Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Цёця Музыка

«Дзень добры, цёця Музыка!» – такое прывітанне часта здараецца чуць Людміле Каркотка. Так пры сустрэчы вітаюць Людмілу Барысаўну выхаванцы дзіцячага садка №7. Ужо трэці год яна працуе там музычным кіраўніком. Не заўсёды дзіцячая памяць здольная ўтрымаць мноства імёнаў дарослых (ды яшчэ ў спалучэнні з імёнамі па бацьку), якія большую частку дня знаходзяцца побач. Ды Людміла Барысаўна не крыўдзіцца на такую «інтэрпрэтацыю» свайго імя, бо лічыць, што ў дзяцей на паверхні толькі самае шчырае і самае свежае ўражанне аб чалавеку і ўсім, што з ім звязана. «Цёця Музыка» гучыць з адценнем нейкай таямніцы, вядомай толькі ёй ды таму, хто так яе называе: першыя крокі ў свет прыгожага яны робяць разам.

S8306326Пасля заканчэння Гродзенскага музыкальна-педагагічнага тэхнікума Людміла, сама ўраджэнка Вілейкі, была размеркавана ў Нарачанскую школу. Пасля знаёмства з будучым мужам – Валодзем – яны асталяваліся ў Нарачы аж на васямнаццаць год. Калі дачушцы было два з паловай гады, яны пераехалі ў Вілейку, пачаўшы нанова будаваць тут сваё жыццё-быццё. Муж пайшоў працаваць у ДРБУ-162, а жонка ўладкавалася ў дзявяты садок у якасці музычнага кіраўніка, а праз некаторы час перайшла ў сёмы. Дружны калектыў прыняў яе як сваю, ды і як па-іншаму падрыхтаваць любое мерапрыемства, як не ў трыадзінстве: выхавацелі – музычны кіраўнік – дзеці?
Працуючы з дзецьмі, як адзначыла падчас адной нашай размовы Людміла Барысаўна, нельга быць няшчырым, бо маленькія «барометры» адчуваюць гэта на ўзроўні падсвядомасці. Ад гэтага залежыць іх настрой і жаданне (або нежаданне) старанна займацца, вучыць новыя тэксты і песні. «Так бывае, – расказвала Людміла Барысаўна, – што дзеткі прыбягаюць і расказваюць пра ўсе свае справы, пра падзеі ў сям`і, дзеляцца важнымі дзіцячымі праблемамі, а часам задаюць такія пытанні, на якія складана адказаць нават даросламу… Так атрымоўваецца, таму што ў садку яны знаходзяцца большую частку свайго часу, і калі глядзіш у гэтыя вочкі, што бачаць зараз ў табе самага галоўнага чалавека і субяседніка, – не хочацца для сябе ніякай іншай работы, хоць і бываюць у ёй некаторыя цяжкасці».
У сям`і Каркоткаў падрастаюць двое дзетак: старэйшы сын Раман – сур`ёзны і ўдумлівы вучань дзясятага класа, першы памочнік у любой працы, і другакласніца Бажэна – надзвычай рухавая і непаседлівая дзяўчынка, якую цікавіць усё на свеце, пра такіх, як яна, кажуць – «верталёт». Нягледзячы на розныя характары, дзеткі радуюць бацькоў сваімі поспехамі.
Несумненна, што першае знаёмства з музыкай пачынаецца ў самым раннім дзяцінстве – з матуліных калыханак. Аддаючы ў сад сыночка або дачушку, кожная матуля жадае, каб яе дзіцятка атрымлівала там рознабаковае развіццё. А гэта залежыць менавіта ад тых людзей, хто зараз яму замест таты і мамы. Ад іх сумленнасці і зацікаўленасці ў працы, неабыякавасці і цярпення (бо кожны выхаванец – ужо асоба са сваім непаўторным характарам) залежыць духоўны стан нашых дзетак, іх настрой, з якім яны ідуць у новы для сябе свет. Было б нядрэнна, каб кожнаму з іх сустрэлася свая «цёця Музыка», з якой было б такое ж узаемапаразуменне, як і ў Людмілы Барысаўны з яе выхаванцамі. Давялося падгледзець, як пасля аднаго з мерапрыемстваў у сёмым садку да яе падбег хлопчык і спытаў: «Людміла Барысаўна, а ці добра я сёння праспяваў?» І ў адказ пачуў: «Ты ў мяне проста малайчынка!» Як лічыце, такая неабыякавасць з абодвух бакоў да адной справы пра нешта гаворыць?
Калі чалавек неабыякавы да жыцця, да працы – яны адказваюць узаемнасцю. Так склалася і ў Людмілы Барысаўны.
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота Валянціны ПРАТАШЧЫК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries