і вялікі дзякуй продкам за іх жыццё, за іх навуку і тое, што яны далі нам, – неяк прызнаўся Эдуард Мацюшонак.

Персанальную выставу мастака адкрывала яго знакавая карціна «Каўчэг».

– Гэта той каўчэг, у які я заўжды вяртаюся ў думках, бо гэта мая радзіма, – адзначыў Эдуард Мацюшонак, звяртаючы ўвагу ўсіх прысутных на карціну. – Тут намалявана хата, дзе жыла мая матуля, дзе я ўпершыню пазнаў жыццё, свет – і гэта тое, што дае мне духоўную моц. І я ўпэўнены, што такі каўчэг ёсць у кожнага з вас. Тут на самаробнай канапе сядзяць дзве жанчыны, твары якіх я наўмысна не пісаў, бо кожны павінен прадставіць сваіх родных, нават абразы ў куце не вымаляваны, бо для кожнага гэта будзе свой чырвоны кут з той хаты дзяцінства, дзе пад ручнікамі віселі і Мікола, і Хрыстос, і Маці Божая. Цэнтральнае месца тут займае маляваны дыван Язэпа Драздовіча, які не раз бываў у гэтай хаце, і постаць якога я лічу адным з найвыбітнейшых творцаў нашай Бацькаўшчыны. Дарэчы, гэта карціна выканана на кужэльным палатне, якое выткала сваімі рукамі мая матуля, а рама зроблена з дошак ад той старой бацькоўскай хаты, з дошак старога стала, на якім рэзалі хлеб мае продкі. Усё гэта асаблівая энергетыка. Побач з цэнтральным палатном невялікія карціны з намаляванымі прадметамі-вобразамі сялянскага жыцця: ключом ад вясковага куфра, старым гадзіннікам, вялікім металічным прасам на вуголлях, грамнічнай свечкай, што суправаджала сялян ад нараджэння да апошняга ўздыху і старым люстэркам з усё той жа старой вясковай хаты, з якога як быццам глядзяць постаці нашага дзяцінства, нашыя родныя.

Галоўная тэма творчасці Эдуарда Мацюшонка – гэта прыгажосць нашай роднай зямлі, вяртанне нашай нацыянальнай памяці, нашай гісторыі. І, канешне, не выпадкова, што цэнтральнае месца на юбілейнай персанальнай выставе мастака занялі творы-рэканструкцыі, якія былі ўпершыню прадстаўлены для шырокага кола гледачоў. Кожны такі твор быў на пачатку выставы закрыты лёгкай тканінай, якая сімвалізавала быццам бы тую завесу часу, што хавае ад нас старонкі нашага мінулага. Сімвалічна,было і тое, калі ў час гаворкі пра кожны твор, у нейкі момант скідвалася тканіна-завеса, адчыняючы наведвальнікам той унікальны пласт нашай гісторыі. Такія карціны прысвечаны шляхецкім родам Вілейшчыны – Козел-Паклеўскім з Сэрвачы, Бахдановічам з Абадоўцаў, Любанскім з маёнтка Любань і ўсім тым, хто лічыў сябе сапраўднымі беларусамі, бо змагаўся за незалежнасць краіны ва ўсе часы. Пасля іх засталіся як свечкі-успаміны толькі рэшткі гаспадарчых пабудоў былых велічных маёнткаў, што былі ў мінулым асяродкамі культуры, калыскай інтэлігенцыі, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі нашых, але і суседніх народаў. Сюды ж далучаюцца роды Храптовічаў, Плятэраў, што стваралі гонар і славу нашай краіны ў мінулым. Аб прадстаўніках кожных з гэтых родаў распавядалі асобна. Кожная такая карціна складаецца з некалькіх абразкоў, дзе галоўным з’яўляецца выява ці велічнага палаца, ці былога клештара або касцёла, а таксама тых адметнасцей, што былі вакол іх. Сімвалічна і тое, што пра адну з карцін, якая мае назву «З гісторыі святыні» і прысвечана касцёлу ў Задарожжы Глыбоцкага раёна, дзе быў ахрышчаны Эдуард Мацюшонак і некалі прыслужваў яго бацька, распавёў сын мастака Уладзімір.

Няўмольны час змяняе ўсё, і асаблівая роля ў гэтым належыць самому чалавеку. Але наша задача памятаць і ганарыцца сваёй краінай, сваёй гісторыяй і тымі людзьмі, якія яе стваралі. Так можна ахарактызаваць той пасыл, які дае мастак сваімі апошнімі карцінамі-рэканструкцыямі. Кожная з іх – гэта нашае мінулае, сучаснае і будучае. Не ведаючы мінулага сваіх продкаў, не будзем ведаць і цяперашняга. Цікава, што падчас аповедаў каля карцін многія адкрывалі для сябе шмат новага, хаця гэта тое, што вакол нас. А часам, хтосьці дабаўляў факты, якія мала былі вядомыя раней. Так, Сяргей Жук, дырэктар «Буддэталяў», падчас аповеда пра род Любанскіх і карціну, што ім прысвечана, дадаў цікавы факт, што завод, які заснаваў Любанскі і які ўзначальвае ён зараз, ствараючы новую гандлёвую марку «ViLARIO», зашыфраваў у ёй і назву нашай ракі Віліі, і прозвішча свайго заснавальніка Аляксандра Любанскага. Таксама ў прыватнай размове Сяргей Міхайлавіч распавёў яшчэ пра адну з карцін на выставе, што прысвечана роду Храптовічаў з Шчорсаў.

– У былых частках палаца Храптовічаў у савецкі час была арганізавана сярэдняя школа, дзе я і вучыўся, – распавёў Сяргей Жук. – Таму ўсё, што намаляваў Эдуард Мацюшонак на гэтай карціне, вельмі блізкае і роднае мне.


Адметным момантам выставы стала прэзентацыя інсталяцыі са шляхецкімі гербамі, што характэрны для нашай мясцовасці. Мастак разам са сваёй пляменніцай адчынілі яшчэ адну завесу гісторыі – яны, як прадстаўнікі розных пакаленняў, далі магчымасць выратаваць з паветра-небыцця вялікія скруткі з гербамі нашай шляхты, што адстойвалі нашу незалежнасць і стваралі на нашых землях асяродкі культуры. Гербы нанесены на люстэркавую глянцавую фольгу, паміж імі ёсць прастора, дзе кожны з падыходзячых мог убачыць няяўнае адлюстраванне сябе.

– Гэту прастору толькі мы з вамі і можам запаўняць, бо яна з’яўляецца нашым мінулым і сучасным, – зазначыў Эдуард Мацюшонак.
І нездарма сам мастак, стоячы на фоне інсталяцыі са шляхецкімі гербамі, сказаў: «За маімі плячыма гісторыя…».

Шмат добрых слоў і пажаданняў гучала ў час выставы ў адрас мастака. Зала, што была запоўнена ў той вечар поўнасцю, змяшчала і прыхільнікаў творчасці Эдуарда Уладзіміравіча, і яго шматлікіх вучняў, родных і сяброў, і гасцей з радзімы мастака з Глыбоччыны, і прадстаўнікоў раённай адміністрацыі. Кожны з тых, хто віншаваў мастака на выставе, адзначаў, што Эдуард Мацюшонак сапраўдны асветнік нашага часу, чалавек, які ўзбагачае кожнага, хто з ім хаця б адзін раз паразмаўляў. Усім нам, як сваім вучням, ён нясе столькі святла, які мае ў сябе ў душы, столькі жыццёвага вопыту і філасофіі жыцця, што ацаніць многае мы зможам не адразу і, нават, не праз год ці два. А самае галоўнае, што кожны з наведвальнікаў выставы ў той вечар змог адчуць сябе дома, ацаніць і даведацца больш пра сваю гісторыю, пра сваё месца ў гэтым свеце.

Творчых поспехаў, удзячных вучняў і наведвальнікаў, невычэрпнага жыццёвага аптымізму і яшчэ доўгія гады несці ў гэты свет святло сваёй душы Вам, Эдуард Уладзіміравіч!

А на наступны юбілей мастака мы, віляйчане, павінны зрабіць усё, каб у нашым горадзе адкрылася галерэя Эдуарда Мацюшонка, бо яго творы – сапраўдны скарб, які трэба выкарыстоўваць для выхавання і асветы дзяцей і дарослых.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 25 queries