Фотаздымак, які быў прапанаваны на конкурс у №85 нашай газеты, раўнадушным, мне здаецца, пакінуць не можа нікога. Адны, праўда, паглядзелі і падзівіліся, а другія ж — узяліся за ручкі і пачалі выказваць свае пачуцці на паперы… Здымак той, нагадаю, і сапраўды цікавы, на ім — конік, які цягне на калёсах… аўтамабіль.
На рознае натхніла гэтая карціна нашых вастрасловаў…
Першай даслала свае подпісы Любоў Чыгрынава з Забалацця. Як і звычайна, атрымалася ў яе проста выдатна. Мяркуйце самі:
Не міне нідзе ніякай
Заваляшчай жалязякі,
І любы металалом
Цягне ў двор, а то і ў дом.
І яшчэ такі:
То ж надумаўся Тарас
Зрабіць з ЗАЗа тарантас.
У суседа-небаракі
Ўзяў калёсы і каняку.
А запрагаць ані не ўмелі,
І колы неяк паскрывелі,
Аглабля і то адна…
Забірае злосць каня.
Як тарахцелку яшчэ ўспёр,
Тут-то конік і папёр…
Усё грымела і няслося,
Неба ў аўчынку ім здалося.
А на завяршэнне:
Калі конік панясе,
Разумнееш пакрысе.
Такія вось радкі напісаны Любоўю Міхайлаўнай. А яна чалавек спрактыкаваны, ведае толк у любой справе.
Уразіў конкурсны фотаздымак і Кацярыну Анатольеўну Мількота, таму подпіс яна даслала без прамаруджвання:
Двум поколеньям служил «Запорожец».
Сколько изъезжено было дорог!
Лес и рыбалка, шашлык и палатка,
В бизнесе тоже семье он помог.
Но с годами износился,
Постарел, ненужным стал…
И везут теперь «беднягу»
На телеге на металл.
А на фото — неувязка:
Чем-то недоволен конь.
Может, тяжкую поклажу
Не желает везти он?
Ну а если приглядеться,
Сразу можно всё понять:
Кто-то, видно, неумело
Стал лошадку запрягать.
Ну, и правда, смехота:
Ни дуги, ни хомута,
Нет гужей, и нет оглобли —
Все постромки порвать можно.
И в итоге — надо знать,
Как повозкой управлять!
Залатыя словы, Кацярына Анатольеўна, для пачатку трэба хаця б навучыцца правільна запрагаць каня…
Што лепш — машына ці конь? Над гэтым пытаннем разважала яшчэ адна ўдзельніца нашага конкурсу Марыя Лазовік. Вось яе твор:
Вось такая ў аўто доля:
Ні дзвярэй у яго, ні колаў.
Спраўна ўсіх яно вазіла,
Ды свой век ужо адслужыла.
Рашылі коніка запрэгчы
І на лом аўто адвезці.
Пагрузілі на павозку
Ды паехалі за вёску.
Каня змянілі за машыну,
Бо не трэба тут бензіну,
Ды яшчэ рамонт, запчасткі,
Што здараецца так часта.
Але патрэбен догляд і каню:
Піць і есці даць яму,
І пачысціць, падкаваць,
Трэба ўмець і запрагаць,
І папасвіць, навязаць,
І ў начлег яго зганяць,
Часам нават недаспаць…
Выбірайце паміж імі,
Лепш каня альбо машыну?
Тут адназначна і не адказаць, трэба добра падумаць. А наступны верш — ад Ларысы Сяліцкай. У яе — крыху іншы ракурс:
Доўга сумаваў Мікіта:
Аўтамабіль — нібы карыта.
Вырашыў прадаць яго,
Мо па частках ці «ўсяго».
Загрузіў яго на воз
І на рынак так павёз.
Пры такой цяжкай вазе
Конік ледзь яго вязе…
Іншага транспарту не знайсці,
Усе ж лепей ехаць, чым ісці.
З гэтым не паспрачаешся, паважаная Ларыса Леанідаўна.
А завяршаем агляд подпісаў-пераможцаў калектыўнай работай членаў клуба «Юны журналіст» з трэцяй гарадской школы. Хораша напісалі юныя калегі, лаканічна.
Чытаем:
Калі я бегаў жарабяткам,
Казаў мне бацька: «Вось, сынок,
Машыны едуць нам па пятках,
Не пакідаюць нам дарог».
Я не адчайваўся і рос —
І вось вязе машыну воз.
Такі вось прагрэс атрымаўся. Дзякую, паважаныя сябры, за выдатныя подпісы, прыемна іх чытаць. Наступнае ж фота для вас — навагодняе. Падпісвайце, калі ласка, а творы свае прысылайце ў рэдакцыю да 14 студзеня ўжо новага 2011 года. Поспехаў!
Ірына БУДЗЬКО
«То ж надумаўся Тарас зрабіць з ЗАЗа тарантас…»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов