Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Сто лят» бабулі Варвары

У Касцяневіцкай бальніцы сястрынскага дагляду ў гэты дзень было ажыўлена – чакалі гасцей і з устаноў свайго сельсавета, і з Вілейкі. А справа ў тым, што адна з жыхарак бальніцы – Варвара Пракопаўна Мароз – адзначала сваё стагоддзе.

Бабулька ў бальніцы каля трох гадоў. А дагэтуль адзінока жыла ў сваёй роднай вёсачцы Стражы Куранецкага сельсавета. Так склалася, што не мела яна ніколі ні мужа, ні дзяцей. Чаму?
– Наша сям’я была вельмі беднай, таму за працай я свету не бачыла, – так адказвае на гэта пытанне бабуля Варвара. – Ды і каму патрэбна жонка з такой беднаты?
Так у нялёгкай працы і праходзіла жыццё. Непрыкметна падкралася старасць, зусім адзінокая і нярадасная.
IMG_7639– Доўга прыйшлося ўгаворваць Варвару Пракопаўну пераехаць сюды жыць, – расказвае старшыня Куранецкага сельсавета Віктар Уліцкі, які таксама прыехаў павіншаваць юбілярку. – Ніяк не хацела. А цяпер, відаць, не шкадуе, што згадзілася – і ў цяпле, і ў чысціні, і накормленая.
Варвара Пракопаўна ўжо некалькі гадоў практычна не бачыць, аднак голас старшыні пазнала, ажывілася:
– Ці не Васільевіч тут?
Пачуўшы сцвярджальны адказ, аж сумелася, маўляў, такія паважаныя людзі прыехалі яе павіншаваць.
І сапраўды, з цёплымі пажаданнямі ўсяго найлепшага Варвару Пракопаўну павіншаваў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Ляцяга, начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсіянераў гэтага ўпраўлення Алена Чаўлытка. Яны ўручылі юбілярцы віншаванне за подпісам старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўгена Сінілы, цёплае адзенне, з любоўю звязанае для бабулі ў Вілейскім КБА, кветкі. Ерхаўскія культработнікі Марына Юркевіч і Жанна Андрыеўская падарылі бабулі прыгожую хустачку і некалькі музычных нумароў, а загадчыца Касцяневіцкага дома культуры Ірына Шупенька – карціну, якая, безумоўна, добра будзе глядзецца ў пакойчыку Варвары Пракопаўны.
Трэба было бачыць, як радавалася бабуля гасцям, як зачаравана слухала і «Ехаў Ясь на кані…», і «Сто лят», і пра родную вёсачку… А напрыканцы не ўтрымалася і заспявала сама… Лёгка і вольна лілася песня, беручы за жывое ўсіх прысутных і, напэўна, вяртаючы ў гады далёкай маладосці Варвару Пракопаўну.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: юбілярку віншуе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віктар Ляцяга.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries