Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сёлета ў нашым раёне бульбу вырошчвалі ў трох гаспадарках

Верасень. Ажывіліся бульбяныя палеткі – пайшоў «другі хлеб». Галоўны клопат цяпер – запасціся на зіму самым неабходным для беларуса прадуктам харчавання. Вось і шчыруюць людзі і на прысядзібных участках, і на палях сельскагаспадарчых арганізацый. «Бульбу выбраў?» – гэтае пытанне нярэдка чуеш у размовах людзей. «Добрая? Ну, тады ўсё ў парадку» – падводзіцца вынік дыялогу.

DSCN0544

Сёлета ў нашым раёне бульбу вырошчвалі ў трох гаспадарках – ААТ «Новая Любанія», «Новая Вілія» і ў дзяржсортстанцыі. На днях мы выехалі ў «Новую Любанію», каб паглядзець, як ідзе ўборка «другога хлеба».

DSCN0545

Машыны і мноства людзей на полі ўбачылі ля мехмайстэрні «Новай Любаніі». Так і ёсць, тут і размяшчаецца адзін з бульбяных палеткаў гаспадаркі. Відаць па ўсім, гародніна ўрадзіла – пасля капалкі рады проста ўсланы ружовымі прадаўгаватымі клубнямі. «Рэд Скарлет», – назваў гатунак аграном гаспадаркі Іван Дземянкоў, якога сустрэлі на полі.

DSCN0547

– Сёлета ў нас 76 гектараў, занятых бульбай, – расказаў Іван Аляксандравіч. – Больш за дваццаці гектараў убрана. «Рэд Скарлет», «Рагнеда», «Брыз» і іншыя гатункі вырошчваем. Адзначаецца і добрая ўраджайнасць “другога хлеба”. Працуюць у нас вілейскія памочнікі – ад службы занятасці. Штодня па 70-80 чалавек прыязджае.

DSCN0551

На полі разам з памагатымі і брыгадзір Алег Адамовіч. Каб толькі надвор’е спрыяла, адзначыў ён, дык хутчэй бы справы ішлі. Пра вілейскіх памагатых сказаў добрыя словы, маўляў, стараюцца. І яны, жанчыны і мужчыны ад «біржы», таксама задаволены, бо ведаюць: старанна папрацуеш цяпер, дык зімой не будзе праблем. Як адзначылі гаваркія жанчыны, калі не ленавацца, то і сабе, і дзецям бульбы нарыхтуеш.

DSCN0552

– Смачная бульбачка, разварыстая, – пахваліла гатунак адна з працаўніц віляйчанка Ніна Пяркоўская. Жанчына са сваімі напарніцамі ўжо не навічкі ў важнай сельскагаспадарчай справе. Ды і родам усе з вёскі, таму знаёмыя і дарагія сэрцу ім гэтыя клопаты.

Парывісты вераснёўскі вецер, які асабліва адчувальны тут, на полі, данёс непаўторны водар верасня. Так-так, так і ёсць, і вясковаму чалавеку добра знаёма, як пахне асенняй раллёй і бульбай.

Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 134 queries