Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У школе №3 на аздараўленні ў лагеры знаходзіцца больш за 100 дзяцей

«Вясёлка» – менавіта такую назву далі педагогі летняму лагеру, які зараз дзейнічае на базе сярэдняй школы №3. Штогод на аздараўленні ў школьным лагеры знаходзіцца не менш за 90 дзяцей, а сёлета да навучэнцаў трэцяй школы далучыліся і 22 вучні з гімназіі №1 «Логас» – разам з імі сёння тут налічваецца 120 наведвальнікаў ва ўзросце ад шасці да чатырнаццаці год. Трэба сказаць, што ў аплаце знаходжання ў лагеры бацькам некаторых школьнікаў дапамогу аказала раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Дзіцячы фонд». І гэта важна, бо тут для дзіцячага адпачынку створаны ўсе ўмовы – ад паўнавартаснага харчавання да цікава арганізаванага вольнага часу.

DSCN1229

Адаптацыя «навічкоў» з іншай установы адукацыі, расказаў дырэктар школы Мікалай Гіро, прайшла літаральна за дзень – яны актыўна ўліліся ў жыццё лагера, у якім кожны дзень насычаны цікавымі мерапрыемствамі, падзеямі, экскурсіямі, спаборніцтвамі і ўражаннямі. «Класна!» – так непасрэдна і трапна яны адказваюць на пытанне, ці падабаецца ім у лагеры. І сапраўды, сумаваць няма калі. «Лета – час адкрыццяў» – так называецца рэспубліканская акцыя, якая стала лейтматывам змены, якая пачалася 1 чэрвеня – у Дзень абароны дзяцей, а скончыцца 23 чэрвеня. Як расказала Наталля Анасовіч, педагог-арганізатар, кожны дзень абавязкова пачынаецца з фізкультзарадкі і лінейкі, а прысвячаецца своеасаблівай тэме. «Вясёлка» – так называецца лагер, а сама яе каляровая выява знаходзіцца на першым паверсе ў вестыбюлі.

20170615_145153

Па задумцы, напачатку змены вясёлку закрывалі хмаркі. У кожны дзень лагера адна з іх здымалася – і ў канцы змены вясёлка павінна зазіхацець ва ўсёй сваёй рознакаляровай прыгажосці. У канцы кожнага дня дзеці за добрыя справы атрымоўваюць выяву маленькай вясёлкі – такая своеасаблівая «валюта» дзейнічае ва ўстанове адукацыі. Яна будзе падлічана ў выніковы, апошні, дзень лагера, калі самыя актыўныя атрымаюць дыпломы і прызы. А зараз дзеці ўдзельнічаюць у конкурсах, наведваюць розныя ўстановы – цэнтр дадатковай адукцыі, выратавальную станцыю, раённы адзел па надзвычайных сітуацыях, цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы «Сатурн», кінатэатр ды інш.

DSC_1805

Тэматычныя гутаркі і заняткі з элементамі трэнінгу праводзіць педагог-псіхолаг Марына Жэмайтук, заняткі ў групе «Лінгвісцёнак» – настаўніца замежнай мовы Наталля Жвалеўская, спартыўныя спаборніцтвы і конкурсы – настаўнік фізічнай культуры Андрэй Пільчук. Цікавае і пазнавальнае мерапрыемства «І сёння з намі… Народныя песняры Беларусі», прысвечанае Янку Купалу і Якубу Коласу, правяла бібліятэкар Валянціна Літвіновіч. Запомнілася дзецям і адкрыццё лагера. На мерапрыемстве кожны змог паказаць сябе, прадэманстраваць свае таленты і захапленні. Найбольш актыўныя атрымалі падарункі ад Раісы Буслаўскай, дырэктара лагера. А яшчэ былі экскурсіі ў краязнаўчы музей і розныя маляўнічыя куточкі нашага горада…

DSCN0559

Паралельна з «Вясёлкай» у сярэдняй школе №3 дзейнічае лагер працы і адпачынку «Працавічок». Як адзначылі ў школе, сёлета жадаючых быць у яго складзе было больш, чым патрабавалася. Дзесяць дзяўчат і хлопцаў, навучэнцаў восьмага і дзясятага класаў, на васемнадцаць дзён працаўладкаваны ў Куранецкі гадавальнік. Чатыры гадзіны ў першай палове дня яны працуюць на праполцы ў гадавальніку, куды іх адвозіць аўтобус, прадастаўлены раённым аддзелам адукацыі,спорту і турызму, а пасля абеду знаходзяцца ў школьным лагеры, дзе харчуюцца і ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Суправаджаюць школьнікаў педагогі – Уладзімір Пестрацоў і Павел Дзятко, дапамагаюць ім. Супрацоўніцтва з вілейскім лясгасам для падлеткаў не дарэмнае – іх праца аплочваецца, і ў канцы тэрміну стараннасць кожнага атрымае адзнаку ў грашовым эквіваленце. Падчас лагера рэалізуецца і праграма «КРУТО» (па-руску яна расшыфроўваецца як «коллектив ребят, умеющих трудиться и отдыхать»), згодна з ёй праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне здаровага ладу жыцця, грамадска-патрыятычнае выхаванне, прадухіленне заганных звычак, экалагічнае выхаванне і г.д.

DSCN0568

Менавіта такім, насычаным і пазітыўным, стаў пачатак лета – як сапраўдная шматколерная вясёлка.

Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота прадастаўлена Наталляй АНАСОВІЧ

DSCN0722

DSCN0819

DSCN0845

DSCN1082

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 50 queries